Пятница, 22.09.2017, 09:24
Приветствую Вас Гость | RSS

Праект "Выток Нёмана - выток духоўнасці"

Каталог статей

Главная » Статьи » Кнігі, публікацыі ўдзельнікаў праекта

Н.Кудзін. НЕ ПРОСТА ТАК МАЛЯВАНЫЯ ДЫВАНЫ

НЕ ПРОСТА ТАК МАЛЯВАНЫЯ ДЫВАНЫ

 

Ужо даўно склаліся вельмі паважлівыя адносіны да класічных узораў беларускіх маляваных дываноў. Яны не перастаюць захапляць адначасова сваёй   прастатой выканання і вобразнай выразнасцю.

А што цяпер ствараецца ў гэтым відзе нашага нацыянальнага мастацтва? На гэту тэму мы вырашылі паразважаць з вядомым беларускім мастацкім крытыкам і … стваральнікам сучасных маляваных дываноў Яўгенам Шунейкам.  

 

Наталля Кудзін: Яўген Феліксавіч, калі ў Вас з’явілася жаданне ўласнаруч ствараць маляваныя дываны? 

Яўген Шунейка: Гэта – вельмі даўняя гісторыя.  Спачатку я проста вывучаў  мастацкія асаблівасці гэтых  народных вырабаў на выставах у 1980-х – 1990-х гг. Яны з’яўляюцца ў традыцыйнай беларускай хаце, як я гэта бачу і разумею, выдатнай духоўнай устаноўкай на жыццёвы поспех, шматдзетнасць, узаемнае каханне, сапраўдную радасць сямейнага жыцця.

Няма ў дыванах выпадковых адлюстраванняў. Усё мае свой важны падтэкст.

Мне вельмі падабаецца і непасрэдная тэхніка выканання “вольнай рукою”. Нічого не робіцца па-рамесніцку суха і бяздушна. А ўсё малюецца вельмі тэмпераментна, на высокай творчай хвалі імправізацыі. Таму і атрымоўваецца ўсё так артыстычна і пераканаўча.  

Мяне таксама ўражваюць маляваныя дываны А.Кіш, Я.Драздовіча, В.Маркаўца, А.Марачкіна, А.Родзіна і інш.

Кожны з іх – непаўторны аўтарскі твор. І кожны мастак малюе дываны па-свойму, як ён асабіста гэта разумее. Мабыць, у падсвядомасці некалі і нарадзілася ў мяне памкненне самому паспрабаваць свае магчымасці ў  гэтым мастацтве. І нарэшце з’явілася сітуацыя, якая схіляла, каб  ўзяцца за пэндзаль і выканаць свой першы дыван.   

Н.К.: І калі гэта адбылося?  

Я.Ш.: У 2008 годзе  ў Палацы мастацтва праходзіла выстава “Сакавіцкія каты”. Адчуў я тады, што крыху не хапае аўтарам свежага гістарычнага погляду на гэту невычэрпную тэму, і намаляваў А.Македонскага з пярсідскім катом.  А затым былі мастацкія праекты “Арт-бульба” (2009), “Год Апостала Паўла” (2010) і інш., калі я ўжо не сумняваўся ў тым, што мае маляваныя дываны будуць уносіць у экспазіцыіі патрэбную творчую разнастайнасць.

 Н.К.:  Калі не сакрэт, як Вы малюецце свае дываны?  

Я.Ш.: У асноўным, малюю на джынсавай баваўнянай тканіне акрылавымі фарбамі. Яна такая шчыльная, што не прапускае вадкія фарбы на адваротны бок.

Не трэба падкладаць паперу ці поліэціленавую плёнку, каб не забрудзіць падлогу. Бо прыходзіцца працаваць на падлозе. Інакш на тканіне цяжка сварыць патрэбнае адлюстраванне. Спачатку наносіцца лёгкі малюнак, потым -- шматразовыя колеравыя пракладкі, каб дасягнуць маляўнічай гучнасці.

Але працэс павінен быць хуткі, трэба спыніцца на такім этапе, калі пачынае праяўляцца ідэя, а колеры ўжо успрымаюцца дастаткова кантрастнымі і жывымі.

Н.К.: Вашы дываны нельга назваць вельмі дэкаратыўнымі і святочна-аздабляльнымі. Яны хучэй тэматычныя, прысвечаныя розным падзеям ці гістарычным асобам. А чаму не паспрабаваць ствараць нешта больш мадэрновае?  

Я.Ш.:  Я не супраць мадэрнізму.  Дывановы стыль не мае ніякіх абмежаванняў. Але ўсё тут залежыць ад канкрэтных абставін. У пачатку 2010-х гг. мне пашчэсціла быць арганізатарам і ўдзельнікам такіх выстаў, якія прыадчынялі заслоны мінуўшчыны, станавіліся  жывым водгукам на юбілейныя святкаванні.

Таму і абіралася адпаведная стылістыка свабодных фігуратыўных адлюстраванняў на рамантычна-неакрэсленай цёмнай паверхні палатна.

Я  вырашаў, такім чынам, тэматыку падзей 1812 года на Беларусі, маляваў легендарныя вобразы навукоўца Наркевіча-Йодкі, мастака  Леанарда да Вінчы з нагоды 530-годдзя яго дзейнасці ў Мілане.

Нават прымаў удзел у здымках тэлефільма, прысвечанага памяці спевака  Чэслава Немэна, дзе на джынсоўцы маляваў яго вобраз больш натуральных памераў, як волата сучаснай музыкі. Таксама стварыў на маляваным дыване вобраз нашага геніяльнага кампазітара І.Лучанка з нагоды яго 75-годдзя і інш.

Адзінае, што не дапускае вельмі свабодная кампазіцыя дывана, гэта – фрагментарнасць і выпадковасць адлюстравання. У дывана абавязкова павінен быць кампазіцыйна-ідэйны цэнтр, які ахінаецца з усіх бакоў адпаведным для рознай тэматыцы бардзюрам. Нішто не павінна вырывацца за яго межы. Інакш дыван не будзе цэльна і вобразна ўспрымацца як мастацкі твор.

Н.К.: Ці не падаецца Вам, што вашы творы застаюцца невядомымі для мінчан, іх мала хто бачыў. 

Я.Ш.: У асноўным, я рыхтую мае маляваныя дываны для перасоўных выстаў па абласных і раённых цэнтрах Беларусі. Там яшчэ няма так званых “супермаркетаў” і “макдональдсаў”, якія прыцягваюць шматлікіх наведвальнікаў адмысловым дызайнам, водарамі безлічных харчовых дэлікатэсаў і інш.

Крыху далей ад сталіцы яшчэ не парушаны традыцыйны лад жыцця, і гледачы рэагуюць на маляваныя дываны, як на нешта роднае і блізкае з дзяцінства. На такіх шчырых гледачоў мае працы, у першую чаргу і разлічаны.

Пасля выстаў я дарую мае дываны за праявы гасціннасці і высокай духоўнай культуры нашых людзей у музейныя калекцыі і нават прыватным асобам, якім яны вельмі патрэбныя. Мае дываны ўжо захоўваюцца ў дзяржаўных музеях і прыватных калекцыях Узды, Навагрудка, Клецка, Гомеля, Віцебска, Гродна, Пінска, Салігорска, Мар’інай Горкі і інш. Прыйдзе час, калі мае дываны будуць у кожнай беларускай сям’і калі не ў арыгінальным выгляде, дык на паштоўках.

Н.К.:  Што Вам дае такая некамерцыйная дывановая творчасць? 

Я.Ш.: Я перажываю стварэнне кожнага чарговага дывана як нараджэнне новай мастацкай ідэі, якая ўзбагачае культурны працэс. Не так хутка намаляваць жывапісны твор вялікіх памераў. А для маляваных дываноў няма такіх праблем.

Я іх доўга выношваю на ўзроўні вобразнай ідэі, а малюю за лічаныя гадзіны. У дываноў ёсць вялікая первага ў адрозненні ад жывапісных кампазіцый, якія нацягваюцца на драўляныя падрамнікі. Скруціш маляваны дыванок у кампактны рулончык і вязі без клопатаў хоць да самых аддалённых беларускіх гарадоў. А з буйнымі жывапіснымі творамі немагчыма на прыватным аўто так зручена і аператыўна падарожнічаць і выстаўляцца там, дзе яшчэ не ступала нага мінскіх мастакоў.  

Н.К.: Якія ў Вас дывановыя планы на гэты год?

Я.Ш.: Мабыць таму, што я не абцяжарваю сябе камерцыйнымі заказамі, у мяне заўсёды хапае творчых планаў, у тым ліку і дывановых. Я ўжо напрацаваў пэўны тып гістарычных і сучасных матываў. Мне іх і развіваць. Вельмі кепска, калі ў мастакоў няма паслядоўнасці ці яны паўтараюць тое, што аднойчы добра прадалося і да т.п. Мяне гэта не тычыцца. Я раблю тое, што мне прыносіць духоўнае задавальненне і працуе на развіццё новых ідэй, без якіх жыццё становіцца шэрым і банальным.

Н.К.: А калі раптам не хопіць сродкаў на тканіну і фарбы? 

Я.Ш.:  Каб выразіць новую і запатрабаваную сучасным жыццём ідэю, можна карыстацца і ўпаковачным кардонам, і іншымі утылізаванымі матэрыяламі, з якіх можна будаваць вялікія экспазіцыі. На шчасце, наша краіна такая прамыслова развітая, што мастаку заўсёды будзе на чым маляваць свае вобразы. У мяне на гэты конт вельмі аптымістычныя спадзяванні. 

Н.К.:  Вельмі прыемна было даведацца пра Вашу творчую дзейнасць. Поспехаў Вам і шырокага прызнання ў грамадстве!   

Я.Ш. Вялікі дзякуй за пытанні і ўвагу да маёй сціплай працы.  

 

 

 

 

Матэрыял падрыхтавала магістранка БДАМ Н.Кудзін.

 

 

 

 

 

 

 



 Маляваныя дываны

Фільм з цыкла папулярна-асветніцкіх перадач Беларускага тэлебачання "Маем рэчы".

У фільме прынялі ўдзел:

Алесь Белы, гісторык,
Аляксандр Рак, галоўны захавальнік гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Заслаўе",
Аксана Коўрык, мастацтвазнаўца,

Расповед аб маляваных дыванах Я.Драздовіча, Алены Кіш, аб гісторыі стварэння музея-запаведніка "Заслаўе", умовах захоўвання дываноў,


----------------------------------------------------------------------
Сьпіс выпускаў цыкла "Маем рэчы":


1. Аптэка
2. Археалогія. Аб працы археолагаў на раскопках старажытнага кургана.
3. Бортнiцтва
4. Хлеб
5. Гарбата
6. Космас Язэпа Драздовіча. Пра вядомага беларускага мастака, скульптара, пісьменніка, паэта, этнографа, археолага, фалькларыста.
7. Куфар
8. Маляваныя дываны
9. Меч
10. Рушнiкi
11. Слуцкiя паясы, або Пас кунтушовы
12. Сыраварня
13. Абсерваторыя
14. Салярныя знакi

Спампаваць   http://www.baravik.org/topic/1304/

 
Категория: Кнігі, публікацыі ўдзельнікаў праекта | Добавил: IstokNemana (07.04.2014)
Просмотров: 934 | Теги: Наталия Кудин, Евгений Шунейко, Яўген Шунейка, НЕ ПРОСТА ТАК МАЛЯВАНЫЯ ДЫВАНЫ, Н.Кудзін | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
avatar
Форма входа
Поиск
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0