Мікалай Мішчанка. Завецца спадчына мая ўсяго старонкай роднаю…
З
культурным акцэнтам
Завецца спадчына мая ўсяго
старонкай роднаю…
Пад
такой назвай з 11 студзеня ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі пачала сваю
работу персанальная выстаўка мастака і дэкаратара, члена Саюза мастакоў і члена
Саюза дызайнераў Рэспублікі Беларусь Мікалая Яўгенавіча Мішчанкі.
Падтрымаць калегу па пэндзлі на Уздзеншчыну
завіталі сталічныя госці і сябры мастака: прафесар, дацэнт кафедры гісторыі і
тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміімастацтваў Яўген Феліксавіч
Шунэйка і члены Саюза мастакоў РБ Леанід Міхайлавіч Гоманаў (ён жа
член-карэспандэнт міжнароднай акадэміі культуры і мастацтва), Віктар Кірылавіч
Барабанцаў (ён жа лаўрэат прэміі "За духовное возрождение”), Алесь Міхайлавіч
Філіповіч.
На адкрыцці выстаўкі прысутнічаў намеснік старшыні
райвыканкама Яўгеній Аляксандравіч Шкель, які ў прывітальным слове выказаў
шчырае пажаданне і надалей захоўваць традыцыю творчых сустрэч на ўздзенскай
зямлі.
– У жыцці кожнага чалавека свае жыццёвыя сцяжынкі,
сцежкі і дарогі, – адзначыла дырэктар музея Тамара Пятроўна Лухверчык. – І як
яны пераплятуцца паміж сабой, ніхто не ведае.
Аднак любое іх перапляценне можа стаць
вызначальным на ўсім жыццёвым шляху. У гэтым, сапраўды, на сабе пераканаўся
герой нашай сустрэчы – Мікалай Мішчанка.
Шмат у гэты дзень гаварылі пра творчаць Мікалая
Яўгенавіча яго сябры-мастакі.
Пра непаўторную гармонію прыроды і душы мастака,
якая адлюстравана на карцінах М. Мішчанкі, расказаў Віктар Барабанцаў.
Сваімі ўражаннямі ад прыгожых мясцін, непаўторных
краявідаў, якімі гэтак шчодра надзелены не толькі наш нёманскі край, але і ўся
Беларусь, падзяліўся Леанід Гоманаў.
Пранікнёна пра пейзажы Уздзеншчыны, напісаныя
рукой М. Мішчанкі, гаварыў Алесь Філіповіч. А вось мастацкі крытык Яўген
Шунэйка здолеў пераканаць прысутных у тым, што кожны куток нашай маленькай
радзімы, кожная яе вёсачка, мае сваю адметную, цікавую і багатую на падзеі
спадчыну.
Трэба толькі знайсці і ўбачыць яе, што выдатна і
робіць Мікалай Мішчанка.
Яго пільнае вока і творчая натура здольны заўважаць
непаўторнасць у хляве з абваліўшымся дахам, заварожваючы бег рачулкі на лясной
палянцы, магутныя дрэвы на ўзлеску, бясконцыя клопаты на вуліцах вялікага
гораду…
Таму ўсе карціны, прадстаўленыя на выстаўцы (а
гэта пераважна вясковыя і гарадскія пейзажы, нацюрморты) звернуты да пачуццяў
гледача, разлічаны на яго эмацыйнае ўспрыманне.
Падчас экскурсіі для першых наведвальнікаў
выстаўкі, якую так адухоўлена і ўзнёсла правёў Яўген Феліксавіч Шунэйка, крытык
адзначыў:
– Калі казаць пра ўсе карціны, то ў пейзажах М.
Мішчанкі пераважаюць лірычныя матывы, іх агульны настрой – мажорны, і ва ўсіх
іх прысутнічае элемент рамантычнай узнёсласці.
Аднак у той жа час кожная карціна прымушае
спыніцца і задумацца. І ўражанне ад той ці іншай аўтарскай работы заўсёды будзе
адрознівацца, таму што мы глядзім на іх па-рознаму…
На гэта ўплывае наш настрой, уменне праводзіць
паралелі, глядзець паміж мазкамі фарбаў…
Пасля быў адкрыты дыялог. Наведвальнікаў (а гэта
былі людзі рознага ўзросту) цікавіла, дзе мастак чэрпае натхненне, як
нараджаюцца карціны, чым аўтарская работа адрозніваецца ад копіі і г. д.
На ўсе пытанні віноўнік сустрэчы імкнуўся даць
грунтоўныя і зразумелыя адказы.
Напрыканцы мерапрыемства госці падзякавалі Мікалаю
Яўгенавічу за магчымасць дакрануцца да пачуцця прыгожага, пажадалі і надалей не
здраджваць клічу мастацтва.
У сваю чаргу М. Мішчанка быў задаволены такім
цёплым прыёмам і ўвагай да сябе і сваёй творчасці з боку ўздзенскіх
прыхільнікаў і аматараў мастацтва, таму паабяцаў не марудзіць з сваёй чарговай
акварэльнай выстаўкай.
P.S.
Наведаць выстаўку мастака і пазнаёміцца з карцінамі М. Мішчанкі можна будзе да
канца лютага.
НА
ЗДЫМКАХ: адна з работ мастака; пра карціны расказвае Яўген ШУНЭЙКА; было што
абмеркаваць уздзенскаму краязнаўцу Андрэю ЯРМОЛЬЧЫКУ і Мікалаю МІШЧАНКУ.
Вера
ЛУКАШЭВІЧ. "Чырвоная зорка”
Фота аўтара.
11.01.2013. О выставке Николая Мищенко в Узденском музее