Летні час – ідэальны перыяд для падарожжаў па Панямонню. Як толькі зніклі ліпеньская гарачынь і спякота, узнікла жаданне наведаць Гродна і стварыць серыю фотазамалёвак архітэктурных помнікаў горада над Нёманам.
Акцэнт быў зроблены не на сучасных пабудовах, якіх дастаткова ў цэнтры Гродна і на былых ускраінах, але на культавых і палацавых помніках XII – XVIII стст., якія з’яўляюцца гонарам нашай нацыянальнай архітэктурнай спадчыны.
Не будзем бавіцца ў “штучную сціпласць”. Па колькасці першакласных узораў дойлідства розных эпох – Гродна займае першае месца ў нашай краіне.
Тут захаваліся храмы ўсіх хрысціянскіх канфесій, нягледзячы на тое, што пэўная частка іх была зруйнавана ў мінулым стагоддзі. Нават ёсць два каралеўскіх замка (Стары і Новы), аб’яднаныя старадаўнім мастом.
Яшчэ ёсць у Гродне адна невычэрпная тэма для даследчыкаў архітэктурных скарбаў. Гэта – самыя “звычайныя” камянічкі канца XIX – XХ стст.
Яны тут займаюць амаль увесь цэнтр старога горада, захаваліся ў прадмесцях, дзе суседнічаюць з вельмі даўнішняй драўлянай архітэктурай.
Кожны з іх - маленькі шэдэўр па сваім канструктыўным вырашэнні, па аздабленню фасада. Менавіта ў той перыяд “звычайная” жыллёвая архітэктура стала самай прыгожай за ўсю гісторыю свайго развіцця.
У Гродні яна захавалася і выразна сведчыць пра гэта, нягледзячы на свой больш чым стагадовы ўзрост.
У Гродне, асабліва летам, заўсёды шмат турыстаў з Беларусі, а таксама з Расіі, Польшчы і Літвы. Кожны з іх знаходзіць для себе нешта непаўторнае і значнае, далучаецца да асяблівага асяроддзя, у якім жыве і перакрыжоўваецца гісторыя розных краін і народаў.
Дарэчы было б убачыць на вуліцах і на нёманскіх берагах мастакоў з эцюднікамі, якія сваёй творчасцю сведчаць пра унікальную прыгажосць гэтага горада і радуюць сваёй прысутнасцю яго жыхароў і іх гасцей.
Але іх цяпер амаль немагчыма ўбачыць, бо традыцыя плэнэрнага малявання ў Гродне не вельмі часта практыкуецца.
Таму спатрэбіліся пэўныя арганізацыйныя намаганні і дапамога гродзенскай мастацтвазнаўцы Алены Русачак, каб наведаць гродзенскія творчыя майстэрні.
У адной з іх, побач з каралеўскімі замкамі плённа працуе мастак родам з Абхазіі Генадзь Лакоба. Падчас крывавага канфлікту 1992 года ён пераехаў у Гродна і не перастае здзіўляць беларускіх і замежных гледачоў сваёй скульптурнай, жывапіснай і тэкстыльнай дзейнасцю.
У цэнтры яго мастацкіх захапленняў – алегарычны вобраз жаночай красы. Цяпер мастак рыхтуецца да персанальнай выставы ў Парыжы. Як ён жартуе, ад Гродна да Парыжа гэта значна бліжэй, чым ад яго роднага Сухумі.
У другой майстэрні, якая знаходзіцца ў занёманскім мікрарайоне Вішнявец, ўжо больш як 20 гадоў шчыруе над сваімі жывапіснымі і керамічнымі кампазіцыямі таленавіты мастак Васіль Мартынчук.
Вучыўся ў Львове, але каханне да беларускай дзяўчыны прывяло яго ў Гродна, дзе ён знайшоў тэму для сваёй творчасці: рамантычны свет вобразаў з народных легенд і паданняў.
Казачная фантазія і насычанасць сімвалаў адрозніваюць яго творы, якія экспануюцца ў Гродне, cуседнім польскім Беластоку і нават у далёкім Лондане.
У Новым замку, у былой залі, дзе раней адбываліся векапомныя палітычныя паседжанні, зараз размясцілася выставовая пляцоўка.
У жніўні тут гледачоў усхвалявалі акварэльныя творы вядомага беларускага архітэктара І.Мядзведзева. У 1958 годзе ён жыў і працаваў у Гродне, знаходзячы вольны час, каб маляваць гродзенскія пейзажы.
Цяпер яны нясуць не толькі гістарычную, але і высокую мастацкую вартасць, якая вытрымала выпрабаванне часам.
Вось такія адбыліся летнія гродзенскія сустрэчы, пра якія немагчыма распавесці ў адным матэрыяле. Таму неўзабаве ў іх будзе працяг.
Сваімі ўражаннямі падзяліўся актывіст праекта “Выток Нёмана-выток духоўнасці” Яўген Шунейка.
|