Пятница, 19.04.2024, 02:25
Приветствую Вас Гость | RSS

Праект "Выток Нёмана - выток духоўнасці"

Каталог статей

Главная » Статьи » Праект "Выток Нёмана - выток духоўнасці"

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ. Гаючая энергетыка вялікай ракі

"ЗВЯЗДА"

23 красавiка 2013 года
№ 11 (26)

Гаючая энергетыка вялікай ракі

Месца, дзе пачынаецца Нёман

Пра тое, што Нёман павінен значыць для беларусаў не меней, чым Волга для расіян або Тэмза для англічан, задумаліся ва Уздзенскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

Разважаючы над гэтым, там нават прапануюць уласны брэнд: "Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА".

Месца вытоку такой буйной ракі заўсёды лічыцца сакральным. Аднак дакладна вызначыць яго сёння немагчыма. Бо крынічка, якая некалі разбягалася ў два бакі, а пасля, зноў злучаючыся, давала пачатак магутнаму Нёману, знікла падчас меліярацыі. Быў і камень, з-пад якога біла крыніца, аднак, па чутках, яго ўзарвалі, а кавалкі вывезлі на будаўніцтва дарогі Мінск — Слуцк. Таму ад сапраўднага вытоку каля Узды сёння нам засталася толькі прыгожая легенда, у якой апавядаецца пра тое, як пачынаецца Нёман...


"З-пад лазовага кусціка ды з-пад каменя выбівалася крынічанька і цудадзейным чынам разбягалася ў розныя бакі. Дзіву даваліся людзі: як такое магло здарыцца? Назіралі, любаваліся неверагоднаю з'явай, седзячы на тым камені. Выслухвалі яны аповеды хуткай вады, ды так і прыдумалі тлумачэнне гэтай чароўнай з'яве. Адной ручаінцы далі імя жаночае — Лоша. Другую назвалі мужчынскім — Неманец. Цяклі яны сабе паасобку ды дужэлі, п'ючы ўдосталь талыя снягі ды падарункі шчодрага дожджыку. І вось ужо не ручайкі — рэкі шырокія рассякалі прасторы лугоў, палёў, лясоў ды ўзгоркаў. Радаваліся людзі, гледзячы на іх, сяліліся на ўзбярэжжах. Бо не толькі рыбаю забяспечвалі іх Неманец і Лоша, але і сродкам зносін зрабіліся. І паплылі з краю ў край гандлёвыя плыты ды караблі. І яшчэ адна загадка не давала спакою людзям: ну навошта злучаюцца рэкі? Ну цяклі б сабе паасобку да мора ці акіяна. Дык не, аб'ядноўваюцца, знікаюць самі, каб нарадзіць новае жыццё, з надзеяй, што яно будзе лепшае. Вось і Лоша з Неманцом нядоўга цешыліся воляю і самастойнасцю. Засумавалі, кінуліся насустрач адно аднаму і зліліся ў шырокую ды магутную рэчку. І назву далі ёй людзі незвычайную — Нёман. Слова гэта гаворыць само за сябе: дзвюх рэк не стала, зніклі, нарадзіўшы новае жыццё — "няма", "неман", "нёман"...

І гэта толькі адна з легендаў аб паходжанні магутнай ракі. А ва Уздзенскім гісторыка-краязнаўчым музеі адзначаюць, што няма праблемы ў тым, каб сёння зрабіць новы выток Нёмана — і яго нельга будзе лічыць несапраўдным. Бо месца пачатку ракі прыблізна вылічыць можна, і дастаткова прабурыць свідравіну глыбінёй 10-15 метраў — і вада абавязкова заструменіць. Добраўпарадкаваць навакольную тэрыторыю, зрабіць пад'езды — і мы зноў займеем выток Нёмана.

Навакольныя мясціны сапраўды незвычайныя і маюць моцную станоўчую энергетыку. Дырэктар Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея Тамара Лухверчык расказала, што гісторыя сведчыць пра вялікую жыццядайную сілу наваколля вытоку Нёмана. І гэта пацвярджаецца на прыкладзе славутага ўраджэнца гэтых мясцін Якуба Наркевіча-Ёдкі. Расказвае Тамара Лухверчык:

— На прасторах ад самага пачатку Нёмана і амаль да маёнтка Наркевіча-Ёдкі ніколі не было эпідэмій, хвароб — прырода сама змагалася з адмоўнай стыхіяй. У небяспечны час людзі з навакольных вёсак сяліліся тут і чакалі, пакуль пройдзе эпідэмія. Наркевіч-Ёдка — унікальны чалавек, так дарэчы мастак Міхаіл Рагалевіч намаляваў яго такім светлым, адухоўленым, які нясе добрую, станоўчую аўру. На месцы маёнтка зараз засталіся руіны, аднак сама зямля — яна жыватворная. Турысты, якія да нас прыязджаюць, кажуць, што насычаюцца там прыроднай энергіяй. Яшчэ ніводзін чалавек не паехаў адсюль абыякавым — усе штосьці для сябе атрымалі.

На Уздзеншчыне, па падліках супрацоўнікаў музея, нарадзіўся 21 пісьменнік, 14 мастакоў, 11 акадэмікаў. Відаць, сапраўды зямля тут незвычайная. Мясцовы энтузіяст Васіль Лычкоўскі расказаў, што выпрабаваў на сабе, што такое сіла прыроды. Ён амаль поўнасцю страціў здароўе, аднак сапраўднае адраджэнне перажыў, дзякуючы  гэтым мясцінам. Таму, зыходзячы з уласнага вопыту, Лычкоўскі прапануе стварыць новы этнаграфічна-аздараўленчы турыстычны маршрут:

— Гэты маршрут будзе паляпшаць энергетыку: здымаць дэпрэсію, хандру, меланхолію — чалавек стане больш паспяваць і рабіць усё з радасцю. Уявіце, вы прыязджаеце да вытоку Нёмана. Ён ужо абсталяваны — стаіць прыгожая скульптурная кампазіцыя. Побач зроблены міні-вадаём: плашкі з лістоўніцы або дубу, у іх вада сцякае, яе можна папіць. Далей вада па лесвічцы трапляе ўніз — туды можна акунуцца. Што адбываецца? Выток нацыянальнай ракі будзе аказваць уздзеянне на чалавека. З ім будзе адбывацца прыкладна тое ж, што робіцца на Вадохрышча, толькі скакаць у палонку не трэба, можна прыходзіць у любы сезон. Мы хочам таксама абсталяваць пяць метраў рэчышча, насыпаўшы жвіру. Там можна будзе разуцца і пахадзіць басанож. Вернік можа хадзіць, чытаючы малітву "Ойча наш" — разоў сорак туды і назад. Што адбываецца? Вада, холад, паветра, сонца. Будзе адбывацца ўздзеянне на падэшвы, а на іх знаходзіцца каля тысячы акупунктурных кропак. Адтуль чалавек выйдзе зусім іншым. Калі раніцай — зможа насыціцца энергіяй. Калі, наадварот, энергія лішняя і трэба супакоіцца — лепш зрабіць гэта вечарам.

Яшчэ адзін верагодны пункт наведвання на гэтым маршруце — дуб-асілак пяці з паловай метраў у дыяметры і прыкладна трыццаці метраў у вышыню. Такія дрэвы, як дуб, бяроза, сасна, адзначае Лычкоўскі, аддаюць сваю энергію. Таму, адпачыўшы ля гэтага дуба, таксама можна атрымаць пэўны станоўчы зарад.

Аўтар маршруту расказаў і аб прошчы — месцы зліцця рэк, дзе ўтвараецца Нёман. Яно таксама валодае жыватворнай энергіяй. "Калі мала сіл, трэба паляжаць там хаця б паўгадзінкі, — кажа Лычкоўскі. — Пасля чалавек сам здзівіцца: і куды што дзелася? Праехаўшыся па гэтым маршруце, чалавек напоўніцца здаровымі вобразамі".

Перспектыва аднаўлення вытоку Нёмана вымалёўваецца не тое што вельмі добрай, але нават захапляльнай. Аднак як жа ўвасобіць усе ідэі ў рэальнасць? Ва Уздзенскім гісторыка-краязнаўчым музеі была арганізавана канферэнцыя, прысвечаная вытоку Нёмана. Арганізатары адзначаюць, што яна была пакуль проста ўстановачнай. Усе зацікаўленыя і неабыякавыя асобы пазнаёміліся паміж сабой, высветлілі, у якім кірунку рухацца далей. Было вырашана, што трэба ўсё абгрунтаваць, упарадкаваць і з канкрэтнымі прапановамі выйсці на кіраўніцтва. У першую чаргу плануюць звяртацца ў мясцовы райвыканкам. Аднак ёсць ідэя стварэння таксама апякунскай рады, якая аб'яднае і прадпрымальнікаў, і энтузіястаў — хтосьці зможа дапамагаць фінансава, хтосьці — словам, ідэяй. Будзе вырашацца і юрыдычнае пытанне — адкрыццё добраахвотнага рахунку для падтрымання брэнда "Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА".

Намеснік старшыні Уздзенскага райвыканкама Яўген Шкель адзначыў, што яму вельмі спадабаліся прапановы Васіля Лычкоўскага па аднаўленні вытоку Нёмана і новым турыстычным маршруце, аднак заўважыў:

— У нас на двары сёння рыначная эканоміка. Таму любая справа павінна арганізоўвацца з мэтай атрымання прыбытку. Аднак калі будзе такі шырокі пачатак гэтай справы, яе ідэя стане нацыянальным здабыткам, фінансы на самае неабходнае мы знойдзем. Што датычыцца вытоку Нёмана, трэба стварыць краязнаўчую экспедыцыю, дакладна высветліць, дзе ён быў, і абсталяваць імправізаваны выток там, дзе трэба, зрабіць пад'езд і забяспечыць мінімальную ахову месца, каб прадухіліць вандалізм. Таму трэба стварыць невялікую, але дзейную арганізацыю зацікаўленых людзей, якія б, прама скажам, працавалі за ідэю — такіх людзей у нас дастаткова. І рухацца наперад. Як той казаў, кропля камень точыць не ад моцы ўдару, а ад частаты пападання.

"Ой, Нёман, і песня і слава народа майго і зямлі" — спяваецца ў добра вядомай і любімай усімі песні.



Пэўна, у многіх яна выклікае не толькі добрыя ўспаміны, але і адчуванне чагосьці вельмі роднага і блізкага. Думаецца, надышоў той час, калі Нёман павінен стаць ракой не толькі тых, хто каля яе жыве ці выпадкова апынуўся побач, але і агульнанацыянальным гонарам і сімвалам. Нёман апеты многімі паэтамі і пісьменнікамі, ён намаляваны шматлікімі мастакамі, ды і на стварэнне прыгожай музыкі ён натхніў многіх кампазітараў. І, што самае адметнае, Нёман, як іншыя беларускія адметнасці, нікуды не знік, не быў разбураны ліхалеццямі — наш Нёман і сёння вабіць, супакойвае, натхняе кожнага, хто дакранецца да яго лагодных хваляў. Таму ўсім беларусам сёння патрэбен Нёман, а Нёману — яго выток.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ,

г. Узда



Источник: http://www.zvyazda.minsk.by/ru/pril/article.php?id=111201&prilid=111197
Категория: Праект "Выток Нёмана - выток духоўнасці" | Добавил: IstokNemana (21.09.2013)
Просмотров: 1542 | Теги: Краеведческая конференция, Гаючая энергетыка вялікай ракі, Узденский музей, Узденщина, Узденский район, исток Немана, УЗда, выток Нёмана | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
avatar
Форма входа
Поиск
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0