Размова про істотнае
РАЗВАГІ КРЫТЫКА ПРА БЫЛОЕ I СУЧАСНАЕ БЕЛАРУСКАГА МАСТАЦТВА
Мой першы артыкул, прысвечаны творчым здабыткам беларускага габелена, быў надрукаваны ў “Літаратуры і мастацтве” ў адным з восеньскіх нумароў 1980 г.
3 таго часу не было года, каб я нешта не пісаў пра мастацтва, не арганізоўваў творчыя экспазіцыі, не выступаў на радыё і тэлебачанні і да т. п.
Аднак заняткі мастацкай крытыкай не з’яўляюцца маёй асноўнай прафесіяй.
Гэта, хутчэй, унутраная патрэба ўплываць на культурны працэс, каб у ім адбываліся станоўчыя перамены, каб мастацкая творчасць развівалася і падштурхоўвала прагрэсіўныя зрухі ў грамадстве і г. д.
Я заўсёды дзяліў гэтыя абавязкі з калегамі-крытыкамі Т. Гаранскай, Л. Фінкельштэйн, В. Архіпавай, В. Жуком, М. Паграноўскім, Н. Шаранговіч, Л. Налівайкай, Т. Бембель, В. Буйвалам і інш.
Беларускім крытыкам быць вельмі цікава, бо заўсёды маеш справу з невядомай мастацкай спадчынай і сучаснай творчасцю шматлікіх майстроў.
Наша нацыя ўвесь час нараджае новыя пакаленні таленавітых мастакоў, таму дзейнасць крытыка не абмяжоўваецца вузкім колам выключных творцаў, якія прэтэндуюць на асаблівую ролю ў культурным развіцці.
Кожная з актыўных творчых асоб робіць значны ўнёсак у гэтае развіццё і вартая ўвагі даследчыкаў і аналітыкаў мастацкага жыцця.
Праўда, крытыкаў відавочна не хапае ў нашым творчым працэсе, таму часам здараецца, што першы артыкул пра сваю творчасць мастак можа прачытаць толькі з нагоды юбілейнай выставы да ўласнага 50-годдзя...
Аднак не будзем сумнявацца ў нашых агульных магчымасцях, бо ўсё можна выправіць пры жаданні. Сёння мы назіраем, што прафесіяналізм у мастацкай творчасці запатрабаваны больш, чым розныя адмысловыя дзі- вацтвы ды “штукарствы” ў міжнароднай выставачнай практыцы 2000-х гг.
Сучаснасць патрабуе ад мастакоў уключэння ў глабальны дыялог куль- тур, што збліжае дасягненні розных цывілізацый і рэгіёнаў свету, а такая задача наўрад ці вырашальная без адпаведнай і грунтоўнай падрыхтоўкі.
У нашай краіне яна існуе на акадэмічным і ўніверсітэцкім узроўнях з 1990-х гг. За мінулае стагоддзе ўтварыліся чатыры мастацкія школы, што аб’ядналі многіх беларускіх мастакоў.
Гэта найперш Віцебская мастацкая школа, якая жывіцца рэвалюцыйнай энергетыкай эксперыментальнай творчасці 1920-х гг.
3 1950-х гг. існуе Мінская мастацкая школа, што грунтуецца на акадэмічных асновах малюнка і жывапісу. Яна таксама злучыла пад сваім дахам усе віды выяўленчага, дэкаратыўнага мастацтва і дызайну.
Дзякуючы даследаванням беларускіх мастацтвазнаўцаў былі вернуты з небыцця здабыткі жывапісцаў і графікаў Віленскай мастацкай школы 1920 - 1930-х гг.
Спалучэнне яе стылістычных неапачаткаў класіцызму і рамантызму заўсёды будзе ўспрымацца эстэтычным каталізатарам культурнага адраджэння.
У 1990 - 2000-я гг. атрымала доўгачаканае прызнанне і стала часткай нашай культурнай гісторыі Парыжская мастацкая школа, лідарамі якой былі нашы землякі Я. Зак, М. Шагал, X. Суцін, М. Кікоін і інш.
Гэтыя мастакі развівалі ідэі неабмежаванай духоўнай вобразнасці, звязанай з тонкімі і больш імпульсіўнымі сродкамі адлюстравання ў стылі экспрэсіянізму.
Парыжская школа атрымала новае дыханне ў 1980 - 2000-я-гг. у творчасці Б. Заборава, I. Котавай, і ўжо немагчыма зноў будаваць штучныя “муры ізаляцыі” паміж мастацкім жыццём Беларусі і Францыі.
Беларускія мастакі з канца 1980-х гг. пачалі засвойваць сусветную культурную прастору.
Жывапісец А. Родзін дамогся вялікага творчага аўтарытэту ў Берліне.
Графік А. Малышава стала доктарам мастацтвазнаўства ў Валенсіі.
Дызайнер М. Эльяшэвіч атрымала званне майстра традыцыйнага кітайскага жывапісу ад пекінскіх экспертаў і г. д.
Такім чынам, нашы актыўныя і мэтанакіраваныя творцы ўключыліся ў новы перыяд сучаснай мастацкай эпохі, які пачаўся літаральна з першых дзён XXI ст. і дынамічна праяўляецца пад дэвізам міжнароднай інтэграцыі.
Беларускія мастакі, безумоўна, імкнуцца да такіх неабмежаваных мастацкіх сувязей, яны шчыра захоплены багаццем жывых уражанняў ад таго матэрыялу, які дае ім сусветная культура.
А прафесійная падрыхтоўка дапамагае авалодаць любой выяўленчай сістэмай адлюстравання і па-новаму выказаць сваё бачанне свету.
Сродкі масавай інфармацыі не паспяваюць за творчымі навацыямі нашых мастакоў, нягледзячы на тое, што крытыкі і журналісты спрабуюць своечасова рэагаваць на розныя выставачныя падзеі.
Відавочна не хапае спецыялізаваных друкаваных выданняў. Разам з тым не будзем забывацца, што мы жывем у час, калі робіцца вельмі даступнай інтэрнэт-інфармацыя.
Выдатным прыкладам стала асветніцкая праграма “Выток Нёмана - выток духоўнасці”, арганізаваная краязнаўцамі і мастакамі на базе Уздзенскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея.
Пад эгідай гэтай творчай супольнасці праводзяцца перасоўныя выставы, майстар-класы.
А каб ідэя такой творчай дзейнасці не “сплыла ў пясок , пра кожны творчы праект распавядаецца на сайце музея, на аб’яднаным сайце музеяў Беларусі, а таксама сябрам праграмы - праз “фэйсбук”.
Аднак самае адметнае сярод падобных “ініцыятыў знізу” - гэта стварэнне відэацэнтра.
Яго супрацоўнікі Р. Сямёнаў і В. Лычкоўскі на грамадскіх пачатках ужо падрыхтавалі відэасюжэты, прысвечаныя 100-годдзю Віталя Цвіркі, Паўла Масленікава, мемарыяльнаму музею Міхаіла Сеўрука ў Нясвіжы, творчасці старэйшага уздзенскага жывапісца, прадстаўніка віцебскай мастацкай школы Івана Салаўя і інш.
Вельмі змястоўным атрымаўся відэасюжэт пра творчасць Барыса і Аксаны Аракчэевых.
Асноўныя падзеі культуры асвятляе штомесячны інтэрнэт-часопіс “Творчае жыццё”. №1 №2 №3 №4
Ужо сёння такія своечасовыя матэрыялы - найноўшая гісторыя беларускага мастацтва, без асэнсавання якой немагчыма рухацца далей.
Крытыка павінна прагназаваць будучыню беларускага мастацтва. Мне бачацца розныя выніковыя шляхі яго развіцця, што павінны быць засвоены не толькі прадстаўнікамі сярэдняга пакалення, якое мае ўжо больш як дваццацігадовы вопыт дзейнасці, але найперш моладдзю.
Яна ўступае на шлях творчасці ў пераломны гістарычны момант фарміравання новых мастацкіх ідэй, а таму не можа задавальняцца другаснымі ролямі ў хуткім працэсе гістарычных змен.
Так, маладзёжная мінская суполка “Неонавая галава” на чале з мастаком Д. Шапавалавым сёння, відаць, адзіная сярод творчых аб’яднанняў, што час ад часу арганізоўвае арыгінальныя і прыцягальныя выставы для шырокага кола гледачоў.
А тым не менш перспектыўнай творчай моладзі ў Беларусі так шмат, што яна магла б утварыць, без перабольшання, дзясяткі суполак у Мінску, Віцебску, Гродне - там, дзе існуюць вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы ў сферы мастацтва.
Сёння самае недаравальнае заключаецца ў тым, што найвыдатнейшае беларускае мастацтва застаецца малавядомым на сваёй айчыннай тэрыторыі.
Што ж тады гаварыць пра яго міжнародную папулярнасць?
Неабходна аднавіць практыку перасоўных выстаў па абласных і раённых цэнтрах. У Беларусі цяпер няма “правінцыйных куткоў”, куды немагчыма даехаць.
Скрозь жывуць, вучаццаі працуюць адукаваныя, культурныя людзі розных пакаленняў. Яны з вялікім задавальненнем і разуменнем успрымаюць самыя розныя кірункі і стылі ў сучасным мастацтве.
Гэта вельмі ўдзячная і інтэлектуальна падрыхтаваная аўдыторыя для сустрэч з беларускімі мастакамі. Аўтар артыкула цалкам у гэтым упэўнены, бо не аднойчы браў удзел у арганізацыі мастацкіх выставак на Міншчыне, Гродзеншчыне і ў іншых рэгіёнах нашай краіны.
Усе сучасныя віды і жанры беларускага мастацтва маюць сваіх выдатных і шматлікіх наватараў. Яны маглі б скласці дзясяткі ўяўных творчых “зборных”, здольных аб’ехаць з выставамі ўсю краіну.
Можна толькі ўявіць незабыўныя сустрэчы гледачоў у рэгіёнах са скульптарамі Э. Астаф’евым, В. Копачам, П. Лукам, жывапісцамі Ю. Крупянковым, А. Некрашэвічам, графікамі У. Рынкевічам, Ю. Хілько, габеленшчыцамі Н. Пілюзінай, Л. Пятруль і многімі іншымі нашымі творцамі.
I падобныя сустрэчы абавязкова адбудуцца ў рэальнасці, бо ўжо наспела такая культурная сітуацыя.
Крытык не будзе ставіць пад сумненне выключныя прафесійныя здольнасці нашых майстроў пэндзля, алоўка і іншых сімвалічных прылад творчай дзейнасці.
Аднак пэўная ідэйная карэкціроўка тут ужо вельмі неабходная. Сёння многім беларускім мастакам не хапае такіх важных творчых установак, як значная грамадская матывацыя і адрасаванасць твораў для вырашэння самых розных актуальных задач.
Свабода творчасці не можа існаваць без прафесійнай адказнасці аўтара перад сучаснымі гледачамі. А калі няма творчай адказнасці, незнарок з’яўляецца спрашчэнне значных прафесійных задач амаль да дылетанцкага ўзроўню, да салонных штампаў і г. д.
А мастацкую крытыку такая сітуацыя ўжо не можа задавальняць.
Якая ж з матывацый можа быць вартай сённяшняга дня? Стылістычных і тэматычных абмежаванняў у мастацтве даўно не існуе. Можна выкарыстоўваць велізарны творчы вопыт, развіваць ці спалучаць розныя кірункі.
Аднак і матывацыя рознакірункавай творчасці вельмі шматгранная: узвысіць значнасць чалавечай асобы, абараніць прыродную разнастайнасць, пашырыць эстэтычныя далягляды, ахапіць свежым позіркам гісторыю і вобразна-футурыстычна адлюстраваць гуманістычную будучыню.
Такі пералік можна працягваць. Але будзе лепш, калі гэта з поўнай адказнасцю зробяць самі мастакі-прафесіяналы, якім сёння нельга нічога навязваць “дырэктыўнымі метадамі”.
Застаецца дадаць, што беларускі мастацкі прафесіяналізм, калі мы яго захоўваем і развіваем, не можа абмяжоўвацца толькі ўнутраным ужыткам.
Ёсць вялікая адказнасць перад культурай свету. Час распрацоўваць французскую ды іншыя еўрапейскія і пазаеўрапейскія тэмы ў айчынным мастацтве, бо на Захадзе іх ніхто, мабыць, ужо не вырашыць на належным сюжэтна-фігуратыўным рамантычным ці рэалістычным узроўні.
...Сёлета спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння аднаго з першых прадстаўнікоў Парыжскай школы, нашага земляка з Уздзеншчыны, Яўгена Зака, які гаварыў, што мастацтва не можа быць вузка сённяшнім, бо адначасова паходзіць ад усіх эпох і перыядаў сусветнай творчасці.
У ідэале далейшае развіццё нашага мастацтва бачыцца крытыку менавіта ў такім, магутным творчым рэчышчы. Беларускае мастацтва, несумненна, здатнае на вялікае лідарскае першапраходніцтва ў новым стагоддзі.
Яўген ШУНЕЙКА,
кандыдат мастацтвазнаўства.
|