ТВОРЧАСЦЬ НА ЎЗДЫМЕ ПАЧУЦЦЯЎ
10 студзеня мы
святкуем дзень нараджэння нашага паважанага калегі, педагога і мастака Андрэя
Лычкоўскага, актыўнага ўдзельніка праекта "Выток Нёмана – выток
духоўнасці”.
Цяжка ўявіць, каб гэты
энэргічны творца не быў бы адным з удзельнікаў нашай "нёманскай
групы”. Ён нарадзіўся на Уздзеншчыне, ведае тут кожны маляўнічы куточак,
не стамляецца маляваць блізкія сэрдцу мясціны. Першае наша знаёмства з Андрэем
адбылося падчас 1-га раённага жывапіснага плэнэра на Уздзеншчыне ў 2010 годзе.
Вельмі ўражвала, што ён смела і рашуча малюе прыроду дэкаратыўнымі плямамі, не
зважаючы на рэальнае падабенства.
Але з часам яго метад стаў больш дасканалы.
Дэкаратыўная гучнасць колераў набывае актыўную сонечную яскравасць. Але пры
гэтым, як праз насычанае жывымі фарбамі вітражнае шкло, пазнаюцца на яго
пейзажах канкрэтныя матывы з векавечнымі дрэвамі, хвалістымі палямі, быстрацечнымі рэчкамі, зацішнымі вясковымі
вуліцамі з наваколля Узды.
Дамы зімой. Узда (50x60, кардон, алей, 2012)
Мастак
малюе свае шматлікія жывапісныя пейзажы за лічаныя гадзіны, яго пастозная
тэхніка алейнага жывапісу выразна перадае сам працэс творчасці ад першага мазка
да апошняга, калі вобразнае вырашэнне набывае патрэбнае маляўнічае багацце,
перадае першыя сакавітыя ўражанні.
Летні дзень (64x54, палатно, алей, 2011)
У А.Лычкоўскага
зайздросная творчая актыўнасць. Яго можна назваць "сучасным Ван Гогам"
Уздзеншчыны. Так шмат ён працуе на эцюдах, так шмат яго яскравых пейзажаў
паўстае год за годам.
У яго, дарэчы,
ёсць творы-прысвячэнні гэтаму вялікаму французскаму наватару жывапісных пошукаў,
што яшчэ больш актывізуе і яго ўласныя мастацкія пошукі.
Мы вельмі
шануем Андрэя таксама і за яго арганізацыйныя здольнасці. Ён не стамляецца
дамаўляцца з кіраўніцтвам розных краязнаўчых музеяў, выставовых залаў у
Беларусі і за яе межамі, каб правесці там чарговую перасоўную выставу
ўдзельнікаў нашай творчай групы.
Мы ўжо рыхтуемся разам з Андрэем да вясенняй
выставы ў Полацку. А потым збіраемся ў Яраслаўль. Бо і там ён знайшоў паразуменне
і падтрымку ў расійскіх арганізатараў мастацкага жыцця.
З
такім шчырым энтузіястам лёгка і прыемна вандраваць па новых мясцінах нашай
краіны. Бо ён гэтым жыве, лічыць такую дзейнасць вельмі выніковай для развіцця
культуры ў нашым грамадстве.
Пасля кожнай новай выставы яго творы, як вялікі
творчы дар, папаўняюць калекцыі розных музеяў, у якіх яны будуць несці
нязгаснае эстэтычнае святло.
Яблыні (72x82, палатно, алей, 2012). Падарунак Пінскаму музею.
І яго ўласны дом, што знаходзіцца на выездзе з
Узды да Кухціч, Сямёнавічаў і іншых прыгожых насельных пунктаў, мае вельмі
прыкметны і асаблівы выгляд.
Ён пабудаваны з фасадам у форме трохкутніка і
адрозніваецца высокім двухскатным дахам. Вялікія памяшканні дома
А.Лычкоўскага аздабляюць яго жывапісныя
творы. Сюды хоць раз завітаць, каб такое хараство пабачыць, для кожнага - надзвычайная
падзея.
Вось такі цікавы і шматгранна адораны наш паважаны калега Андрэй
Лычкоўскі. Сам знаходзіцца на творчым уздыме і іншых можа захапіць сваім прыкладам.
Мы жадаем табе, дарагі дружа, здароўя, шчасця і неаслабнага творчага натхнення!
Хай усе твае вялікія ідэі і планы паспяхова
рэалізуюцца.
А мы ў гэтым заўсёды дапаможам.
З
Павагай! Сябры-"нёманцы”.
|