НА ЗЯМЛІ ВЫДАТНЫХ АСОБАЎ І ВЕКАПОМНЫХ ЗДАРЭННЯЎ
Можна толькі
здзіўляцца нашай пэўнай недаінфармаванасці. Мы кожны дзень пра нешта даведваемся,
пра што не мелі яшчэ ўчора ніякага паняцця.
Не, рэч ідзе не
пра далёкія галактыкі, а пра нашу блізкую і ўсім вядомую (і невядомую)
Міншчыну. Ізноў для сябе нешта нечакана пазнаеш, калі ў чарговы раз узнікае праект арганізацыі выставы ў
якім-небудзь раённым цэнтры сталічнай вобласці. Вельмі
аператыўна мастакі, удзельнікі асветніцкага праекта "Выток Нёмана – выток духоўнасці” збіраліся правесці супольную
выставу "Ад Нёмана да Лані” ў
экспазіцыйнай зале Музея гісторыі Клеччыны.
Адразу
ўлакладнім: гэты цудоўны па сваёй краязнаўчай, гістарычнай, культурнай
значнасці музей знаходзіцца ў горадзе Клецку, праз які павольна нясе свае ад
палескіх вытокаў воды рака Лань.
Апрача
таго ў Клецку захаваўся без асаблівых змяненняў амаль у цэнтры горада вялікі
пагорак, акружаны з усіх бакоў глыбокім ірвом, з якога горад пачынае з 1127 г. сваю сярэднявечную
гісторыю.
Нягледзячы на
тое, што такі унікальны помнік яшчэ не занесены ў ахоўныя спісы, мастакі
адразу адзначылі яго як выключны
гістарычны рарытэт і зрабілі свае памятныя здымкі на яго велічным фоне.
Некалькі крокаў
і ізноў фотасесія на фоне непаўторнага па прыгажосці будынка 1906 г. з чырвонай цэглы ў
стылі гістарызму. Кожны з адкрыўцаў клецкіх каштоўнасцей марыць цяпер, што
неўзабаве гэты ўзорны аб’ект архітэктурнага будаўніцтва стане Міжнародным культурным цэнтрам, у якім будзе месца для мастацкіх
экспазіцый самага рознага фармата.
На сёняшні дзень
выставы ладзяцца ў будынку дастаткова
невялікага, але ўтульнага музея, заснавальнікам якога быў выдатны краязнавец і
педагог Дарафей Чорны (1924-1997). Дзякуючы яго намаганням і многіх яго
аднадумцаў, і вучняў, музей быў пабудаваны пры дапамозе грамадскасці і
адчыніўся для наведвальнікаў у 1979
г.
Вядома, што ў
такім месцы выстаўляць свае творы – вялікі гонар. Гонар таксама хадзіць па
зямлі, дзе яшчэ не згасла памяць і пра рэфарматара XVI ст.
Мікалая Чорнага з роду Радзівілаў, які запрасіў сюды філосафа-гуманіста Сымона
Буднага.
Пра гэта і пра
многае іншае, што звязана з Клеччынай ад сівой даўніны да сучаснасці, яшчэ
будуць створаны мастацкія вобразы. Неабходна хоць на кароткі час апынуцца ў
гэтым вельмі ціхім і натуральным асяроддзі, каб адразу пачалі нараджацца новыя
творчыя ідэі.
Выставу, якая
адчынілася 13 лістапада і будзе экспанавацца ў згаданым музеі на працягу
месяца, можна лічыць пачаткам знаёмства клецкай грамадскасці з тымі мастакамі,
якія ў стане паслядоўна адлюстроўваць рэгіянальную краязнаўчую тэматыку ў розных відах выяўленчай творчасці.
Л.Гоманаў і
А.Лычкоўскі адразу падаравалі музею свае жывапісныя краявіды, каб замацаваць
самыя цёплыя сяброўскія сувязі. Творчых гасцей з Узды і Мінска вельмі цёпла
віталі дырэктар музея Марына Бабко, навуковы супрацоўнік Вольга Лабажэвіч і
іншыя прадстаўнікі невялічкага але працавітага калектыву.
На адкрыцці
выставы прысутнічалі і прымалі актыўны ўдзел у абмеркаванні экспазіцыі настаўніца беларускай мовы і
паэтэса Вольга Дзянісава, бібліятэкар Алена Войцік і інш. Было вельмі шмат
розных аматараў беларускага мастацтва.
Педагог Таццяна
Матусевіч прывяла на адкрыццё выставы сваіх выхаванцаў студыі выяўленчага
мастацтва, для якіх такая сустрэча з прафесійнымі мастакамі, мабыць, падштурхне
ў выбары будучай прафесіі. Сапраўды,
было на што паўзірацца і чаму павучыцца.
Л.Гоманаў
захапіў увагу прысутных сваімі срабрыстымі пейзажамі з матывамі драўляных
хатак, хлевушкоў, лазняў. Ён не стамляецца ствараць прыродны цыкл, дзе кожнае
дрэва, рукатворная пабудова, хмарка на небе – вялікая жывапісная каштоўнасць.
Яго аднадумцы ў
такім бачанні пейзажных даляглядаў – М.Мішчанка, Ф.Ладуцька, А.Лычкоўскі,
А.Філіповіч.
Яны гэта
сцвярджаюць з пэндзалем і фарбамі кожны па-свойму, але ў адным рэчышчы шчырага
захаплення роднымі для сэрдца мясцінамі.
Пейзажысты ўжо
на адкрыцці выставы паведамілі гаспадарам музея, што ўбачылі ў Клецку і навокал
яго столькі маляўнічых куточкаў, што абавязкова арганізуюць сюды рэгулярныя
плэнэрныя маршруты, падключаць сваіх калег, бо усім жадаючым можна знайсці на
зямлі з багатым гістарычным мінулым свой запаветны матыў.
А музейшчыкі
ўпэўнена паабяцалі, што праблем з арганізацыяй такіх шматразовых творчых
мерапрыемстваў не будзе.
Вельмі
зацікавіла гледачоў і экспазіцыя графікі. У.Рынкевіч, які ўпершыню прымае ўдзел
у такой супольнай выставе, прапанаваў гледачам свае шматасацыятыўныя акварэлі
"Брэтань”, "Гняздо”, "Пастушок”. Яны
былі ўспрыняты з вялікім разуменнем і захапленнем. Бо не толькі сталічныя
эстэты чакаюць ад сучаснага мастацтва арыгінальных і смелых творчых вырашэнняў. М.Эльяшэвіч прысвяціла свае творы ў
тэхніцы акварэлі і тушы на рысавай паперы хатнім жывёлам і птушкам, як бы
пашыраючы кола вобразаў, што пачынаюцца з радкоў народнай песні "…паршучок пад лаўкаю бульбачку грызець”.
У яе творах чырвоны пеўнік сустракае раніцу, а сівы конь з белай грывай чакае
свайго гаспадара.
Я.Філіповіч заінтрыгаваў наведвальнікаў музея сваёй міні-скульптурай "Моцны
гарэшак”. Пачуліся меркаванні, што ён
з’яўляецца сімвалам таямніцы нашай яшчэ вельмі невядомай гісторыі. Такім чынам,
ад аўтара патрабуецца працяг такой загадкова-сімвалічнай тэматыкі, а, магчыма, і прыадкрыццё многіх яе таямніц. Вельмі парадавала ўсіх таксама тэкстыльная
кампазіцыя "Уладарка падземных бульбасховішчаў”, прысвечаная самаму папулярнаму прадукту харчавання ў
выглядзе архаізаванай жывой істоты ў атачэнні ёй падобных "падданых”.
Адразу ўзніклі думкі правесці ў наступнай восені
творчае свята "Арт-бульба”, на якім будзе весяліцца ўвесь Клецк. У праграме
свята – мастацкая выстава, частаванне бульбянымі дранікамі, клёцкамі і да т.п. Словам,
адкрыццё выставы пераўтварылася ў вольную пляцоўку калектыўнага фарміравання
новых ідэй пра больш інтэнсіўнае мастацкае адкрыццё Міншчыны.
Дзеля гэтага
варта было наладзіць выставу ў гасцінным і маляўнічым Клецку.
Мастацтвазнавец і ўдзельнік выставы Яўген Шунейка.
|