Четверг, 21.11.2024, 17:40
Приветствую Вас Гость | RSS

Праект "Выток Нёмана - выток духоўнасці"

Каталог статей

Главная » Статьи » Кнігі, публікацыі ўдзельнікаў праекта

Алесь Мажэйка. 3 КАГО РЭПІН ПІСАЎ «БЕЛАРУСА»?

Пошукі і знаходкі


Алесь Мажэйка
3 КАГО РЭПІН ПІСАЎ «БЕЛАРУСА»?


Сярод твораў вялікага рускага мастака Ільі Яфімавіча Рэпіна ёсць шырока вядомы партрэт з лаканічнай назвай «Беларус»: селянін у ружовай кашулі і светлай світцы стаіць, прыхіліўшыся да бярозавага бруса, і яго жывы і смелы погляд адкрыты нам, гледачам.

Мастак стварыў прывабны вобраз маладога прыгожага чалавека, упэўненага ў сваёй спакойнай і добрай сіле.

Напісаны амаль сто гадоў назад (у 1892 г.) на беларускай зямлі, у віцебскай сядзібе I. Я. Рэпіна Здраўнёве, партрэт вызначаецца не толькі праўдзівасцю псіхалагічнай трактоўкі вобраза, але і значнай абагульненасцю, што падкрэслівалі многія мастацтвазнаўцы.

«Жывучы ў Здраўнёве,— піша вядомы вучоны У. М. Масквінаў,— Рэпін стварыў нямала цікавых эцюдаў, а таксама партрэтаў. Асабліва апошнія ўдаліся мастаку; некаторыя з іх па пранікнёнасці і глыбіні выканання, па шырыні абагульнення і тыпізацыі могуць быць залічаны да разраду так званых партрэтаў-карцін... «Беларус»... разам з «Асеннім букетам»... адкрывае як бы новую вяху ў партрэтнай творчасці Рэпіна. У абедзвюх карцінах мастак па-новаму, з вялікай маляўнічасцю і радасным успрыняццем свету перастварае рэальную прыгажосць свету. Багацце і разнастайнасць колеру, свабода жывапіснага пісьма — водгук мастацкіх пошукаў новай эпохі... Гэты партрэт («Беларус»— А. М.) па праву можна паставіць у лік лепшых сялянскіх вобразаў у рускім мастацтве»1 .

Другая даследчыца творчасці I. Я. Рэпіна, В. А. Ляскоўская, высока ацэньваючы карціну «Беларус», адзначае, што, «як і ранейшыя выявы сялян, гэта быў партрэт пэўнай асобы... Рэпін дае на гэты раз вобраз поўнага сілы маладога чалавека. Сіла надзвычай добра паказана ў свабоднай яго позе. Цікава, што мастак даў менавіта такую характарыстыку беларускага селяніна. Гэта — малады чалавек, які смела і бадзёра глядзіць у жыццё. Трапна схоплены нацыянальныя рысы, якія, можа быць, некалькі засланяюць індывідуальную характарыстыку»2 . Мастацтвазнаўца ўказвае на своеасаблівую унікальнасць гэтага палатна ў творчасці Рэпіна: «Апрача карціны «Беларус», Рэпін у Здраўнёве, відаць, больш не напісаў алеем ніводнага выдатнага партрэта селяніна».3

Вядома ж, і мастацтвазнаўцаў, і шырокія колы аматараў мастацтва і гледачоў не магло не цікавіць пытанне: хто ж паказаны на карціне I. Я. Рэпіна, хто быў мадэллю для мастака. На гэтае пытанне даследчыкі, грунтуючыся на ўспамінах сучаснікаў, роспытах мясцовых старажылаў, адказвалі па-рознаму.

Адны называлі імя дзвінскага плытагона Сцяпана Крывенкі (памёр у 1932 г.)—яго рысы пазнавалі ў партрэце «Беларус» і старажылы, і нават яго ўнук, што перад вайной вучыўся ў школе, пад якую аддала свой дом дачка мастака Таццяна Iльінічна 4.

На думку іншых мясцовых жыхароў, а за імі — і даследчыкаў, мадэллю для Рэпіна паслужыў малады селянін з вёскі Сахарава Сідар Шаўроў. Гэтай пазіцыі прытрымліваюцца згаданая вышэй В. Ляскоўская, М. Неміроўская 5 і інш.

Бліжэй за ўсіх да разгадкі праблемы падышоў А. М. Падліпскі, які многа гадоў аддаў збіранню матэрыялаў аб знаходжанні I. Я. Рэпіна на Беларусі і ў нядаўна выдадзенай кніжачцы «Здравнёво:  здесь жил И. Е. Репин» падаў гісторыю стварэння карціны «Беларус».

Паводле апавяданняў старажылаў, у вёсцы Сахарава жыла мнагадзетная сям'я сялян-беднякоў Шаўровых. Адзін з дзяцей, хлопчык Сідар, у маленстве «на нешта» захварэў, па твары пай-шлі нарывы, і маці, паводле парады бабкі-шаптухі, змазала сыну твар настоем на «жывым срэбры»— ртуці. Дзіця аслепла. А праз дзесяць гадоў, якраз на той час, калі Рэпін пасяліўся ў Здраўнёве, зрок да юнака вярнуўся сам па сабе, без усялякага лячэння. Рэпін захацеў убачыць цудам вылечанага хлопца, а ўбачыўшы, залюбаваўся яго прыгажосцю і вырашыў напісаць яго партрэт.

У час пазіравання дочкі мастака, нібыта, забаўлялі маладога селяніна, чыталі яму вершы, урыўкі з любімых кніг. Праз тры дні партрэт быў закончаны 6 .

А. М. Падліпскі меў сустрэчу з сынам Сідара — Парфірыем Шаўровым, які на просьбу паказаць паперы бацькі адказаў, што, на жаль, падчас вайны ўсе яны згінулі. Захавалася толькі адна недасканалая фатаграфія пышнабародага дзядулі, у якім цяжка распазнаць таго статнага прыгажуна, які пазіраваў I. Я. Рэпіну.

Што ж да версіі Сцяпана Крывенкі, то А. М. Падліпскі ў сваёй брашуры даводзіць, што «Сцяпан Крывенка пазіраваў для эскіза да карціны «Бітва Давіда з Галіяфам»7.

Усе сумненні даследчыкаў магло б развеяць аўтарытэтнае сведчанне самога аўтара карціны. Сапраўды, няўжо ні. ў кога не ўзнікла такое простае і лагічнае жаданне — звярнуцца ў свой час з такім запытам да мастака? Выяўляецца, што было і жаданне, быў і запыт, быў і адказ I. Я. Рэпіна!

Пасля рэвалюцыі, калі дзяржаўная граніца раздзяліла Расію і Фінляндыю, рэпінскае Куокала апынулася за мяжой і мастак, не па сваёй волі, стаў эмігрантам.

Праз некаторы час да Ільі Яфімавіча з просьбай адказаць на пытанне, з каго намаляваны «Беларус», звярнуўся другі эмігрант — відны дзеяч беларускага замежжа, былы старшыня Выканкама Усебеларускага з'езда ў 1918 г., старшыня Народнага Сакратарыята БНР Язэп Варонка. I мастак даў вычарпальны адказ у сваім лісце, які быў апублікаваны ў першым нумары газеты «Белорусская трибуна», што выйшаў 26 кастрычніка 1926 года ў Чыкага (ЗША).

I сёння, маючы гэты дакумент перад вачыма, мы можам не толькі ўпэўнена назваць імя адлюстраванага ў карціне-партрэце селяніна Беларусі канца дзевятнаццатага стагоддзя, але і падаць некаторыя звесткі пра яго сям'ю, пра яго характар, інтарэсы, звычкі.

Вось тэкст гэтага ліста.

«'Белорусс' писан в 1892 году в именьице моем Здравнево, в 17-ти верстах от Витебска,— Верховской волости,— стоящем на р. Западной Двине.

За рекой, против нас, жил крестьянин Сидор Шавуро, он и позировал мне, стоя на воздухе перед окном моей мастерской.

Шавуры — семья из нескольких братьев и сестер. Сидор, как старший брат, наследовал старшинство по смерти отца; дом же был зажиточный, порядочный. Второй брат Михалко был плотник и столяр, третий школьный учитель. Сидор был неграмотен, но имел характер держать в повиновении всю семью; сестра была — сестрой милосердия,— красивая, способная; все держались у власти Сидора; со слов меньшого брата, Сидор знал наизусть много стихотворений Лермонтова, Пушкина и громко с чувством распевал их даже в поле и по дороге.

Картина 'Белорусс'— приобретена б. императрицей Марией Федоровной и подарена музею».

Такім чынам, праз многа-многа гадоў да нас даходзіць самае верагоднае сведчанне аб прататыпе «Беларуса»— з-пад пяра самога мастака. Цікава, што ён называе сваю мадэль не Шаўровым, а Шавурам (і такое прозвішча сустракаецца ў нас на Беларусі, і, можа, трэба будзе ўдакладніць нашы ранейшыя веды); і хоць не названа вёска, дзе жыў Сідар, затое ўказана не толькі яе месца, але і той «пятачок», дзе юнак пазіраваў.
I мы ўжо не зможам — па ранейшай завядзёнцы — падкрэсліваць «абавязковую» галечу мнагадзетнай беларускай сям'і, бо ўжо ведаем, што яна магла быць заможнай і даць не толькі зямляроба, але і сталяра, і школьнага настаўніка, і, як бы сказалі цяпер, сярэдняга медыцынскага спецыяліста.

Адзін з беларускіх мастацтвазнаўцаў, даследуючы ролю партрэта ў выяўленчым мастацтве і закранаючы ў сувязі з гэтым творчасць I. Я. Рэпіна, зазначае:    «Мастацтва ведае прыклады, калі намаляваны партрэт з'яўляецца зборным, напрыклад, Ільі Рэпіна «Беларус» (1892). Ен абагульняе тыповыя рысы асобных людзей, сацыяльных слаёў грамадства або нагат цэлай нацыі»”.

Абапіраючыся на публікуемы ліст I. Я. Рэпіна да Я. Варонкі, мы можам не толькі пагадзіцца з даследчыцкім пастулатам, але і ўбачыць у карціне «Беларус» сімвал нацыі, якая на парозе новага, дваццатага стагоддзя абуджаецца да новага жыцця. Малады чалавек, які гадамі літаральна не бачыў свету, быў сля-пым, цягнецца да святла культуры, да Пушкіна і Лермантава (яшчэ не было ў літаратуры Купалы і Коласа), не забываючы і свайго земляробскага ўмельства (вядзе заможную, «прыстойную» гаспадарку). I смела і ўпэўнена глядзіць у бу-дучыню.

У завяршэнне застаецца хіба дадаць, што публікацыя невядомага ліста I. Я. Рэпіна падрыхтавана была мной для цытаванага тут выдання «Новое о Репине», але ў тыя часы ў кнігу ўвайсці не змагла — складальнікам «не падыходзіла» про-звішча мастакоўскага адрасата. I ліст Рэпіна не быў уведзены ў навуковы ўжытак яшчэ два дзесяцігоддзі.

=======================================

 1 Новое о Репине: Статьи и письма художника. Воспоминания учеников и друзей. Публикации / Ред.— сост. И. А. Бродский, В. Н. Москвинов. Л., 1969. С. 387.
2 Лясковская О. И. Илья Ефимович Репин. Жизнь и творчество. М., 1982. С. 337.
3 Там сама. С. 338.
4 Палеес С. Рэпін у Беларусі // Полымя. 1955. № 10. С. 146, 148; Ус А. Рэпін у Бе-ларусі // Маладосць. 1961. № 3. С. 122.
5 Немировская М. Портреты И. Е. Репина: Графика. М., 1974. С. 71.
6 Подлипский А. М. Здравнёво: здесь жил И. Е. Репин. Мн., 1990. С. 11—12.
7 Там сама. С. 54.
8 Лазука Б. А. Партрэт у выяўленчым мастацтве // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1988. N2 10. С. 65—66.

 

Крыніца: "Мастацтва Беларусі" №10 1991 г.

 

Категория: Кнігі, публікацыі ўдзельнікаў праекта | Добавил: IstokNemana (29.08.2014)
Просмотров: 1473 | Теги: Илья Репин, музей-усадьба Здравнево, Исток Немана - исток духовности | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
avatar
Форма входа
Поиск
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0