Пятница, 13.12.2024, 04:24
Приветствую Вас Гость | RSS

Праект "Выток Нёмана - выток духоўнасці"

Каталог статей

Главная » Статьи » Праект "Выток Нёмана - выток духоўнасці"

Яўген Шунейка. У ТВОРЧЫМ ГНЯЗДОЎІ МАЙСТРА. У ПЛЭНЭРА ЁСЦЬ ПРАЦЯГ

У ПЛЭНЭРА ЁСЦЬ ПРАЦЯГ

Як магніт прыцягвае турыстаў старадаўні Нясвіж. Добрай традыцыяй сталі і летнія практыкі студэнтаў мастацкіх ВНУ ў гэтым маляўнічым асяродку Міншчыны.

Вось толькі больш сталых мастакоў з эцюднікамі тут, мабыць, убачыць не так проста. Таму адразу ажывілася жыццё на вуліцы   Садовай, калі побач з домам-музеям М.Сеўрука з’явіліся незнаёмыя творцы з патрэбнымі прыстасаваннямі для жывапісу з натуры.

Мясцовыя людзі з разуменнем і з добрай усмешкай пазіралі, як натхнёна працуюць мастакі, бо, мабыць усе ад сваіх бацькоў і дзядоў не раз чулі пра мастака, школьнага настаўніка па маляванню з іх роднай вуліцы, які з 1939 года да апошніх сваіх дзён жыў і працаваў у Нясвіжы.

Маляваў кожны дзень і пакінуў роднаму гораду такую велізарную спадчыну, якой магла б ганарыцца не адна еўрапейская краіна. Міхась Сеўрук (1905-1972), прадстаўнік выдатнай творчай школы віленскага класіцызму першай паловы ХХ ст., стаў  мастацкай легендай нашай нацыянальнай культуры.

Ён узвысіў вобразы прадстаўнікоў беларускага народа да вышэйшых гарманічных ідэалаў, адлюстраваў невычэрпнае хараство нашай зямлі, якую аздабляюць сведкі сівой гісторыі - храмы, палацы і сціплыя хацінкі людзей сумленных і працавітых.

Убачыць ўсе гэтыя мастацкія здабыткі раней было даволі складана. Не было нават элементарнай інфармацыі пра творчасць нясвіжскага класіка ў друку, транспарт ад сталіцы да "сціплага” раённага цэнтра функцыяніраваў не вельмі інтэнсіўна і г.д. 

Цяпер зусім іншыя абставіны. Непадалёк ад радзівілаўскага палаца адчыніў дзверы для наведвальнікаў Дом-музей сапраўднага патрыярха нацыянальнага жывапісу.  Яго творы ўсё больш пачынаюць уражваць і авалодваць думкамі і пачуццямі гледачоў.

У экспазіцыі можна ўбачыць сапраўдныя пэрліны жывапісу і графікі. Кожны твор змястоўны і вобразна захапляльны і не можа не ўражваць,  бо свет вобразаў вялікага творцы просты і родны для кожнага чалавека. У ім пульсуе шчырая любоў да ўсяго станоўчага, гуманнага, годнага, духоўна-прасвятлёнага.

Цяпер яго творчасць пачынае ўспрымацца як духоўная абарона ад розных агрэсіўных і  нігілістычных атавізмаў мінулага стагоддзя.

Яны так доўга прыгняталі нашых суайчыннікаў, што неабходна ўсім ведаць, на якіх узорах у наш час выхоўвацца, каб знайсці патрэбную для сучасных людзей гармонію, веру ў свае чыстыя ідэалы. 

Творчасць М.Сеўрука – надзейны эстэтычны арыенцір на шляху гэтых станоўчых памкненняў. Вось толькі не ўсе творы можна ўбачыць у экспазіцыі. Частка з іх патрабуе рэстаўрацыі, частка з іх захоўваецца ў фондах музея без патрэбных рам.

Таму заклікаем ўсіх мастакоў-калегаў і аматараў жывапісу нясвіжскага класіка да калектыўнай акцыі "Падаруем творам мастака патрэбныя рамы”, каб неўзабаве ўбачыць іх на новых прадстаўнічых выставах. 

       

Удзельнікі першага плэнэра ў гонар памяці М.Сеўрука не маглі прысці ў сябе ад яскравых уражанняў.

Андрэй Лычкоўскі і Алесь Філіповіч з небывалым натхненнем малявалі выгляд дома М.Сеўрука з боку вуліцы, з мемарыяльнай шыльдай ля ўвахода. Атрымаліся пейзажы ў надзвычай прасвятлёных колерах з вялікім эмацыйным уздзеяннем. 

Алена Шунейка размясцілася з акварэльнымі фарбамі і намалявала выгляд дома ў атачэнні старых дрэў зялёнага сада, дзе вельмі часта адпачываў і маляваў свае творы сам мастак. 

Фёдар Ладуцька знайшоў у пакойчыках старыя рэчы, якімі раней карыстаўся паважаны гаспадар дома, і намаляваў унікальны у беларускім мастацтве мемарыяльны нацюрморт на фоне светлага вакна. Яму таксама раптоўна прыйшла ідэя стварыць копіі твораў мастака і экспанаваць іх звонку на тарцавым баку будынка з цёмна-тэракотавай цэглы. Сапраўды, уражанне можа быць выключнае. Падобны прыклад  даюць нам французы, якія выкарыстоўваць падобныя копіі для муроў камянічак у брэтонскім мястэчку Понт-Авэн, дзе ў 1880-х гг. тварыў вялікі мастак Поль Гаген і іншыя еўрапейскія сімвалісты.

Аўтар гэтых радкоў быў таксама захоплены выразнымі і гнуткімі абрысамі старых дрэў, кветкамі сада, прасякнутымі сонечным святлом. Імгненна нарадзілася ідэя твору, які прысвечаны вяртанню мастака з эцюдаў да роднага ганку, дзе яго чакае жанчына з кошыкам яблыкаў. Зусім як на яго незабыўных творах.

Пасля пранікнёнага знаёмства з сядзібай творцы ўдзельнікі плэнэра пачалі вывучаць горад, вельмі дагледжаны і маляўнічы, з чыстымі і пафарбаванымі вуліцамі, што літаральна патанаюць у зеляніне.

На агляд адрэстаўраванага палацу і іншых гістарычных помнікаў не хапіла дзённага часу. Але паспелі да сутоння напісаць яшчэ хуткія эцюды на беразе возера, у водах якога адлюстроўваецца набярэжная частка горада з нясвіжскімі помнікамі даўніны.

Горача абмяркоўвалі мастакі-першапраходцы на беразе возера невычэрпныя магчымасці гэтага выключнага жывапіснага асяроддзя, якое склалася тут на працягу стагоддзяў і патрабуе сапраўднага мастацкага паломніцтва, жывапісных прысвячэнняў, каларыстычных і вобразных адкрыццяў і іншых здабыткаў. 

М.Сеўрук заклаў вялікую творчую традыцыю нясвіжскай тэматыкі, якая патрабуе свайго працягу.  Таму ў сучасных мастакоў ёсць вялікія магчымасці ўнесці ў яе развіццё свой натхнёны і творчы ўклад. Аднойчы пабыўшы ў Нясвіжы, абавязкова вернешся сюды ізноў і ізноў!  


 Яўген Шунейка,

кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, член Беларускага саюза мастакоў.

Источник: http://istoknemana.ucoz.org/publ/vytok_njomana_uzdzenshchyna_2013_g/vytok_njomana_uzdzenshchyna_12_sentjabr_2013_g/jawge
Категория: Праект "Выток Нёмана - выток духоўнасці" | Добавил: IstokNemana (22.09.2013)
Просмотров: 1677 | Теги: Ярослав Филиппович, выток Немана, исток Немана, Николай Мищенко, Федор Ладутько, Алесь Филиппович, Евгений Шунейко, Леонид Гомонов | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
avatar
Форма входа
Поиск
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0