Четверг, 21.11.2024, 11:52
Приветствую Вас Гость | RSS

Праект "Выток Нёмана - выток духоўнасці"

Каталог статей

Главная » Статьи » Праект "Выток Нёмана - выток духоўнасці"

Зоя Калкоўская. Крыніца чалавечнасці

Крыніца чалавечнасці

Дзе яна, гэта загадкавая крыніца, якая сілкуе нашу чалавечнасць: любоў, дабрыню, спагаду, вернасць…

Колькі існуе свядомае людства, столькі і шукаюць яе лепшыя прадстаўнікі грамадства. Адны кажуць, што прыгажосць выратуе свет, другія сцвярджаюць, быццам горкая праўда вылечыць хворага духоўна чалавека, трэція заклікаюць вывучаць гісторыю і пераконваюць апанентаў у тым, што без мінулага не бывае будучыні, чацвёртыя вераць, што сорам прымусіць прыняць пакаянне, пятыя бачаць панацэю ад усіх бедаў у вернасці Радзіме, продкам, традыцыям.

Ёсць, на жаль, і такія, што ўсё яшчэ ўпэўненыя, быццам страх прымусіць быць чалавечным.

Большасць жа ва ўсе часы рана ці позна прыходзіла да разумення, што Бог, вера – крыніца чалавечнасці, пачатак магутнай ракі (сюды ж упадаюць шматлікія раўчукі духоўнасці), якая шчодра арашае Ніву Жыцця.

Да такой высновы праз пакуты творчасці прыйшоў і мастак Алесь Філіповіч, выстаўка творчасці якога амаль два месяцы праходзіла ва Уздзенскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

Асаблівую цікавасць і захапленне ў гледачоў выклікала карціна "Залаты век”. Адна з наведвальніц (шкада, што яна не назвалася) напісала ў кнізе водгукаў: " На карціну "Залаты век” я гатова глядзець многія гадзіны, дні, месяцы… І не надакучыць, і не стамлюся.”


Філіповіч А.М. Залаты век. 2005, палатно, алей

 

З ёю нельга не пагадзіцца. Асабіста я таксама доўга не магла прымусіць сябе адысціся ад гэтага шэдэўра: амаль фізічна адчувала нейкую хвалюючую магнетычную прыцягальнасць палатна.

А калі даведалася пра гісторыю стварэння карціны ад самога аўтара, то ўсё адразу праяснілася: зразумелы стаў і яе ідэйны змест, і багатая вобразная сімволіка дэталяў, і вытанчаная манера мастацкага ўвасаблення, і сугучча-суладдзе фарбаў. Алесь Міхайлавіч неяк, здалося мне, вінавата прызнаўся, што карціна сама праявілася ў час падрыхтоўкі палатна да работы і яму нічога не заставалася, як толькі дамаляваць убачанае.

Відавочна, што такая незвычайная, містычная гісторыя стварэння шэдэўра ўжо сама па сабе цікавая. Што ж наконт прачытання зместу, то тут, як кажуць, розныя людзі бачылі сваё. Тым не менш, усе погляды яднала адно: Бог над усім і ва ўсім.

Наогул, усе карціны былі ўспрыняты наведвальнікамі станоўча. Не менш цёплых водгукаў было і на гістарычныя палотны "Сеча” і "Абуджэнне”. Агульны настрой гледачоў, думаю, выразяць і такія словы водгуку: "Вельмі ўдзячны Вам за ваша "Абуджэнне”. Будзіце нашу свядомасць і далей. Нельга забываць свае карані і сваю годнасць.”


      Філіповіч А.М. Сеча. 1993, палатно, алей


Хацелася б асобна спыніцца на водгуку аб выстаўцы У. Кісялёва. Ён напісаў:”Беларусь ляжыць на шляхах шматлікіх заваёўнікаў і мае нялёгкую ваенную гісторыю, якая пакуль што не атрымала належнага адлюстравання ў батальным выяўленчым мастацтве. Думаецца, Алесю Філіповічу гэту тэму трэба прадаўжаць… Ён вельмі добра адчувае ў сваіх творах Хронас-час”. І тут з шаноўным Уладзімірам Мікалаевічам нельга не пагадзіцца. Сапраўды, гэтаму таленавітаму чалавеку ўдаецца знітаваць наша супярэчлівае зямное жыццё і мудрасць Нябёсаў, акрэсліць узаемасувязі чалавека і Сусвету, бачыць вялікае і прыгожае ў звычайных дробязях празаічных будняў.

Шмат каго прывялі ў захапленне і пейзажы, і партрэты, і нацюрморты… Вельмі цікава выразіла свае ўражанні ад убачанага паэтка Тамара Каляда. Звяртаючыся да мастака, яна напісала: "Вашы творы абуджаюць жывое ўяўленне, закранаюць душу святлом і яркім колерам паказу прыроды…”

Выстаўка мела шырокі рэзананс не толькі ў мясцовым, але і ў рэспубліканскім друку.

Прыязджалі паглядзець на карціны з розных раёнаў, з Мінска. Пенсіянеры і школьнікі, людзі сярэдняга пакалення – такі шырокі ўзроставы кантынгент гледачоў не мог не ўразіць. Думаецца, што самыя таленавітыя творы ў шаноўнага Алеся Міхайлавіча Філіповіча яшчэ наперадзе.

Зоя Калкоўская,

старшы навуковы супрацоўнік Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея.


 



Источник: http://www.uzdanews.by/?p=571
Категория: Праект "Выток Нёмана - выток духоўнасці" | Добавил: IstokNemana (22.09.2013)
Просмотров: 951 | Теги: исток Немана, Алесь Филиппович, Зоя Колковская, выток Нёмана, Узденщина, деревня Куль Узденского района | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
avatar
Форма входа
Поиск
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0