АКАДЭМІЯ МАСТАЦТВАЎ
У НЯСВІЖЫ
26 кастрычніка
бягучага года стаў асаблівым восеньскім днём для педагогаў, супрацоўнікаў,
студэнтаў і аспірантаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Пры падтрымцы
прафсаюзнай арганізацыі гэтай творчай навучальнай установы ўпершыню была
арганізавана аўтобусная экскурсія ў старадаўні Нясвіж.
Выкладчыкі, аспіранты і супрацоўнікі перад уваходам у парк Разівілаў.
Праграма была
вельмі насычанай: пазнаёміцца са славутым радзівілаўскім замкам пасля яго
рэстаўрацыі, убачыць Фарны нясвіжскі касцёл Божага Цела - пэрліну ранняга
еўрапейскага барока, а затым наведаць дом-музей вялікага беларускага мастака
Міхася Сеўрука.
Некалькі
гадзін запар пры дапамозе кампетэнтных экскурсаводаў доўжылася знаёмства з
інтэр’ерамі замка, якім нададзены колішнія функцыі: залы для прыёму гасцей,
асабістыя пакоі ўладароў, арсенал, бібліятэка і інш.
Экскурсантаў
вельмі ўсцешыла, што сярод экспанатаў знаходзіцца шмат твораў іх таленавітых
калег. Гэта дакладныя копіі парадных партрэтаў з радзівілаўскай калекцыі,
габелены на гістарычную тэматыку, выдатна адрэстаўраваныя ўзоры мэблі і іншых
відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Так склалася,
што многія мастацкія каштоўнасці зніклі з беларускай зямлі па розных неспрыяльных прычынах. Але наша таленавітая
нацыя ў стане ствараць новыя каштоўнасці.
Дацэнт кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Ганна Шымелевіч і студэнты-першакурснікі, будучыя мастацтвазнаўцы ў залах палаца.
Для гэтага трэба абавязкова
ведаць лепшыя гістарычныя прыклады, каб
развіваць вялікія традыцыі мінулых стагоддзяў. Таму так важна, каб у Беларусі
аднаўляліся помнікі мінулага, рэстаўраваліся шматлікія творчыя рарытэты, што
яшчэ схаваны ў фондах і да т.п.
Непадалёк ад
замку знаходзіцца духоўнае сэрдца горада – Фарны касцёл.
Яго архітэктура і дэкаратыўна-манументальнае
аздабленне інтэр’ера утвараюць непарушны стылістычны сінтэз. Мабыць, нідзе ў
Беларусі няма такіх шматлікіх роспісаў на старазаветную тэматыку. Яны
літаральна ажыўляюць муры, утвараюць ілюзію бязмежнай, але добра згарманізаванай містычнай прасторы, дзе
сустракаецца Саламон з Царыцай Саўскай і іншыя біблейскія героі.
Вельмі
зачароўвае манументальнае жывапіснае
вырашэнне фрэсак XVIII ст., аўтарам якіх быў прыдворны мастак
Радзівілаў Ксавэры Дамінік Гэскі разам са сваімі здольнымі дапаможцамі.
Другі векапомны
талент нясвіжскага мастацтва ХХ ст. – жывапісец і графік М.Сеўрук. У яго
доме-музеі адбылася памятная сустрэча творчых гасцей са сталіцы і музейных
супрацоўнікаў. Зацікаўленныя мінчукі запоўнілі ўсе памяшкані музея. Прысутных было
так шмат, што, як кажуць, яблыку не было куды ўпасці.
Загадчыца мастацкага
аддзела краязнаўчага музея Ірына Калібаба правяла бліскучую экскурсію па экспазіцыі,
прыгадала шматлікія яшчэ мала вядомыя факты з жыцця мастака.
Потым адбылася
ўрачыстая перадача ад наведвальнікаў з акадэміі ў дар музею зашклёных рам,
вельмі патрэбных пры наладжванні экспазіцый графічнай творчасці М.Сеўрука.
У падарунак рамы для экспазіцыі графікі вядомага мастака.
На
імправізаваным абмеркаванні ўбачаннага з пранікнёнымі прамовамі выступілі
педагогі і студэнты кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Ганна Шымялевіч, Яўген
Шунейка, Глеб Герасімаў, Ганна Быкава і інш.
Усе адзначалі,
што перажываюць вялікае захапленне ад раней невядомых ім твораў мастака, у
вялікай колькасці выстаўленых у музеі.
Кожны з іх – канцэптуальнае пасланне ў
будучыню, сцвярджэнне нацыянальных прыярытэтаў творчасці, што прыводзяць да
багацця і паслядоўнасці стылістычных пошукаў і здабыткаў.
Музейшчыкі і
рэстаўратары на працягу многіх гадоў дастойна выконвалі свой прафесійны
абавязак. Цяпер надыходзіць час мастакоў і мастацтвазнаўцаў, якія павінны сказаць
сваё новае творчае і даследчае слова, звязанае з асэнсаваннем спадчыны М.Сеўрука, нясвіжскага музейнага комплексу ў
цэлым.
Гэтаму будзе спрыяць і актыўнае наладжванне сувязей паміж Нясвіжскім
раённым краязнаўчым музеем і мінскімі
адкрыўцамі свету неўміручых традыцый з Беларускай дзяржаўнай акадэміі
мастацтваў.
Таму неўзабаве
будуць наладжвацца новыя творчыя праекты з акрэсленай нясвіжскай тэматыкай,
пабачаць свет мастацтвазнаўчыя публікацыі, ў якіх будуць уведзены ў навуковы
ўжытак шматлікія этапныя для беларускага мастацтва творы.
Адным словам,
атрымалася выдатная калектыўная вандроўка з вялікімі адкрыццямі і перспектывамі
далучэння да актуальных творчых інавацый
маладых і ўжо сталых дзеячоў культуры.
Вельмі радуе,
што актыўнае далучэнне творчай інтэлігенцыі да вялікай мастацкай спадчыны
адбываецца так актыўна і арганізавана. Несумненна, свайго рода каталізатарам у
дадзеным выпадку была творчая ініцыятыва актывістаў праекта "Выток Нёмана-выток духоўнасці”
(глядзіце публікацыі "У ТВОРЧЫМ ГНЯЗДОЎІ МАЙСТРА. У ПЛЕНЭРА ЁСЦЬ ПРАЦЯГ”, "ЧАРОЎНЫ МАСТАЦКІ КУТОК НА ВУЛІЦЫ САДОВАЙ. КОЛЕРЫ НЯСВІЖСКАГА ВЕРАСНЯ” на сайце
праекта http://istokduhovnosti.ucoz.org/
і таксама на партале Музеі Беларусі http://uzda.museum.by/node),
якая знайшла жывую грамадскую культурную
падтрымку.
Няхай і надалей памнажаюцца і паспяхова рэалізуюцца духоўныя ідэі на
карысць нашаму культурнаму развіццю.
Яўген Шунейка, кандыдат мастацтвазнаўства
Фотасправаздача
"Акадэмія мастацтваў у Нясвіжы” кандыдата мастацтвазнаўства, дацэнта Беларускай
дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Наталлі
Валанцэвіч.
|