ЭТАПЫ
ТВОРЧАГА СУПРАЦОЎНІЦТВА
Уздзенскі і Пухавіцкі раёны не проста мяжуюць на
адміністрацыйнай карце Міншчыны.
Ужо больш за тры гады паміж уздзенскімі і
мінскімі мастакамі, актывістамі праекта "Выток
Нёмана – выток духоўнасці” і
Мастацкай галерэяй імя Г. Бжазоўскага пры Пухавіцкім раённым
гісторыка-краязнаўчым музеем існуюць вельмі плённыя кантакты.
Многае тут
вызначыла зацікаўленая пазіцыя дырэктара музея Аляксандра Прановіча, дзякуючы
збіральніцкай дзейнасці якога, была створана каштоўная калекцыя сучаснага
беларускага мастацтва. Па яго запрашэнню ў экспазіцыйнай зале галерэі персанальныя выставы ладзілі Ф.Ладуцька, А.Філіповіч, М.Мішчанка і інш.
Таксама тут ў
2011—2013 адбываліся супольныя выставы мастакоў Мінска і Узды: "Ад Залатой
Горкі да Мар’інай Горкі”, "Прысвячэнне Якубу Коласу”, "Беларусь на скрыжаванні
1812 года”, "У гонар 75-годдзя кампазітара Ігара Лучанка”. Сёлета А.Прановіч прапанаваў М.Мішчанку,
Л.Гоманаву, В.Барабанцаву, Ф. Ладуцьку і іншым мастакам папрацаваць у летні час
на эцюдах, каб папоўніць яго выдатную калекцыю новымі творамі, дапамог дзеля
гэтай мэты патрэбнымі жывапіснымі
матэрыяламі. Такая прапанова прыйшлася даспадобы мастакам, якія ў хуткім
часе перадалі ад кожнага удзельніка праекта ў пухавіцкі музей па два жывапісных
палатна з летнімі пейзажнымі матывамі, створанымі
на Міншчыне. Але на гэтым праект творчага
супрацоўніцтва не вычэрпаўся. У лістападзе 2013 года ў мастацкай галерэі пухавіцкага
музея адбудзецца персанальная выстава Леаніда Гоманава з нагоды яго 60-годдзя з
дня нараджэння. А ў сёлетнім снежні – персанальная выстава Ф.Ладуцькі з нагоды
яго 70-годдзя з дня нараджэння. Трэба сказаць, што Фёдар Сяргеевіч родам з
Пухавіцкага раёна. Ён нарадзіўся ў вёсцы Махоўка непадалёк Рудзенска.
2 кастрычніка ён наведаў Мар’іну Горку, перадаў у музей
свой новы твор "Дарогі ў полі”, паглядзеў вялікую экспазіцыю ў філіяле
краязнаўчага музея ў Блоні (прыгарадзе раённага цэнтра). Гістарычныя і
мастацкія каштоўнасці знаходзяцца там у былым палацы славутага шляхетнага роду
Бонч-Асмалоўскіх, якія падтрымлівалі рэвалюцыйныя грамадскія ідэі.
Затым
мастак дарогамі дзяцінства павандраваў у родную вёску, доўга затрымаўся ля
бацькоўскага дома, на берагах ракі Пціч, рабіў замалёўкі. Несумненна, што гэтыя
ўражанні ўзбагацяць яго творчымі ідэямі для персанальнай выставы. Бо жыццё і
дзейнасць кожнага мастака – гэта вялікае творчае падарожжа па Беларусі і нават
за яе межамі. Але заўсёды ёсць магчымасць вяртацца да свайго вытока - мілага і
незабыўнага куточка роднага краю.
Мастацтвазнаўца Яўген Шунейка
|