ПАДАРОЖЖА ДА ЛІТАРАТУРНЫХ ВЫТОКАЎ
Уражанні ад літаратурна-мастацкага выдання "І марам волю дам” Алеся Карлюкевіча.
Гэта
змястоўная кніга пабачыла свет у "Выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя” ў
2011 годзе, але і сёння яна не губляе сваёй сенсацыйнай прыцягальнасці.
Нічога "смажанага” і наўмысна надуманага дзеля прыцягнення
ўвагі чытачоў на яе шматлікіх старонках няма. Ёсць толькі дакладныя
факты і іх аўтарскія тлумачэнні і развагі.
Але вымалёўваецца пры
гэтым такое магутнае відовішча літаратурнага жыцця ў Пухавіцкім раёне
больш чым за 100 гадоў, што пачынаеш "праглынаць” старонку за старонкай,
быццам чытаеш прыгодніцкія раманы Жуль Верна, Юзэфа Ігнацы Крашэўскага,
Янкі Маўра, Уладзіміра Караткевіча.
Аб’ектыўным фактам
з’яўляецца і тое, што ў цэнтры згаданага раёна непадалёк ад Мар’інай
Горкі знаходзіцца Геаграфічны цэнтр Рэспублікі Беларусь, пра што
сведчыць мемарыяльны знак, усталяваны там у 1996 годзе.
Прачытаўшы
звесткі пра наведванне аўтарам 36 насельных пунктаў і іх ваколіц,
складаецца жывое ўражанне, як у кожным з іх нараджаліся, праводзілі
дзяцінства, у розны час прыязжалі працаваць ці адпачываць пісьменнікі,
паэты, драматургі, публіцысты.
Іх шчырымі прыхільнікамі былі працоўныя
людзі ў мястэчках і вёсках, дзеці-школьнікі, прадстаўнікі мясцовай
ўлады. Мабыць, Пухавіцкі раён можна назваць таксама адным з
прадстаўнічых Цэнтраў літаратурнага жыцця Беларусі, калі тут налічваецца
такая вялікая колькасць пісьменнікаў ды паэтаў на душу насельніцтва.
Іх
асабісты лёс, як і лёс іх літаратурных герояў, складаўся няпроста.
Найчасцей яны ўсе родам з простага люду. Талент і прага да ведаў
дапамагалі ім пракладаць свой шлях у жыцці. Яны настаўнічалі, працавалі
ў выдавецтвах, не ірваліся любым коштам да высокіх кіраўнічых пасад у
сталіцы.
Яны першымі адчулі на сябе сталінскія рэпрэсіі, але не пакідалі
сваёй творчай працы. Іх можна назваць творчымі героямі нашай краіны, як
і тых шматлікіх пухавіцкіх герояў- рэвалюцыянераў, чырвонаармейцаў,
партызан ды падпольшчыкаў, якія былі іх сучаснікамі і блізкімі сябрамі.
Аўтару
ўдалося напісаць больш чым літаратурна-краязнаўчае даследаванне.
Па-сутнасці, гэта - першая прыступка да эпічнага рамана, які аб’ядноўвае
безліч гістарычных падзей, скрыжаванняў лёсаў, а ў цэлым драматычнага і
няскоранага руху нашага народа і яго таленавітых першапраходцаў да
лепшай долі.
На літаратурных прыкладах Пухавіччыны можна зразумець тыя
складаныя этапы і перыяды, якія перажыла наша нацыя з канца ХІХ-га –да
пачатку ХХІ-га стагоддзяў.
На наш суб’ектыўны погляд, нашай
сучаснай айчыннай літаратуры не хапае яшчэ такіх буйнамасштабных твораў.
А вялікі матэрыял для гэтага назапашаны і самім жыццём, і краязнаўчымі
адкрыццямі, што робіцца відавочным, дзякуючы з’яўленню і гэтага
даследавання.
На старонках выдатнага выдання А.Карлюкевіча можна
прачытаць шмат прачуленых паэтычных радкоў пра сціплыя вёскі і чыстыя
рэчкі Пухавіцкага краю, аўтарамі якіх з’яўляецца Якуб Колас, Алесь
Бачыла, Алесь Пісарык і многія іншыя майстры творчага слова. Аўтар
сведчыць пра светлыя сустрэчы на яго малой Радзіме многіх літаратурных
аўтарытэтаў, такіх як Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Пятро Глебка, Міхась
Лынькоў і інш., але і не амінае трагічных часоў, калі таленавітых
прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі ў 1930-х – 1940-х гг. бязлітасна
пераследвалі.
Уладзімір Жылка, Міхась Чарот, Мікола Каспяровіч і інш.,
што родам з Пухавіччыны, сталі ахвярамі такой ганебнай палітыкі.
Сапраўдным
гняздоўем літаратурна-рэвалюцыйных ідэй стала шляхетная сядзіба роду
Бонч-Асмалоўскіх у Блоні. Гаспадар Анатоль Бонч-Асмалоўскі, які
дапамагаў усім барацьбітам за свабоду, сам спазнаў палітычныя
пераследаванні, але ніколі не скарыўся.
У Дудзічах была сядзіба
вялікага збіральніка культурных каштоўнасцей Аляксандра Ельскага.
На
Пухавіччыне ў вёсцы Турын нарадзіўся і славуты даследчык законаў
электрамагнетызму Якуб Наркевіч-Ёдка. Як кажуць, свет гэты (а тым больш
раён) – маленькі, і такія паважаныя землякі не маглі не бачыцца на
роднай зямлі.
Сучасная Пухавіччына – месца частых сустрэч
беларускіх, расійскіх і замежных літаратараў.
Напрыклад, сюды
наведваліся Народны пісьменнік Удмурціі Вячаслаў Ар-Сяргі, выдатны
расійскі паэт Андрэй Вазнясенскі, балгарскі пісьменнік Мікола Пецеў і
інш.
Уздзеянне такой творчай грамады на новыя пакаленні будучых
літаратараў несумненнае. Няхай гэты край таленавітых людзей не губляе
сваіх чыстых творчых здабыткаў і дае добры прыклад сваім бліжэйшым і
далёкім суседзям.
Можна шчыра павіншаваць пухавічаніна ад
нараджэння Алеся Карлюкевіча, пісьменніка, публіцыста і краязнаўца з
такім выдатным дасягненнем.
Сёлета ён святкуе свой дастойны юбілей: 50 гадоў з дня нараджэння. Поспехаў яму ў далейшым жыцці і творчасці!
Бачыцца
таксама і захапляльны працяг яго краязнаўчых "Вольных мар”, напрыклад, у
выгляде шматсерыйнага відэа-падарожжа, якое можа стаць крыніцай чыстых і
глыбокіх уражанняў для шматлікіх гледачоў.
А.Карлюкевіч падчас адкрыцця выставы мастака Ф.Ладуцькі у Мар'інай Горцы.
Таленавіты аўтар у
стане пашырыць сувязі пухавіцкіх творцаў з іх калегамі і сябрамі за
межамі малой Радзімы, бо кожная творчая ідэя, нібы нястрымная плынь ад
сваіх вытокаў, набывае моц і імкнецца на вялікі прастор. Яўген Шунейка, актывіст праекта "Выток Нёмана-выток духоўнасці” Уздзенскія мастакі А.Лычкоўскі, А.Філіповіч і А.Карлюкевіч.
АД КРАЯЗНАЎСТВА ДА РАДЗІМАЗНАЎСТВА
Урывак з рэцэнзіі да выдання "І марам волю дам” Алеся Карлюкевіча (2011):
"Аднак,
паважаныя чытачы, давайце вернемся да кнігі, якую вы цяпер узялі ў
рукі. Пазнаёміўшыся з яе рукапісам, я ўздыхнуў з палёгкай: яна не
канкурэнт будучаму даведніку "Літаратурныя мясціны Беларусі”, бо, як
кажуць цяпер, у разы шырэй яго: у Алеся Карлюкевіча – падрабязны аналіз,
мікраскапічны погляд на Пухавіччыну, на ўсе праявы літаратурнага жыцця
аднаго раёна – хто, калі, дзе і як прабываў і працаваў.
А позірк на тую ж Пухавіччыну ў даведніку больш агульны, тэлескапічны: указваюцца пераважна месцы нараджэння пісьменнікаў.
І
гэта добра, калі на адну і тую ж тэрыторыю існуюць розныя погляды, калі
з Пухавіч да Мар’інай Горкі, Блоні ці Замосця, Балачанкі ці Талькі
вядуць пуцявінкі да Якуба Коласа і Кандрата Крапівы, у Мінск, Маскву,
Англію ці Германію.
Гэта якраз той выпадак, калі ўзрастанне
краязнаўства да радзімазнаўства, іх непазбежная глабалізацыя карысная
для гледача, а, значыць, і для грамадства”Адам Мальдзіс, доктар літаратуразнаўства Я.Шунейка, А.Мальдзіс
|