Падарункі гораду-юбіляру Новалукомлю ад Аксаны Аракчэевай
У 2014 годзе самаму маладому гораду Беларусі споўнілася 50 год. На святкаванні ў Новалукомль было запрошана шмат гасцей.
Сярод іх была і мастачка Аксана Аракчэева, дачка патрыярха беларускага жывапісу, заслужанага дзеяча мастацтваў, кавалера Ордэна Францыска Скарыны Барыса Уладзіміравіча Аракчэева.
Яна расказала, што бацька, які нарадзіўся ў Яраслаўскай вобласці, трапіў ў Беларусь шляхамі вайны і застаўся тут назаўсёды.
Беларусь стала другой радзімай для мастака. Ён сустрэў на гэтай зямлі сваю Музу, жонку Галю, якая родам з вёскі Гара Чашніцкага района.
Яны нарадзілі трох дачок. Дзяучынкі сталі мастачкамі. Зараз у дынастыі тры унука – мастака і праўнучка, якая у свае 5 гадоў цудоўна малюе. Барыс Уладзіміравіч пахаваны тут, як і жадаў, на Гарскіх могілках у 2013 годзе.
У сваёй прамове, акрамя слоў віншавання, Аксана сказала, што прыехала з падарункамі.
Гэта творы Майстра, зробленыя падчас будаўніцтва Новалукомля ў 1965 годзе.
Палатно “Піянерны горад” і 7 партрэтаў, на якіх намалёваны будаўнікі новага горада.
Такі каштоўны скарб будзе захоўвацца ў музеі Новалукомльскай ГРЭС.
Ад сябе Аксана Аракчэева падаравала бібліятэцэ горада шэраг дзіцячых кніг, ілюстраваных ею, са сваімі аўтографамі.
Потым Аксана Барысаўна звярнулася да кіраўніцтва горада і вобласці з просьбай дапамагчы ў арганізацыі плэнэра да 90-годдзя мастака Барыса Аракчэева.
|