Понедельник, 25.09.2017, 01:49
Приветствую Вас Гость | RSS

Праект "Выток Нёмана - выток духоўнасці"

Каталог статей

Главная » Статьи » Праект "Выток Нёмана - выток духоўнасці"

Зоя Калкоўская. Калыска Нёмана (сцэнарый фільма), частка 2

КАЛЫСКА  НЁМАНА

(сцэнарый фільма)

 Пачатак

 

 

  З вёскі Нізок і Лідзія Львоўна Арабей, беларуская пісьменніца, кандыдат філалагічных навук. Цудоўная, гасцінная, спагадлівая, таварыская жанчына — яна заўсёды ў творчым пошуку. Піша апавяданні, аповесці, раманы. Пісьменніца належыць да пакалення, маладосць якога апаліла вайна.

 Гэтай тэме прысвечаны многія яе творы — раман "Іскры ў папялішчы”, "Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы” і зборнікі прозы "Мне трэба ехаць”, "Паласа дажджу”. Месца падзей — беларуска-польскае пагранічча, гэта значыць — край, які яна добра ведае.

Лідзія Львоўна амаль ці не першай прайшла нялёгкім шляхам генерала Дз.М.Карбышава ў Беларусі, сустракалася з яго сям’ёй у Маскве, з людзьмі, якія добра ведалі гэтага незвычайнага мужнага патрыёта. Вынікі яе пошукаў выкладзены ў нарысе "Дзень добры вам ...”.

Як навуковец Лідзія Арабей усебакова даследавала творчасць Цёткі (Алаізы Пашкевіч) і Хвядоса Шынклера, выдала пра іх літаратуразнаўчыя работы і дакументальныя аповесці.  У 2005 годзе выйшла  кніжка абразкоў-карацелек пад назвай "Пошукі ісціны”. А ў 2006 годзе пабачыла свет і яе кніга-даследаванне пра жыццё і творчасць Цёткі "На полымі любві”.

У 2008 годзе на прылаўках кнігарань з’явілася яе кніга апавяданняў, успамінаў, абразкоў "Белае поле”...

І сёння Лідзія Львоўна не перастае здзіўляць сваёй творчай і жыццёвай актыўнасцю, зайздросным аптымізмам і вераю ў шчаслівае будучае, у гмах якога ўлажыла не адну цаглінку ўласных набыткаў.

 

 

   Хто сёння не ведае выдатных расійскіх мастакоў братоў Сяргея і Аляксея Ткачовых? Без малога чатыры дзесяткі гадоў на самых розных творчых аглядах нязменным поспехам карыстаюцца іх работы. Аб гэтых карцінах спрачаюцца, вакол іх завязваюцца дыскусіі. Адхіленні ў думках і пазіцыях самыя шырокія. Не сустрэць толькі аднаго — абыякавасці.

   Пасля Вялікай Айчыннай вайны Ніна Трус, жонка старэйшага брата Ткачовых Віктара, спісалася з Нізком і ўдакладніла, што там, як і раней, жыве яе маці. Было вырашана на агульным сямейным сходзе перабірацца ў Беларусь. Старэйшыя Ткачовы пасяліліся ў вёсцы Нізок у маці Ніны — Кацярыны Іосіфаўны Трус (да шлюба Герасімовіч). Нізок прыняў Ткачовых як сваіх. Віктар і Ніна Ткачовы з дзецьмі прыпыніліся ў Мінску, дзе і пражылі ўсё жыццё.

Вось менавіта з таго часу, 1947 года, у Ткачовых-мастакоў пачаўся адлік другога — беларускага — перыяду. Старэйшыя Ткачовы хутка засвоілі асаблівасці мясцовага вясковага побыту. Летам тут збіраліся амаль усе: Віктар, яго сястра Шура з дзецьмі, Васіль пасля арміі, Сяргей і Аляксей з Масквы (пазней з Мінска). Дружылі з мясцовымі. На сяле пачынаючыя мастакі адчувалі сябе як дома і сваю цягу да вясковага побыту тлумачылі сваім паходжаннем.

Менавіта на беларускі перыяд жыцця прыходзіцца станаўленне маладых Ткачовых, фарміраванне стылю іх жывапісу і канчатковае рашэнне аб сумеснай працы. Так што беларускі час для іх быў у гэтым сэнсе плённым. Нізоўская карціна Аляксея Ткачова "На канікулы” стала для яго дыпломнай...

Калекцыя  карцін нізоўскага цыкла займае адметнае месца ў творчасці мастакоў, якія і сёння памятаюць імёны былых натуршчыкаў: Зіна і Коля Варанецкія, Ніна Лосева, Маня Богава...  Лосева, Богава гэта не прозвішчы, а толькі мясцовыя мянушкі. Ніна - дачка Герасімовіча, якога тут клічуць Лосем. Маня — дачка бога, ці інакш — нейкага мясцовага начальніка.

 У фондах Уздзенскага гісторыка - краязнаўчага музея ёсць дзве іх карціны: на адной вясеннія ваколіцы Нізка, а на другой — праца калгасніц на палях  (афіцыйна гэта карціны А. Ткачова: "Меліярацыя” (Нёманца) ля в. Нізок, 1952 г.; "Ваколіцы”, в. Нізок, 1950 г.).

 Цяпер карціны братоў Ткачовых занялі сваё месца і ў Траццякоўскай галерэі, і ў Рускім музеі, і ў многіх іншых зборах, у тым ліку і ў мясцовых, невялікіх.

У цэнтры кожнай  — чалавек з яго мукамі, надзеямі, радасцямі. За рэдкім выключэннем, гэта сельскі працаўнік, селянін, спрадвеку звязаны з зямлёй, родным бацькоўскім краем, які аберагае і захоўвае народныя традыцыі. Героі ткачоўскіх палотнаў сцвярджаюць прыярытэт, стойкасць духу, імкненне да ідэалаў дабра. Мастакі найбольшага поспеху дасягнулі ў распрацоўцы мастацкіх вобразаў жанчын.

У працах С. і А. Ткачовых шмат цяпла, святла і паветра. У іх няма кан'юнктуры, прыстасаванства да патрэб дня. 3 гадамі іх талент займае ўсё больш выразнае філасофскае гучанне.

 

 

Нельга, ніяк немагчыма, абыйсці ўвагай складаны творчы свет мастака Уладзіміра Віктаравіча Ткачова, ураджэнца знакамітага Нізка. Пра мастака сёння гавораць як пра таленавітага, адоранага манументаліста, жывапісца, у той жа час мысліцеля, здольнага адвечныя ісціны пераасэнсоўваць востра і неардынарна. Яго мастацкі пасыл няпросты.

У характары і мастацкай манеры яго творчасці выкарыстоўваюцца і жывы натуралізм, і загадкавы сімвалізм, сюррэалізм з іх незямнымі вобразамі. Многія яго работы "сканструяваны” на аснове міфалагічных сюжэтаў, былін з выкарыстаннем метафар, гіпербал. Палотны мастака сацыяльна завостраны, пазбаўлены паказной благапрыстойнасці.

 У   сваіх   фантасмагарычных, часам пачварных вобразах і істотах ён адлюстроўвае повязь часоў. Каб уявіць яго творчасць, трэба мець добрую агульную гістарычную падрыхтоўку з ухілам на гісторыю рэлігіі.

Урэшце рэшт усе гэтыя разнастайнасці зліваюцца ў адзіную абагульненую вось: дабро—зло. Калі яна праецыруецца ў часе, то ў ёй выяўляюцца дадатковыя тэндэнцыі. Перш за ўсё недасканаласць чалавечай натуры. Мінулае Уладзімір Ткачоў экстрапаліруе ў будучыню, не вельмі спыняючыся на хуткаплынных часах сучаснага.

Як манументаліст Уладзімір Ткачоў заўсёды імкнуўся знайсці вобразныя ўвасабленні сацыяльна значных падзей. А яны, — лічыць мастак, — ва ўсе часы ўздымаюцца адны і тыя ж.

Прыхільнікі Уладзіміра Віктаравіча — людзі неардынарныя, апярэджваючыя час. Надыдзе пара, — верыць творца, — і малады глядач зразумее яго "Георгія Пабеданосца”, "Небяспечныя гульні”.

Вылучаючы сваім мастацтвам новыя жорсткія патрабаванні ў адказ на выклікі часу, Уладзімір Ткачоў застаецца тонкім лірыкам і непапраўным летуценнікам. Жаданне дапамагчы чалавеку разабрацца ў заблытаным цяперашнім свеце — рысы, якія вызначаюць у многім творчасць мастака.

Творы У.Ткачова вядомы ў нашай краіне і за яе межамі. Яго габелены ўпрыгожваюць залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі ("Музыка”), рэзідэнцыю Кабінета Міністраў краіны ("Беларусь”); вітражы — Беларускі тэатр юнага гледача ("Песні Беларусі”, "Поры года”), файе Уздзенскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея .

Ствараючы новыя палотны мастак упэўнены, што выпеставаная ім ідэя будзе запатрабавана і зразумета з пазіцый адвечнай хрысціянскай маралі.

 

 

    Падарыла Уздзеншчына свету і выбітнога прапаведніка хрысціянскай маралі. Гэта Завітневіч Уладзімір Зянонавіч, беларускі археолаг, гісторык. Доктар царкоўнай гісторыі (1897), прафесар (1904).  Нарадзіўся 14 красавіка 1853 г. у вёсцы Ліцвяны, непадалёк ад Усы, у сям'і патомнага праваслаўнага святара.

Уладзімір Завітневіч  даследаваў гісторыю і сэнс славянафільства на прыкладзе жыцця яго зачынальніка А.С.Хамякова. Да 1913 года выйшлі 2 тамы гэтай працы, па матэрыялах якіх ён абараніў доктарскую дысертацыю.

 У ёй ён падрабязна разглядае жыццё і дзейнасць А.С.Хамякова і тры асноўныя палажэнні славянафільскіх поглядаў: саборнасць, народнасць і самадзяржаўе (дзяржаўнасць).

Аўтар у пэўнай ступені ідэалізуе славянскія, асабліва рускі, народы, бачыць у іх вобразе жыцця шлях маральнага прагрэсу. Ён абапіраецца ў першую чаргу на сялянства. Служэнне ідэі народнасці ёсць служэнне агульначалавечай справе, свабоднай ад вузкага нацыяналізму. Ён адмаўляе грубую сілу манархіі азіяцкага дэспатызму, у якой няма месца законнасці.

Як чалавек глыбока веруючы, ісцінны прыхільнік праваслаўя, вучоны ўсяляк абараняў непахіснасць царкоўных канонаў. Аднак царкву як сістэму, інстытут, іерархію ён крытыкаваў, патрабаваў рэформаў царкоўнага жыцця. Ён адмаўляў духавенству ў праве ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны, бо «тактыка, прыёмы барацьбы партыі будуюцца часта на пачатках, далёка не хрысціянскіх».

У сваіх працах Уладзімір Завітневіч асабліва ўважлівы да трагічных старонак мінулага, «смутных» часоў. Яго характарыстыка  Івана Грознага — «аўтакрат у духу візантыйскага абсалютызму, азіяцкі дэспат у духу татарскага ваяводства» — можна расцэньваць і як грознае прадбачанне.

Ён крытычна ставіцца да працэсу адасаблення расійскай інтэлігенцыі, да разрыву паміж чыноўніцкім класам і народам. Не абыходзіць ён праблемы уніі, раскольніцтва, візантыйскага ўплыву і інш. Асабліва рэзка ён выступаў супраць вольнага абыходжання з гістарычнымі фактамі, супраць іх фальсіфікацыі.

Бясспрэчна,  асоба нашага земляка Уладзіміра Зянонавіча Завітневіча   вартая  глыбокай павагі і ўшанавання, а спадчыне наканавана грунтоўнае ўсебаковае вывучэнне.

 

 

   Наркевіч-Ёдка Якуб Атонавіч -  беларускі прыродазнавец, вынаходнік, медык. Доктар медыцыны (1893), прафесар (1900). Член-карэспандэнт Расійскага геаграфічнага таварыства (1899). Нарадзіўся 8 студзеня 1848 года ў вёсцы Турын Пухавіцкага раёна.

Закончыў Мінскую губернскую гімназію ў 1865 годзе, працягваў вучобу ў Маскве, Парыжы, Фларэнцыі, Вене; вывучаў фізіку, медыцыну. У 1888 годзе пабудаваў у сваім маёнтку Наднёман метэаралагічную станцыю. 1892 - член-супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай медыцыны ў Пецярбургу.

Напісаў шмат навуковых прац па фізіцы, медыцыне, сельскай гаспадарцы. Вынайшаў спосаб бяспроваднай перадачы і прыёму электрамагнітных хваль на адлегласці (першы ў свеце правобраз радыёпрыёмніка ў 1891годзе. Стварыў лізіметр — прыладу для вымярэння вільготнасці глебы. Распрацаваў спосабы вымярэння патэнцыялу атмасфенай электрычнасці, скорасці руху воблака, спосаб лячэння нервовахворых электратокам (электратэрапія). Прапанаваў выкарыстанне метаду электраграфіі для дыягностыкі захворванняў. Памёр 19 лютага 1905 г.

 Асноўная творчая праца вучонага праходзіла ў яго вотчынным маёнтку Над-Нёман (цяпер Уздзенскага раёна). Бліскучыя эксперыменты спалучаліся з сур'ёзнымі тэарэтычнымі абагульненнямі, шырокім укараненнем у практыку. Пад даследаванні падводзіліся эканамічныя абгрунтаванні — як-ніяк ён выконваў іх выключна на свой асабісты кошт.

У Над-Нёмане была створана навуковая база. Апрача метэаралагічнай станцыі, палёў электракультывацыі і электратэрапеўтычнага кабінета тут дзейнічалі электраграфічная, электрабіялагічная і астранамічная лабараторыі. Метэаралагічная станцыя I разраду ўваходзіла ў састаў Галоўнай фізічнай абсерваторыі Расіі.

Усяго вучоным было атрымана паўтары тысячы электраграфій. Вызначальнай іх дэталлю былі розныя варыянты «кароны» вакол электраграфуемых аб'ектаў. У выпадку здымка рукі атрымлівалася дактыласкапічнае адлюстраванне. Электраграфаванне не было самамэтай.

Якуб Антонавіч заставаўся перш за ўсё выдатным урачом, аб чым і цяпер сярод мясцовых жыхароў ходзяць паданні. У выніку лячэння хворых у яго асабістым санаторыі Над-Нёман, непадалёк ад маёнтка, вучоны заўважыў, што форма выпраменьвання з аб'ектаў абумоўлена знешнім і ўнутраным станам атмасферы і арганізма.

Ён даказаў, што з дапамогай электраграфіі можна вызначаць псіха- і фізіялагічны стан чалавека і ўдала выкарыстоўваў яе для дыягнаставання хвароб і лячэння захворванняў. За гэта адкрыццё ў 1900 годзе магнетычная секцыя Міжнароднага кангрэса ў Парыжы абрала Я.Наркевіча-Ёдку сваім прэзідэнтам, і яму было прысвоена званне прафесара электраграфіі і магнетызму.

У сваім санаторыі вучоны выкарыстоўваў для лячэння і новы бескантактны метад электратэрапіі, які праходзіў за мяжой як «метад Ёдкі». У санаторыі з 1892 года была арганізавана вытворчасць кумысу (магчыма, упершыню на Беларусі) і кефіру.

Яшчэ ў 1890 годзе з вежы яго сядзібнага дома у Над-Нёмане рэгістраваліся разрады электрычнасці ў атмасферы на адлегласці да 100 кіламетраў. А 12 (24) лютага 1891 года вучоны ўпершыню дэманстраваў у Пецярбургу вынайдзены ім «бяздротавы тэлеграф» — папярэднік сучаснага радыётэлеграфа.

Самым рэзультатыўным яго дасягненнем было выкарыстанне ў практыцы сельскага гаспадарання атмасфернай электрычнасці. Штучнае прыцягненне электрычнасці ў глебу паскарала развіццё раслін.

Пад электракультывацыяй у Я.Наркевіча-Ёдкі было болей за 100 гектараў ворыва. Ураджай для большасці ра слін павялічваўся на 20 — 30 працэнтаў, на тры-чатыры тыдні скарачаўся вегетацыйны перыяд. Вучоны стварыў лізіметр (тэрагігрометр) для вымярэння з высокай дакладнасцю вільготнасці глебы на глыбіні да трох метраў.

Наднёманскі маёнтак наведвалі вучоныя з сусветнымі імёнамі. Сюды прыязджалі прафесары А.Ваейкаў, А.Саветаў з Пецярбурга, знакаміты французскі астраном К.Фламарыён. Дзякуючы Я.Наркевічу-Ёдку Над-Нёман стаў вядомы далека за межамі не толькі Міншчыны і Расіі, але і ў многіх навуковых цэнтрах Еўропы. Вучонага па вядомасці прыраўноўвалі да Л.Пастэра, а галоўнае яго адкрыццё — электраграфію — да адкрыцця В.Рэнтгена.

Наш вучоны быў членам мноства новуковых устаноў і таварыстваў у Расіі і за мяжой, меў шматлікія ўзнагароды, дыпломы, званні. Імя яго і справы не ўкладваюцца ў кола нашых звычайных уяўленняў. Вырваўшыся за межы тагачаснага Паўночна-Заходняга краю, ён належна ўвайшоў у высокі храм навукі і пакарыў вучоны свет Расіі і Заходняй Еўропы.

І яшчэ адзін цікавы факт: вучоны ярка вызначанага матэрыялістычнага кірунку, ён тым не меней атрымаў тытул папскага камергера і стаў заснавальнікам касцёла ў Сан-Рэма на Блакітным узбярэжжы Міжземнага мора...

Дзейнасць Якуба Наркевіча-Ёдкі гэта і значная культурная з'ява. Выдатны музыкант, этнограф, урач, носьбіт прагрэсіўных ідэй, барацьбіт з невуцтвам, цемрашальствам, п'янствам — такой паўстае перад намі сёння яго постаць, адрынутая часам амаль на паўстагоддзя.

 Час не пазбавіў яго працы значнасці і перанёс яго ў шэраг нашых сучаснікаў...

Час… Гэта, бадай, самы бязлітасны магільшчык: не адзін мільярд падзей і людзей пахаваў ён у сваіх бясконцых таямнічых нетрах. Але ёсць постаці ў гісторыі чалавецтва, якія пазбеглі забыцця. Менавіта да такіх адносіцца і наша слынная зямлячка Магдалена Радзівіл.

Вось ужо 150 гадоў, як на небасхіле Духоўнасці: велікадушнасці, шчодрасці, шчырасці, сціпласці, чуласці, адказнасці, надзейнасці - увогуле ўсяго, што спрадвеку прынята называць дабром,  ўзышла яе бліскучая зорка, нязгаснае святло якой прабіваецца праз тоўшчу часу і мае дзіўную ўласцівасць прывабліваць людзей сваім жыватворным цяплом і пуцяводным святлом.

   Нямнога знойдзецца ў гісторыі Беларусі людзей, якія так многа ўласных сродкаў палажылі на Алтар Духоўнасці, так шчодра дарылі любоў Радзіме і свайму народу, як гэта зрабіла Магдалена.

 Гэта дзякуючы ёй пабачыў свет адзіны прыжыццёвы зборнік паэзіі Максіма Багдановіча "Вянок”. Цэлы шэраг цудоўных кніг быў выдадзены, дзякуючы яе шчодрасці: зборнікі Канстанцыі Буйло, Ядвігіна Ш., Якуба Коласа пад псеўданімам "Тарас Гушча” і іншых аўтараў.

Яна фінансавала беларускія выдавецтвы, школы, тэатры, музеі... – усё, што датычыла культуры, што яна лічыла важным для Бацькаўшчыны, чалавецтва. Гэта яна, маленькая гаспадыня вялікага шчодрага сэрца, была адной з заснавальніц у Санкт – Пецярбургу першага беларускага выдавецтва "Загляне сонца і ў наша ваконца”.

 Гэта пад яе фінансавым дахам выдаваліся газеты "Беларус” і "Наша Ніва” і дзейнічала бібліятэка беларускай суполкі пры Расійскай акадэміі.

Хіба ўсё пералічыш? Ды і ці ведаем мы зараз, колькі дабрачынных праектаў удалося ажыццявіць гэтай руплівай  мецэнатцы на Радзіме і за яе межамі ў імя Яго Вялікасці Жыцця.  Яе ведалі як Гаспадыню, паважалі і любілі за справядлівасць, чуласць, патрыятызм. Яе маёнтак у Кухцічах быў асяродкам беларускай нацыянальнай ідэі, месцам, дзе захоўваліся традыцыі продкаў, дзе жыла памяць пра мінулае, як надзейны падмурак будучыні.

   "Я на Зямлю прыйшоў не для таго, каб жменяй поўнай уцехі браць, я аддаваць люблю,” – так напісаў пра сябе наш беларускі паэт Ніл Гілевіч.

Менавіта гэтыя яго словы ўвесь час круціліся ў галаве, калі я думала пра Магдалену. Ці не ў такім жа  альтруізме багатай жанчыны, якая магла б транжырыць жыццё і грошы на ўласныя мілошчы, хаваецца разгадка прыцягальнасці яе асобы? Пагадзіцеся, ва ўсе часы быў рэдкім талент аддаваць.

   Яна нарадзілася 8 ліпеня 1861 года ў багатай сям’і польскай магнаткі і аднаго з найбуйнейшых беларускіх землеўласнікаў Мінскай губерніі канца 19 стагоддзя Івана Завішы, які быў вядомы і як этнограф, археолаг.  Атрымала велікасвецкае хатняе выхаванне і бліскучую адукацыю. Яе выдалі замуж за аднаго з самых багатых польскіх магнатаў- прадпрымальнікаў. Здавалася б, мала што  спрыяла таму, каб з яе атрымалася нацыянальна свядомая беларуска-фундатарка. А вось атрымалася...

Завішы – старажытны беларускі род, які з пакалення ў пакаленне перадаваў нашчадкам багаты сямейны архіў і самае галоўнае – любоў да роднай зямлі, паважлівае стаўленне да сялян, да сейбітаў разумнага, добрага, вечнага. І гэтыя якасці роду сталі існасцю Магдалены.

   Яна паўстае  перад намі то высакароднай велікасвецкай прыгажуняй, то звычайнай кабетай сялянскага тыпу і нават халопаманкай, то даверлівай і простай, то асцярожнай, строгай,  сурова-непрыступнай і нават бязлітасна жорсткай, то шчаслівай уладальніцай вялікага дару кахання, то падманутай пакутніцай атрутнага пачуцця.

Дзе тут праўда, а дзе суб’ектыўнае бачанне сучаснікаў Магдалены і даследчыкаў яе жыцця? Гэта пакуль застаецца таямніцай. А яшчэ існуюць сведчанні таго, што сама Гаспадыня кухцічскай сядзібы мела літаратурны талент і пакінула пасля сябе дзённікі.  Думаю, у руплівых даследчыкаў наперадзе шмат цікавых адкрыццяў.

    Адно бясспрэчна, яна любіла Радзіму, лічыла сябе беларускай і рабіла ўсё, што ад яе залежала, каб Бацькаўшчына заняла "свой пачэсны пасад між народамі” і гэта заслугоўвае ўвагі і пашаны праз стагоддзі і тысячагоддзі...

      Цень ад крыла змрочнай птушкі забыцця закрыў многае з фактаў біяграфіі і характару гэтай цікавай жанчыны, але не змог зацямніць бляск  прыцягальнай прыгажосці Яе высакароднай Душы, яе вялікага сэрца.     

   Прыйдуць новыя даследчыкі, будуць напісаны раманы і вершы, бо аддаваць куды прыемней, чым браць. Такі ўжо закон жыцця. Праўду кажуць мудрыя людзі: вялікае бачыцца на адлегласці. І таму, безумоўна, не ўладны нават Час над такой веліччу Духу, як не ўладны ён над памяццю пра лепшых прадстаўнікоў нашай бацькаўшчыны, нашай роднай і такой утульнай гасціннай Уздзеншчыны.

   Старажытная Уздзенская зямля – цудоўны зялёна-блакітны куточак Мінскай вобласці, край сівых курганоў і помнікаў даўніны, край, слаўны ва ўсе часы ад пацаў, Кавячынскіх, радзівілаў, што ўладарылі тут у мінулыя стагоддзі, да таленавітых сучаснікаў, якімі ганарыцца гэта цудоўная зямля.

Мастакі  Сцяпан Андруховіч, Іван Салавей, Юзаф Пучынскі, Міхась Рагалевіч, Яўген Зак, скульптар Уладзімір Лятун, прафесар, доктар мінералагічных навук Аляксандр Махнач, прафесар, доктар эканамічных навук Канстанцін Шабуня, дактары навук Міхаіл Шкляр і Абрам Шкляр, доктар медыцынскіх навук Уладзімір Бондар.   

Наш гонар і слава – Генадзь Лыч, доктар эканамічных навук; Леанід Лыч – доктар гістарычных навук, прафесар; Анатоль Лыч – кандыдат тэхнічных навук.

    Уздзеншчыну часта называюць "салаўіным краем”. 

Адсюль ідзе радаслоўная Янкі Купалы. Тут, ва ўсадзьбе Пырашава, нарадзіўся знакаміты сучаснік Пушкіна пісьменнік Фадзей Булгарын.

Продкі Максіма Багдановіча — з Уздзеншчыны.

Паэт Тамаш Зан жыў і вучыўся ў дзяцінстве ва Уздзе.


 ...Пятро Глебка, Алесь Якімовіч, Ілья Гурскі, Алесь Пальчэўскі, Антон Бялевіч, Сымон Баранавых, Віктар Казлоўскі, Язэп Мазуркевіч, Кастусь Шавель, Даір Слаўковіч, Алена Гурская, Васіль Шырко

Ды хіба можна пералічыць шматлікія таленты Уздзенскай зямлі, якія ўзбагацілі не толькі айчынную навуку і культуру, але і выйшлі на сусветны ўзровень.

   Пра нашу незвычайную зямлю напісана шмат кніг, паэты праславілі яе ў сваіх вершах, кампазітары – у песнях.

Але самае галоўнае, чым славіцца Уздзенскі край, гэта цудоўныя працавітыя, руплівыя, мудрыя людзі, якія захоўваюць яго гісторыю, пішуць новыя яе старонкі.


Зоя КАЛКОЎСКАЯ, старшы навуковы супрацоўнік раённага гісторыка-краязнаўчага музея.













Далейшае стварэнне фільма патрабуе шмат часу і фінансавай падпіткі. Запрашаю да удзелу мецэнатаў.



Источник: http://Лидия Арабей,Узденщина, Нёман, Неманец, КАЛЫСКА НЁМАНА, исток Нёмана-исток духовности, Зоя Колковская,В.Ткачев,
Категория: Праект "Выток Нёмана - выток духоўнасці" | Добавил: IstokNemana (30.12.2013)
Просмотров: 266 | Теги: Лидия Арабей, Узденщина, Узденский район, Зоя Колковская, Кондрат Крапива, КАЛЫСКА НЁМАНА, Павлюк Трус, Я.Наркевич-Иодко, Исток Нёмана - исток духовности | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
avatar
Форма входа
Поиск
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0