Памяці Чэслава Немана (15.02.2011)
Описание материала:
Легендарнаму музыку і мастаку Чэславу Немэну заўтра споўнілася б 72. Ягонай памяці ў сталічным Палацы мастацтваў і быў прысвечаны адмысловы вечар. Большую частку свайго жыцця Немэн жыў у Польшчы, аднак беларус паводле паходжання, заўсёды сябе атаясамліваў з нашаю краінаю. Адсюль і псеўданім, як назва ракі, -- Нёман.
Час плыве, як рака, -- у песні Чэслава Немэна. Але непадуладная часу ягоная творчасць.
ЯЎГЕН ШУНЕЙКА, МАСТАЦТВАЗНАВЕЦ, МАСТАК:
"Апостал незалежнасці, апостал творчае свабоды. У розныя часы ён быў заўсёды па-за фарматам".
Аднак не па-за геніяльнасцю. Менавіта Немэн запачаткаваў вобразную музыку. Першае прызнанне ў 1964 г. з песняю "Ці ты мяне яшчэ памятаеш?". А потым у 1967 г. -- першая прэмія на Сопацкім фэсце за песню "Дзіўны гэты свет". Туры, фэсты, альбомы -- гэта была сапраўдная слава. Але Немэн жадаў не прызнання мільёнаў, а толькі аднаго сэрца. На ягонай творчасці выраслі цэлыя пакаленні.
ЛЕАНІД НАРУШЭВІЧ, МУЗЫКА:
"Я Чэслава пачуў яшчэ на тых вось зялёненькіх і сіненькіх плытачках, якія ў "Кругазоры" прадаваліся, якія спекулянты прывозілі з Польшчы".
А дзякуючы, між іншага, такім фэстам, як у Палацы мастацтваў, і новае пакаленне пазнае творчасць Немэна.
ВІКТАР, УДЗЕЛЬНІК ІМПРЭЗЫ:
"Даведаўся пра правядзенне фестывалю праз інтэрнэт, запрасілі сябры. Прыйшоў. Вельмі цікава".
Апошнія 15 гадоў жыцця Немэн знік з поля зроку, займаўся камп'ютарнаю графікаю. Жыў у Варшаве, пра якую сніў у песнях. У 2004 г. Немэна не стала. Рак забіў мастака. Яго пахавалі на Паванзкоўскіх могілках у Варшаве, сярод самых слынных палякаў. А ў часе пахавання на ўсіх радыёстанцыях краіны гучала песня "Дзіўны гэты свет".
Сяргей Падсасонны, "Аб'ектыў"
Год: 2011
Язык: Русский