ЦЯЧЭ
РАКА ВІСЛА
У гэтым годзе беларуска-польскія культурныя сувязі
атрымалі актыўную грамадскую апрабацыю.
На базе Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі
з замежнымі краінамі (больш папулярна кажучы "Дом Дружбы”) ў Мінску ўжо з
красавіка праходзяць памятныя мерапрыемствы грамадскага таварыства "Беларусь-Польшча”.
Дзякуючы зацікаўленай пазіцыі яго старшыні, пісьменніка
Анатоля Бутэвіча, шматлікіх прыхільнікаў дружбы паміж нашымі суседнімі
народамі, мерапрыемствы праходзяць з шырокім прыцягненнем дзеячоў культуры,
дыпламатаў, журналістаў, прадстаўнікоў старэйшага пакалення і моладзі.
Вясною арганізатараў захапляла тэма сувязей паэзіі
Максіма Танка з польскай літаратурай ХХ ст.
Тады мастакам, удзельнікам праграмы "Выток Нёмана – выток духоўнасці”, было прапанавана ў межах
сяброўскіх сустрэч наладзіць выставу "Цячэ рака Вісла”, каб адлюстраваць
вобразнае хараство польскай зямлі, яе таленавітых і вольналюбных людзей.
16 кастрычніка ў Доме Дружбы ізноў пачаліся мерапрыемствы
літаратурнай і гістарычнай скіраванасці, прысвечаныя Дню Незалежнасці Польшчы
(11 лістапада 1918 г.).
Вершы на польскай і беларускай мовах чытаў дыктар
Беларускага радыё Алег Вінярскі, польскі і беларускі музычны рэпертуар
прэзэнтаваў народны ансамбль "Вязынка” з Палацу культуры МТЗ, сярод шматлікіх
прысутных былі выдатныя беларускія паэты Мікола Мятліцкі, Сяргей Панізнік,
гісторык, старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп.
Сярод афіцыйных гасцей былі таксама прадстаўнікі
польскага пасольства ў Мінску Эльжбета Шчэпаньска, Аляксандр Васілеўскі і інш. І на гэты
раз мастакі прадэманстравалі свае новыя творы.
"Кракаў”,
"Кампазітар Мечыслаў Карловіч” – гэта
натхнёныя жывапісныя здабыткі Анатоля Бяляўскага.
Марына Эльяшэвіч (удзельніца праекта "Выток Нёмана – выток духоўнасці”) прысвяціла свае фларыстычныя кампазіцыі
векапомным гістарычным падзеям: "Чырвоныя
макі Монтэ-Касіна”, "Ружы -- варшаўскім паўстанцам”.
Яўген Шунейка (удзельнік праекта "Выток Нёмана – выток духоўнасці”) адалюстраваў у тэкстыльных і графічных
творах вобразы дзеячоў польскай культуры, якія былі звязаны з Панямоннем: "Гэты дзіўны свет. Памяці спевака Чэслава
Немэна”, "Аліза Ажэшка і яе чытач” і
інш.
Córka Czesława Niemena - Natalia, wykonuje słynną piosenkę ojca „Dziwny jest ten świat".
Lecz ludzi dobrej woli jest więcej i mocno wierzę w to, że ten świat nie zginie nigdy dzięki nim. Nie! Nie! Nie! Przyszedł już czas, najwyższy czas, nienawiść zniszczyć w sobie.
Но людей доброй воли - больше и крепко верю в то, что этот мир не погибнет никогда благодаря им. Нет! Нет!Нет! Пришло уже время, подходящее время ненависть уничтожить в СЕБЕ.
Грамадскія мерапрыемствы беларуска-польскай дружбы
пераконваюць у сваёй актуальнасці і значнасці для шматлікай і зацікаўленай
аудыторыі. Вельмі цешыць, што такія сустрэчы дапамагаюць і ў развіцці
"нёманскай тэматыкі” ў сучасным мастацтве.
Бо хоць Нёман у геаграфічным сэнсе не працякае па
польскіх землях, але ён даўно ўжо з’яўляецца сімвалам нашых міжнародных
сувязей, звязаных як з гісторыяй, так і з культурным супрацоўніцтвам,
разлічаным на вялікую будучыню.
Мастакі ад "Вытока
Нёмана” заўсёды з вялікім задавальненнем будуць унасіць свой творчы ўклад у
гэту важную культурную ініцыятыву.
Яўген Шунейка, кандыдат мастацтвазнаўства
Сяргей Панізнік
Уладзімір Гілеп
|