КАЛЫСКА НЁМАНА
(сцэнарый
фільма)
Зоя Калкоўская
З-пад лазовага кусціка ды з-пад
каменя выбівалася крынічанька і цудадзейным чынам разбягалася ў розныя бакі.
Дзіву даваліся людзі, як такое магло здарыцца?
Назіралі,
любаваліся неверагоднаю з’яваю, седзячы на тым камені ды слухаючы аповед-спеў
гаманкіх струменьчыкаў ды і прыдумалі тлумачэнне гэтай чароўнай праяве.
Адной ручаінцы далі яны жаночае імя – Лоша,
другі раўчук назвамі мужчынскім – Нёманец.
Цяклі сабе яны паасобку ды дужэлі з кожнаю цаляю,
п’ючы ўдосталь снягі талыя ды падарункі дожджыка шчодрага. І вось ужо не
раўчукі – рэкі шырокія рассякалі грудзі палёў ды лугоў, лясоў ды ўзгоркаў.
Радаваліся людзі, гледзячы на іх, сяліліся на ўзбярэжжах, бо не толькі рыбаю
забяспечвалі іх Нёманец і Лоша, але і сродкам зносін зрабіліся.
І паплылі з краю ў край плыты ды караблі
гандлёвыя. І яшчэ адна загадка не давала спакою людзям: а навошта зліваюцца
рэкі? Ну цяклі б сабе паасобку да мора ці акіяна, дык не – аб’ядноўваюцца,
знікаюць самі, каб нарадзіць жыццё новае з надзеяю, што яно будзе лепшае.
Вось і Лоша з Нёманцам не доўга
цешыліся воляю ды самастойнасцю. Засумавалі яны, кінуліся насустрач адзін аднаму
- і зліліся ў рэчку шырокую ды магутную.
І назву далі людзі ёй незвычайную: Нёман.
Слова гэта гаворыць само за сябе: дзвюх рэк не
стала, няма іх, зніклі, нарадзіўшы новае жыццё: няма – Неман – Нёман.
І, хто ведае,
магчыма, усё менавіта так і было. Назіраючы жыццё прыроды, людзі пераносілі яе
законы, праяўленні розных з’яў на свой
побыт і стварылі народную філасофію, якая ўвасобілася ў песнях, казках,
легендах і паданнях.
Нёман у розныя часы натхніў на творчасць
незлічоную колькасць паэтаў, мастакоў, кампазітараў, навукоўцаў-філосафаў…
У шматлікіх легендах Нёманец
(сімвал навуковага пазнання) і Лоша
(сімвал творчага асэнсавання рэчаіснасці) надзелены рысамі дзяўчыны
і хлопца, якія, як гэта часта бывае сярод людзей, нарадзіўшыся з адной крыніцы,
разбягаюцца ў розныя бакі, зразумеўшы, што яны зусім розныя і не жадаючы
прынараўлівацца адзін да аднаго.
Але з цягам часу пачынаюць сумаваць, шукаць шляхі
да згоды, бо толькі разам яны могуць даць пачатак новаму жыццю. Такі закон
прыроды і развіцця чалавечага грамадства.
А яшчэ народныя філосафы, праводзячы аналогіі
паміж прыродай і чалавекам, лічылі, што разгадаць таямніцу Жыцця можна толькі
аб’яднаўшы матэрыяльнае, душэўнае і духоўнае: навуковае
(эксперыментальнае) пазнанне, творчае асэнсаванне рэчаіснасці і
веру ў дапамогу вышэйшага розуму (Бога).
І гэта трыадзінства пазнання і шляху да
ўдасканалення зашыфравана ў тым, што амаль адразу ж пасля зліцця Лошы і Нёманца
да новай ракі далучаецца Уса - сімвал
веры.
Заўважце, не да Лошы ці да Нёманца,
а да Нёмана, іх сумеснай перамогі над раз’ядноўваючым эгаізмам і ганарлівасцю.
А што ж сімвалізуе загадкавая Уздзянка,
якая сілкуе сваімі водамі Усу непадалёк ад Нізка, Першамайска і Сямёнавіч?
Відавочна, што гэта – сімвал
мудрасці ўладароў, невычэрпная скарбніца волатаў розуму,
велікадушнасці, якія ўмеюць трымаць ва ўздзе сваю гардыню.
Нездарма ж
менавіта ў гэтых мясцінах жыла шчодрая
мецэнатка Магдалена Радзівіл. Ды і іншыя ўладальнікі маёнтка Кухцічы былі
асветнікамі і патрыётамі.
Ёсць яшчэ адна таямнічая рэчанька пад незвычайнаю
назваю Ператуць, якая таксама ўпадае ў Усу ля мястэчка Кухцічы.
Што ж сімвалізуе яна? А падказка ў самой назве:
прыстаўка пера- азначае пераадолець нешта (перайсці, пераплыць,
пераскочыць…)
А гэта значыць, што мы павінны перайсці тут, у
гэты час, у гэтым жыцці мяжу непаразумення, каб даць працяг новаму жыццю.
Іншага не дадзена.
Ітак, пятая
рака Ператуць – сімвал згоды, паразумення, адзінства...
І становіцца відавочна, што зусім не выпадкова ў
старажытнасці наш Нёман называлі людзі Хронасам, ракой часу. А землі наднямоння
– Літвою, што ў перакладзе з угра-фінскай азначае пяцірэчча.
Літ – пяць, ва – вада (рака). Літва,
Ліцвяны, Літавор…- гэтыя назвы да сённяшніх дзён захаваліся на
нашай Уздзенскай зямлі, як сведкі, як памяць мінулых гадоў.
Многія навукоўцы небеспадстаўна сцвярджаюць,
што пачынаецца Нёман адным са сваіх вытокаў – Неманцом – у 52 кіламетрах
на паўднёвы захад ад Мінска ля вёсачкі Верхнёман.
Нёман – гэта беларуская назва. Старажытная лацінская назва Нёмана – хронас
– паходзіла ад грэчаскага слова, якое абазначала Бога Часу Хронаса.
Цікава, што літаральна ўсе культуры свету, як
быццам змовіўшыся, праводзяць аналогіі
паміж часам і рэкамі. А сёння некаторыя вучоныя сцвярджаюць, што вада -
сапраўды носьбіт інфармацыі і здольная перадаваць яе людзям.
І нездарма Жыццё здавён імкнулася да рэк. Мясціны
ля іх лічыліся найбольш прыдатнымі для жыцця. У той час як горы і лясы
падзялялі народы, рэкі збліжалі і аб’ядноўвалі людзей, стваралі выдатныя шляхі
гандлёвых зносін.
Вядомы французскі географ і гісторык Жан Жак Элізэ
Рэклю вельмі ёмка сказаў, што "рэкі ў хвалях сваіх нясуць лёс і гісторыю
народаў”.
Беларусы не без падстаў ганарацца рэкамі Дняпром,
Заходняй Дзвіной, Прыпяццю, Сожам. Аддаючы належнае іх велічнасці і
непаўторнасці, мы памятаем, што іх вытокі за межамі Беларусі.
Нёман для нашага народа тое ж самае, што Волга для
рускага народа, Днепр для украінскага, Вісла для польскага.
Пра Нёман гавораць, як пра раку-увасабленне лёсу
беларускага народа, як раку-помнік, раку-сведку.
На карце не цяжка адшукаць месца вытоку ракі –
гэта Уздзеншчына.
Менавіта тут Нёман нараджаецца, набірае сваю моц і
нясе свае воды да Балтыйскага мора. Пісьменнік А. Якімовіч небеспадстаўна адзначае,
што менавіта ўздзенская зямля дае Нёману свае нескупыя дары, маладую
сілу. Без гэтай жыватворнай сілы не разліўся б ён так магутна і шырока
на зялёных прасторах Гродзеншчыны і Літвы.
Калыска
Нёмана… А дзе ж, калі не над калыскай, спяваюцца самыя прыгожыя, самыя
лагодныя, душэўныя, самыя цудоўныя шчырыя песні, у якіх увасабляецца лёс
народа.
Сярод уздзенцаў ходзіць
такая легенда: …Ідуць тры вандроўнікі, чуюць – песня гучыць чароўная, ідуць
дзень, ідуць ноч, а песня не змаўкае.
Хтосьці іграе, хтосьці спявае, а хто іграе і спявае – не відаць. –
Вецер у лясных барах гудзе, - сказаў адзін з іх. – А
можа, Нёман на перакатах булькоча? – засумняваўся другі. – Не, гэта калоссе ў полі звініць, - паправіў
трэці, самы малодшы.
Хто з іх меў рацыю? Напэўна, усе. Бо сапраўды, тут
спявае ўся зямля – гамоняць лугі, лясы, пералескі… Можа, і сапраўды таму так
свабодна і шырока струменіцца і другая - творчая рака. У звонкай, мілагучнай,
трапяткой яе плыні злілася - пераплялася амаль сотня галасоў.
Наш родны край, край прынямоння,
Зямля працоўнай ратнай славы!
Табою, Уздзеншчына, сёння
Мы ганарыцца маем права.
Зямля мая, край маляўнічы,
Не раз у песнях ты апета:
Народных талентаў крыніца,
Даеш натхненне для паэтаў.
Тут пачынаўся шлях свядомы
Для многіх знатных землякоў:
Для кампазітараў вядомых,
Вучоных, здольных мастакоў…
Жывуць у злагадзе тут людзі,
І радасць дзелячы, і гора:
Без згоды поспехаў не будзе,
Не выйдзем з крызісу мы скора.
Так хораша, а галоўнае, мудра сказаў пра наш край
самадзейны паэт Павел Махнач.
Паблізу Нёманца, на Усе, амаль
там, дзе яна зліваецца з Уздзянкаю,
раскінулася мястэчка Нізок, вёска пісьменнікаў, паэтаў, артыстаў,
мастакоў, адным словам, творчых людзей.
Многія называюць яе за гэта Беларускім Парнасам.
Ды не толькі гэту маленькую вёсачку, якая
згубілася сярод маляўнічых лясоў, можна так па праву называць, але і ўвесь
Уздзенскі раён.
Рэдка які рэгіён можа пахваліцца такой колькасцю
пісьменнікаў на душу насельніцтва. Такое ўражанне, што тут пішуць літаральна
ўсе: старыя, маладыя, дзеці...
Нават калі і не пішуць, то неардынарна мысляць і
гавораць у рыфму, па-народнаму трапна, афарыстычна. Прастор родных стракатых
лугоў, неабсяжная веліч хлебных ніў, гушчары таямніча-зваблівых грыбных лясоў,
шэпт спакуслівага ветру і пяшчотныя песні лагодных дажджоў..., ды хіба
пералічыш усё тое багацце, якое абуджае патаемныя струны душы, якія пачынаюць
трымцець сугучна гармоніі Сусвету - і
нараджаецца паэт-творца.
Не можа не нарадзіцца, бо "тут зямля такая”,
казачна-утульная, прыязная, спеўна-таямнічая.
Не верыце? А
таямніца Крапівы? Кандрат Кандратавіч Атраховіч.
Хто не ведае імя слыннага сына беларускай зямлі?!
Звыш 115 гадоў прайшло з той пары, як у цудоўным Уздзенскім мястэчку Нізок
прагучаў упершыню яго голас, які мацнеў і мужнеў з кожным днём, месяцам, годам,
дзесяцігоддзем, а ўжо і стагоддзем і не толькі не губляў сваю таямнічую сілу
ўздзеяння на чалавечыя душы, але
наадварот: і сёння людзі з
цікавасцю звяртаюцца да яго творчасці, знаходзяць усё новыя і новыя перлінкі
мудрасці і зіхоткія алмазы ісціны.
Ну і што ж таямнічага ў жыцці і творчасці
аднаго з найбольш вядомых беларускіх пісьменнікаў дваццатага стагоддзя? А хіба не загадка хоць бы той факт, што
Кандрат Кандратавіч нарадзіўся ў тым самым чароўным мястэчку, якое дало пуцёўку
ў жыццё шматлікім таленавітым людзям?
Пісьменнікі
Паўлюк Трус, Лідзія Арабей, народны артыст Анатоль Трус, мастак Уладзімір
Ткачоў. Сярод ураджэнцаў гэтай вёскі ёсць тройчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі
СССР, акадэмік, прафесар, доктар і 8 кандыдатаў навук.
Пагадзіцеся, тут не абышлося без нечага
надзвычайнага і таямнічага. А ўвогуле, нашы продкі здаўна верылі ў святыя
месцы, якія называлі прошчамі, дзе адбываліся розныя невытлумачальныя
з’явы.
Іх, напрыклад, абыходзілі эпідэміі і таму тут
спрадвеку стараліся сяліцца людзі з надзвычайнай інтуіцыяй, якая пад уздзеяннем
магутнай энергетыкі Прошч яшчэ больш развівалася ў нашчадкаў.
Звычайна, такія мясціны знаходзяцца там, дзе
зліваюцца рэкі, б’юць крыніцы.
Незвычайным на тэрыторыі Прошч з’яўляецца ўсё:
паветра, камяні, гліна, травы, вада. Адно знаходжанне тут вылечвае ад шматлікіх
хвароб, асабліва душэўных, спрыяе раскрыццю здольнасцей.
А хіба не
загадка той факт, што Крапіву, які так актыўна і смела выкрываў шматлікія хібы
не толькі чалавечай прыроды, але і сацыяльнага ладу таго складанага
супярэчлівага часу, у якім яму давялося
жыць, не закранулі жудасныя рэпрэсіі сталінскага рэжыму?
Алесь
Пальчэўскі, Віктар Казлоўскі, Сымон Баранавых, – усе яны ў рознай ступені
пацярпелі ад тагачасных уладаў, а Кандрат Крапіва не толькі не быў асуджаны,
але хутка рухаўся па кар’ернай лесвіцы, меў шмат узнагародаў, вялікую
папулярнасць. А, магчыма, якраз гэта шырокая вядомасць і ўсенародная любоў і
ратавалі яго ад расправы бюракратаў і дыктатараў розных масцей і рангаў? Ці
якія іншыя схаваныя ад нас фактары ўплывалі на недатыкальнасць яго асобы, яго
таленту? Мне падаецца, што таямніца Крапівы застаецца пакуль што неразгаданай і
даследчыкам ёсць над чым працаваць.
Неаспрэчным можна лічыць пакуль што толькі тое, што наша Уздзенская
зямля падарыла свету магутнага Волата Духу. Ён – Майстра. Больш таго, ён –
чараўнік, якому прырода адкрыла запаветнае слова, здольнае тварыць цуды: рабіць
волатам кволага, вяртаць упэўненасць зняверанаму, адкрываць вочы на праўду і
крыўду. Як усякі сатырык, ён суровы і строгі, што не перашкаджае яму быць
добрым і спагадлівым. Без паблажлівасці, вядома.
Я ў мастацкім агародзе
Толькі
мараная трава.
А якая? Смех, дый годзе:
Я – пякучка-крапіва.
Я расту вось тут пад плотам
І не так даўно ўзышла,
А ўжо многім абармотам
Рукі-ногі папякла.
Хто палез за агуркамі,
Хай той носіць пухіры-
Мяне голымі рукамі
Асцярожна, брат, бяры.
Хто сустрэўся быў са мною,
Дакрануўся раз ці два,
Дык той ведае ўжо, хто я:
Я – пякучка-крапіва.
Кандрат
Крапіва не толькі выдатны байкапісец, празаік і драматург, але і вядомы вучоны,
чыя нястомная дзейнасць на пасадзе віцэ-прэзідэнта АН БССР садзейнічала
далейшаму росквіту айчыннага мовазнаўства і літаратуры. Радзіма высока ацаніла
яго заслугі – Герой Сацыялістычнай Працы, народны пісьменнік Беларусі, дэпутат
Вярхоўнага Савета БССР, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, кавалер чатырох
ордэнаў Леніна, ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, Працоўнага
Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі...
І гэта далёка няпоўны пералік яго ўзнагародаў.
Ёсць у яго яшчэ адна самая галоўная ўзнагарода – народнае прызнанне, народная
любоў.
Дарагім дыяментам бліснула і творчасць
нізаўскога паэта Паўлюка (Паўла
Адамавіча) Труса. Тут, у краі "адвечных песень, казак”, упершыню прагучалі
яго вершы, непаўторныя, крыштальна чыстыя, як нёманскія хвалі.
Кароткае
жыццё было наканавана паэту — на яго літаратурную дзейнасць прыйшлося ўсяго сем
гадоў. Аднак ён паспеў пакінуць адметны след у беларускай літаратуры. Яго
паэтычная фігура на рэдкасць велічная і прыцягальная.
Некаторыя нізоўцы і цяпер памятаюць Паўлюка Труса,
гавораць пра яго з вялікай цеплынёй. Невысокага росту, каржакаваты, з густой
капой кучаравых валасоў, ён нагадваў коласаўскіх палешукоў, здатных на гумар,
вясёлых, упартых і непакорных перад жыццёвымі нягодамі.
Паэт вызначаўся імклівымі пачуццямі, пявучым голасам,
звонкім смехам. Умеў захапляцца, добра маляваў. Здзіўляўся сонечным зайчыкам,
зваў іх усмешкамі. Вятры ў яго плачуць у параненай дуброве, малатарня звініць
гулкім рогатам. Яго бор смуглабрывы, а цені купаюцца ў даліне, плаваюць на лузе
абветраным чоўнам. Усё ў творчасці паэта авеяна пачуццём радасці і любові да
роднага краю, свайго народа.
П.Трус увесь пафас творчасці накіраваў на
ўслаўненне свайго народа-будаўніка. Пры жыцці выйшлі два яго зборнікі: "Вершы”
(1925) і "Ветры буйныя” (1927). Найболей значны твор паэма "Дзесяты падмурак”.
Вершы паэта і цяпер здзіўляюць сваёй чысцінёй і першароднасцю. Кажуць, паэт
пісаў занадта проста. Але ж так размаўляў і спяваў яго любы народ, ад якога ён
ніколі сябе не аддзяляў. Песенная прастата — адметная рыса творчасці Паўлюка
Труса.
Край легенд, крыжоў,
магіл-курганоў, край
тугі —
бальзам жывых крыніц...
Край паэм,
адвечных песень-казак —
дарагая сэрцу
Беларусь...
Асабліва цёплыя, лепшыя вершы прысвечаны маці і
блізкім людзям. Узлёт паэта прыпаў на перыяд выпакутаванага адраджэння,
пераўтварэння беларускай зямлі. Яго творы пранізвае заклік да абнаўлення жыцця.
Светлыя фарбы, урачыста-прыўзнятыя інтанацыі, узнёслая настроенасць, імкненне ў
"сусвет вольна-новы” добра спалучаюцца з жаданнем паэта паскорыць рытм жыцця,
перамагчы старое, кепскае:
Чую песні
стыхіі-разводдзя,
Не стрымаць твае
вольнае плыні!
Упусціла старое
паводдзе,
Калі вір маладога
нахлынуў.
Вершы паэта апярэджвалі час. Не выпадкова ў іх
гучалі і другія грозныя прадчуванні-папярэджанні: І ў муках крывавых чыясьці
рука крывавыя піша законы.
Паўлюка
Труса любілі за яго адкрыты, імклівы, рамантычны склад. Такім ён застаўся
назаўсёды пасля заўчаснай смерці ад тыфусу .
У зацені
старых дрэў на Вайсковых могілках у Мінску стаіць сціплы помнік з барэльефам
юнака работы Заіра Азгура. Ніжэй кароткі надпіс: "Паўлюк Трус. 1904—1929”. Якое
кароткае жыццё, але як многа пакінута людзям!
Імя П.Труса носяць сёння Уздзенская раённая
бібліятэка ды былая Нізаўская базавая сярэдняя школа, у якой цяпер адкрыты
Літаратурны музей і бібліятэка.
Працяг
|