.
ОЙ РЭЧАНЬКА, РЭЧАНЬКА
Нататкі з персанальнай кастрычніцкай выставы Леаніда
Гоманава да 60-годдзя з дня нараджэння ў Палацы мастацтва.
Прырода ў жывапісе мінскага
мастака вельмі далёкая ад гарадской паркавасці і бульварнасці.
Гэта – першароднае асяроддзе, да
якога яшчэ не даходзілі сучасныя мэтры з эцюднікамі. Але прыкметы пейзажных
сувязей з ціхамірным жыццём чалавека ў яго жывапісных матывах дзе-нідзе ды
праяўляецца ў кладачках праз рэчку, у палявых сцяжынках, у шэра-срабрыстых
вясковых хацінках, якія арганічна зрадніліся з роднымі мясцінамі.
На выставе Л.Гоманаў прапанаваў
увазе гледачоў 27 жывапісных твораў, якія характарызуюць сучасны зрэз яго
пейзажных захапленняў.
У. Васюк, Н.Сухавецкая, Л.Гоманаў, Р.Сітніца, Я.Шунейка
17 кампазіцый ён прывёз з магілеўскага мастацкага музея,
дзе захоўваецца вялікая калекцыя яго жывапісу. Іншыя пейзажы ён намаляваў
спецыяльна для гэтага персанальнага творчага праекта.
Асаблівасцю экспазіцыі з’яўляецца
серыя твораў, звязаная з адлюстраваннем мясцін у Заходняй Расіі, дзе працавалі
славутыя жывапісцы В.Паленаў, І.Рэпін і інш. Мастака прывабілі матывы такіх рэк
як Ака, Скніжка і інш.
Пруд в Поленово, 70х80, х.м., 2013.
Аддаленыя ад вялікіх гарадоў мясцінына берагах расійскіх
рэк захавалі сваю маляўнічую прыгажосць і рамантычны характар з тых часоў, калі
рускі краявід перажываў свой "залаты век” жывапісу. І
напачатку ХХІ ст. на кожным павароце рачной плыні мінскі пейзажыст заўважае
выразныя злучэнні воднай прасторы і аздобленых густымі дрэвамі берагоў, якія ў
люстэрку вады пакідаюць свае празрыстыя адбіткі. Такія задуменныя і лірычныя
матывы сталі для Л.Гоманава вельмі ўпадабанымі і жывапісна-каларытнымі. Шмат
вобразных ідэй падказалі мастаку і такія рэкі як Дняпро, Беразіна і інш. Дзякуючы
няспыннай працы з натуры, пейзажыст, як кажуць, не "засіджваецца” на адным
месцы, ўвесь час прыступае да працы над новымі вобразнымі ідэямі, народжанымі
на эцюдах у розныя часы году.
Нават цяжка сказаць, вясну, лета,
восень ці зіму найбольш любіць ён
адлюстроўваць. У цэлым, для ўжо вельмі прыкметнага на выставах "гоманаўскага
каларыта” характэрным з’яўляецца мягкая пастэльная гама, тонкая аранжыроўка
ўсіх паўтаноў і адценняў. Мастак шукае вельмі гарманічна - ураўнаважаных станаў
прыроды, што дапамагае яму ствараць у сучасным жывапісе класічны стыль
краявіда.
Ажыццяўленню гэтай вялікай задачы дапамагае і шматгадовы
ўдзел Л.Гоманава ў многіх міжнародных пейзажных плэнэрах у Беларусі, Малдове,
Расіі, Славакіі, Украіне і іншых краінах.
Са шматлікіх падарожжаў мастак прывёз шмат матэрыялаў с замалёўкамі архітэктурных помнікаў, якія таксама
сталі асновай для яго пейзажных кампазіцый, якія выклікаюць роздум над повяззю
розных гістарычных часоў, пра захаванне прыродных і архітэктурных заказнікаў і
да т.п.
Пасля завяршэння экспанавання
твораў прызнаннага пейзажыста ў Мінску, яго персанальныя выставы будуць
наладжаны ў Мар’інай Горцы, Крупках, Уздзе і іншых культурных цэнтрах Беларусі
і за яе межамі.
Мастак з’яўляецца адным з удзельнікаў праекту ”Выток Нёмана – выток духоўнасці”, і
яго творы ўжо не аднойчы дэманстраваліся на перасоўных супольных выставах на
Міншчыне і Берасцейшчыне.
З нагоды значнага юбілею і
шматгадовай творчай дзейнасці дачка мастака, мастацтвазнаўца В.Гоманава
падрыхтавала пра яго творчасць выдатны альбом з тэкстам і ілюстрацыямі,
прэзэнтацыя якога неўзабаве адбудзецца ў сталіцы.
Мастацтвазнаўца Яўген Шунейка
|