МАСТАК-НАВАТАР, ШТО РОДАМ З МАХОЎКІ
Нататкі з персанальнай выставы Фёдара Ладуцькі да 70-годдзя
з дня нараджэння ў Мастацкай галерэі імя Г.Бржазоўскага пры Пухавіцкім раённым
краязнаўчым музеі.
16 студзеня 2014 г. у прыбраным першым
зімовым снегам горадзе Мар’іна Горка адбылася вельмі запамінальная культурная
падзея.
Сюды прыехаў разам з калегамі і сябрамі вядомы зямляк з Мінску, член
Беларускага саюза мастакоў Фёдар Ладуцька. Ён прывёз з сабою свае новыя
жывапісныя і графічныя творы ў пейзажным жанры, якія былі выстаўлены ў мастацкай
галерэі для самага шырокага кола гледачоў.
Гэта вельмі
важна, каб такую выставу ўбачылі землякі, што паважаюць прадстаўнікоў свайго
краю, якія сталі вядомымі ў нашай краіне, дзякуючы добрым справам у розных
галінах дзейнасці, тым больш у мастацтве.
З
Пухавіцкага раёна на працягу мінулых дзесяцігоддзяў у свет творчасці пакрочыла
шмат таленавітай моладзі.
Сярод іх быў
і Ф.Ладуцька. Цяпер ён аддае належнае сваім землякам як мастак. Таму яго
юбілейная выстава так і называецца "Вяртанне на Радзіму”.
На адкрыцці
выставы перад зацікаўленай аўдыторыяй дарослых і школьнікаў шмат прачуленых
слоў пра творчасць і асобу юбіляра сказаў дырэктар музея, вядомы беларускі
збіральнік і прапагандыст айчыннага мастацтва А. Прановіч.
На здымку (злева направа): Яўген Шунейка, Андрэй Лычкоўскі, Алесь Карлюкевіч, Алесь Філіповіч, Аляксандр Прановіч.
На адкрыццё
выставы прыехаў таксама і А.Карлюкевіч, галоўны рэдактар газеты "Звязда”,
выдатны краязнавец і аўтар шматлікіх публікацый і манаграфій.
Ён адзначыў,
што Пухавіччына падаравала краіне і свету шмат слаўных імёнаў. На яго думку,
Ф.Ладуцька, сціплы і шчыры творца, які нарадзіўся і правёў сваё дзяцінства ў
вёсцы Махоўка непадалёк ракі Пціч, з’яўляецца цяпер адным з прадстаўнікоў
мастацкай інтэлігенцыі, якая сваім творчым крэда абрала сувязь з духоўнымі
вытокамі. Таму такая непарушная далучанасць да мілых і светлых вобразаў роднага
краю.
Мастакі-калегі
Алесь Філіповіч, Андрэй Лычкоўскі, Леанід Гоманаў таксама выказалі сваё захапленне зусім
свежымі творамі юбіляра, размешчанымі ў экспазіцыі: "Цвіце лотаць” (2013),
"Плынь” (2013), "Возера” (2012), "Родныя прасторы” (2013), "Дукора” (2013) і
інш.
"Лотаць"
Многія з іх
ствараліся падчас творчых плэнэраў на
Міншчыне, у якіх прымаў удзел і Ф.Ладуцька. Ёсць пейзажы, якія ён выканаў у
далечыні ад гарадскога асяроддзя на лясных берагах амаль першабытнага азёрнага
краю, што захоўваецца на Віцебшчыне.
"Рака Свіслач"
Калег мастака вельмі ўражвае, як
ён проста і выразна стварае свае пастэльныя і алейныя творы. Здаецца, нічога
асаблівага няма. А калі прыгледзецца, кожны сціплы матыў глыбока закранае думкі
і пачуцці.
"Бор"
Сам мастак тлумачыць гэта тым,
што сучасныя людзі стаміліся ад усяго нанаснога і штучнага. Іх усё больш
прыцягвае родная і ачышчальная стыхія прыроды. І мастак лічыць сваім абавязкам
дапамагаць гледачам знайсці свой шлях да першаснага і нескажонага свету.
На думку аўтара гэтых радкоў,
творы Ф.Ладуцькі можна параўнаць з мастацкай пейзажнай спадчынай генія
Скандынавіі нарвежскага мастака Эдварда
Мунка (1868-1944), які перадаў у вельмі аскетычнай і лаканічнай форме вялікую
духоўную повязь чалавека з яго суровай паўночнай Радзімай.
Менавіта яна шліфуе яго характар,
дазваляе пераадольваць віхуры выпрабаванняў і захоўваць лепшыя яго чалавечыя
якасці.
Э.Мунк
так шанаваў моцы прыродных стыхій, што дазваляў дажджу і снегу, ваганням
тэмпературы ўплываць на характар жывапісных адлюстраванняў на палатне. Праз
вялікае і заўсёды адчыненае вакно ў даху
яго майстэрні на творы траплялі не толькі цёплыя сонечныя праменні, але і
зімовыя сняжынкі. Э.Мунк. Аўтапартрэт з бутэлькай віна 1906, Музей Мунка, Осла
У выніку, з блізкай адлегласці
пазіраючы, творы геніяльнага нарвежца падаюцца нават няхайнымі, нібы
пашкоджанымі зацёкамі вады. Але варта адыйсці на пару крокаў, каб мункаўская
моц творчага саюза з прыродай захапіла сваёй духоўнай глыбінёй і неўтаймаванай
экспрэсіяй пачуццяў.
Вельмі падобным чынам стварае
свае выразныя пейзажныя творы і Ф.Ладуцька, менш за ўсё зважаючы на іх вонкавы "салонны
выгляд”.
А ў выніку перадае самае
галоўнае, духоўна-аздараўляльнае, шматзначна-сімвалічнае, чым так бязмежна
напоўнена наша прырода. Яна мае і паўночныя і паўднёвыя адценні. Сапраўднаму
мастаку ёсць што адлюстроўваць на яе беларускім улонні.
Леанід Гоманаў, Алесь Карлюкевіч, Алесь Філіповіч.
Усе прысутныя былі перакананыя ў
тым, што бачаць перад сабой узоры чыстай і праўдзівай творчасці сталага і пры
гэтым вельмі маладога мастака-наватара, які знайшоў свой пазнавальны аўтарскі
стыль і адпаведныя сродкі выяўленчай выразнасці.
Усе пажадалі Ф. Ладуцьку як мага
больш знаходзіць часу для такой пранікнёнай творчасці, бо кожны яго новы твор –
сапраўднае пейзажнае адкрыццё.
Мастацтвазнаўца Яўген Шунейка
|