Суббота, 23.11.2024, 14:50
Приветствую Вас Гость | RSS

Праект "Выток Нёмана - выток духоўнасці"

Каталог статей

Главная » Статьи » Кнігі, публікацыі ўдзельнікаў праекта

Натхненне ў дар, альбо Беларускія перадзвіжнікі
Натхненне ў дар, альбо Беларускія перадзвіжнікі


Вось ужо чацвёртая дабрачынная выстаўка мастакоў праходзіць у нашым музеі.

На гэты раз свае карціны прэзентаваў мінскі мастак-графік Фёдар Ладуцька.
 
З Уздзеншчынай яго звязвае сяброўства з мастакамі, якія нарадзіліся на нашай зямлі.

Паспяхова прайшла сустрэча з першымі гледачамі, якімі, па традыцыі, сталі вучні Уздзенскай школы мастацтваў і прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі.

З прывітальным словам  выступіла натхняльнік і арганізатар мерапрыемства дырэктар музея Тамара Лухверчык, якая назвала мастакоў-энтузіястаў беларускімі перадзвіжнікамі. Затым Фёдар Сяргеевіч правёў першую экскурсію і расказаў шмат цікавага пра гісторыю стварэння сваіх палотнаў.

Асаблівую зацікаўленасць і захапленне ў прысутных  выклікалі карціны "Імшарнік”, "Шэрань”, "Возера Эльгінія”.

Мастак прызнаўся, што любіць усе свае работы, але ўсё ж вылучыў адну, найбольш адпавядаючую цяперашняму стану яго душы: карціна "Блакітныя азёры” – сімвал мудрага спакою прыроды перад таямнічасцю Вечнасці.

Цікавая гісторыя стварэння карціны "Зэльвенскі рэчавід”. Яна прысвечана беларускай паэтэсе Ларысе Геніюш. Назву карціне даў Алесь Разанаў.

Мне спадабалася і карціна "Месячны шлях”. Яна валодае нейкім містычным магнетызмам: у імгненне вока кудысьці знікае рэальнасць і ты апынаешся там, на месяцавай дарозе праз возера, смела плывеш-ляціш у цёплую невядомасць. 

Палатно "Пушча” — сімвалічная споведзь-прытча няўрымслівай душы. Стромкія роўныя сосны імкнуцца ўвысь, іх кроны губляюцца недзе па-за межамі карціны. Так і мы, як гэтыя дрэвы, цягнемся да неба і…

Было на прэзентацыі шмат цёплых слоў захаплення і ўдзячнасці ў адрас мастака, абмеркаванне асобных твораў, пытанні да творцы.

Словам, прыемна было знаходзіцца сярод людзей, душы якіх не счарсцвелі і не забуцвелі ў прозе мітуслівых будняў.

А пачалося ўсё напрыканцы мінулага года з выстаўкі Лявона Грышука, якая мела шырокі розгалас сярод уздзенцаў.

Лепш, чым сказаў пра творы мастака А. Істамянок, бадай, не скажаш, а таму проста працытую яго: "Цяжка вызначыць, што робіць карціны прыцягальнымі і аптымістычнымі – свет альбо цудоўныя чыстыя фарбы, злучаныя з гэтым светам. Барацьба дабра і зла, неабходнасць выбару і надзея – свет у канцы тунеля, а ў ім укрыжаваны Ісус Хрыстос – асноўная думка, якая аб’ядноўвае ўсе прадстаўленыя на выстаўцы работы мастака”.

Ф. ЛАДУЦЬКА

Так паспяхова стартаваў новы мастацкі рэгіянальны праект "Роднай Міншчыне прысвячаецца”.

Праект беларускіх мастакоў-перадзвіжнікаў паспяхова праходзіць апрабацыю ва Уздзе і дае магчымасць шматлікім аматарам выяўленчага мастацтва дакрануцца да вялікага і вечнага праз творчасць сталічных гасцей.

Лявон Іванавіч Грышук – адзін з ініцыятараў і актыўны ўдзельнік праекта. Маленькая радзіма мастака — уздзенская  вёска Глінкі.

А вось Алесь Філіповіч, які нарадзіўся ў Мінску, вярнуўся да сваіх каранёў у самым прамым сэнсе. Ён пакінуў вірлівую фешэнебельную сталіцу і прыехаў жыць у маленькую вёсачку Куль, адкуль родам бацькі.

Выстаўка яго работ праходзіла напачатку 2010 года, таксама мела вялікі поспех сярод прыхільнікаў мастацтва. Цяпер яго карціны экспануюцца ў Слуцкім раённым гісторыка-края-знаўчым музеі.

Актыўна падтрымаў ідэю ажыўлення духоўнага жыцця рэгіёнаў і сталічны мэтр, выкладчык кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў, дацэнт, член Беларускага саюза мастакоў Яўген Феліксавіч Шунейка.

Яго выстаўка называлася "Ад нёманскіх вытокаў”. Усе творы так ці інакш былі тэматычна звязаны з Нёманам, з гісторыяй нашага краю.

У 2005 годзе Яўген Феліксавіч абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме "Беларускія набіваныя тканіны”. І на выстаўцы "набіванка” была прадстаўлена шэрагам цікавых па задуме і ўвасабленні работ: "Першая сустрэча Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл у Геранёнах на Панямонні”, "Сымон Будны, уздзенскі першадрукар”, "У суседак Стась у пашане”, "Наднёманская раніца. Малады Адам і яго паэтычная муза Марыся”.

Карціны, якія былі напісаны знарок да гэтай выстаўкі і адлюстроўвалі моманты ўздзенскага жыцця, мастак падарыў нашаму музею. 

Пагадзіцеся, шчодры дар. Дзякуй Вам, Яўген Феліксавіч! Дарэчы, Лявон Іванавіч Грышук таксама пакінуў часцінку свайго натхнення на ўздзенскай зямлі — карціну "Вясна на Панямонні”.

Зоя  КАЛКОЎСКАЯ, старшы навуковы супрацоўнік раённага гісторыка- краязнаўчага музея.

Фота  Паўла  ПРАХАРЭНКІ.




Источник: http://www.uzdanews.by/?p=665
Категория: Кнігі, публікацыі ўдзельнікаў праекта | Добавил: IstokNemana (16.10.2013)
Просмотров: 1004 | Теги: Евгений Шунейко, Узденский музей, Федор Ладутько, УЗда, выток Немана | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
avatar
Форма входа
Поиск
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0