Пятница, 19.04.2024, 02:52
Приветствую Вас Гость | RSS

Праект "Выток Нёмана - выток духоўнасці"

Каталог статей

Главная » Статьи » Кнігі, публікацыі ўдзельнікаў праекта

Алесь РУНЕЦ. Натхнёны Нёманам
Натхнёны Нёманам

Яўген Шунейка, вядомы прадстаўнік айчыннага мастацтвазнаўства, актыўны дзеяч беларускай культуры, аўтарытэтны педагог — дацэнт кафедры гісторыі і тэорыі выяўленчага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, — асоба творча універсальная.

Навуковец і крытык, ён ужо неаднойчы здзіўляў калег паказам сваіх экспрэсіўна-маляўнічых карцін і эцюдаў, дзе праз фарбы выказвае ўласнае светаадчуванне, апявае разнастайныя прыгожыя імгненні-"перліны" навакольнага, поўнага кантрастаў, імклівага жыцця.

Безумоўна, выклікае пэўную цікавасць тое, што Шунейка-тэарэтык яшчэ з юнацкіх гадоў (падчас вучобы ў Мінскім дзяржаўным мастацкім вучылішчы імя А. Глебава, а потым — на аддзяленні мастацкага тэкстылю Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, цяперашняй БДАМ) няспынна працуе ў вольны час і як мастак (што, вядома ж, толькі ўзбагачае апантанага, захопленага Прыгажосцю, даследчыка).

Такім чынам, у персоне абазнанага эстэта арганічна спалучаюцца два самастойныя кірункі мастацкай дзейнасці: асэнсаванне-даследаванне і творчая практыка.


Ці не кожная значная выстаўка, арганізаваная Беларускім саюзам мастакоў, не абыходзіцца без слушных, змястоўных заўваг ды эмацыйна-"пафасных" меркаванняў гэтага таленавітага крытыка.

Часам побач з творамі слынных айчынных майстроў пэндзля ў экспазіцыйных залах можна заўважыць і арыгінальныя кампазіцыі самога Яўгена Феліксавіча. А курс яго вучэбна-метадычных лекцый-семінараў у БДАМ студэнты, будучыя мастацтвазнаўцы і мастакі, успрымаюць "на ўра".

I дзе б ні з'яўляўся Я. Шунейка, вакол яго прыкметнай, запамінальнай, артыстычна-няўрымслівай постаці нібы лунае светлы, добры, мудры дух, ствараецца атмасфера агульнага паразумення, рамантызаванай "сусветнай гармоніі", аптымізму, гуманізму.

3 нядаўняга часу Яўген Шунейка мае намер ажыццявіць (разам з калегамі-аднадумцамі) доўгатэрміновы дабрачынны мастацка-асветніцкі праект — рэйд сталічных мастацкіх сіл у беларускую глыбінку.

Напачатку плануецца аб'ездзіць з персанальнымі і арыгінальнымі групавымі аглядна-тэматычнымі          выстаўкамі    Міншчыну    (у перспектыве ж — ахапіць усю Беларусь), праводзячы ў раённых музеях і карцінных галерэях, палацах кулыуры аўтарскія экскурсіі, лекцыі-дыспуты, творчыях вечарыны-сустрэчы для мясцовых жыхароў.

Пры гэтым наладжваць, па магчымасці, рэгулярныя ці сезонныя лакальныя майстар-пленэры ў знакамітых гісторыка-культурных мясцінах пэўнага рэгіёна, з нагоды памятных падзей і адметных асоб, спалучаючы самастойную даследчыцка-пошукавую этнаграфічна-краязнаўчую працу са сваёй творчасцю і да т. п.


Адным словам, ёсць імкненне праз рэгіянальныя асаблівасці больш пабачыць, адчуць, зразумець сваю мілую Бацькаўшчыну, стваральны імпэт, духоўную моц эстэтычныя каштоўнасці землякоў-беларусаў.

Без гарачага, яскравага патрыятызму, мяркуе Я. Шунейка, сёння не можа быць добрасумленнага, адукаванага айчыннага інтэлігента-творцы. Аднак, на яго думку, большасць сучасных сталічных прафесійных мастакоў (не толькі маладых, але і знаных, "заслужаных"), на жаль, амаль бессэнсоўна "таўкуць ваду ў ступе" марнуюць   свой    каштоўны    прыродны   талент і асабісты час, няшчыра працуючы на карысць камерцыйных інтарэсаў, "гламурных" салонаў, таннай спажывецка-абывацельскай поп-культуры "не першай свежасці
"!

Гэтыя псеудамастацкія кітчавыя аднадзенкі — усё ж не для нас, не маюць ні значнай каштоўнаоці, ні будучыні, не спрыяюць ні глабальнаму, ні нацыянальнаму адраджэнню духоўнасці. Мастацтва ж найперш павінна служыць свайму народу, Айчыне! На роднай глебе, з родных каранёу і крыніц піць жыватворны нектар натхнення, каб шчодра квгтнець.

I вось "першай ластаўкай" у прасторы такой перспектыўнай дзейнасці з'явілася сёлетняя персанальная выстаўка твораў масгака Яўгена Шунейкі пад назвай "Ад Нёманскіх вытокаў" у гісторыка-краязнаўчым музеі ва Уздзе.



Экспазіцыя складалася з 15 работ у розных тэхніках (акварэль, пастэль, акрыл, набіванка), створаных спецыяльна для вуздзенцаў, і мела поспех, атрымала добры розгалас сярод мясцовай грамадскасці і аматараў мастацтва.




Разглядаючы-аналізуючы яго творчасць, безумоўна, варта ўлічваць, што Шунейка-жывапісец (па "тэхнічным", кампазіцыйным майстэрстве, грунтоўнасці трактоўкі вобразаў, напрыклад) усё ж не роўня славутым айчынным віртуозам пэндзля, такім, як Міхась Савіцкі, Леанід Шчамялёў, Гаўрыла Вашчанка, Май Данцыг ці больш маладых "жывых класікаў", якія ўсё свядомае жыццё    "эксперыментавалі"    ды    "штудзіравалі", стоячы ля мальберта.

Ды ён ніколі і не імкнуўся да ўсеахопнай фармальна-каларыстычнай  распрацоў
кі сваіх палотнаў. Яго "аператыўны", звычайны "працоўны" жанр — беглыя аўтарскія эскізы-замалёўкі, мастацка-філасофскія "эсэ-абразкі", якія, тым не менш, адметныя моцнай уражлівасцю, змястоўнай дасканаласцю, ідэйна-аналітычным    кшталтам.

 

Творы    Я.    Шунейкі заўседы вымушаюць гледачоў думаць, супастаўляць, пільна назіраць, слухаць, успамінаць і запамінаць — і ў гэтым своеасаблівым лірычна-паэтычным "інтэлектуалізме", здаецца, галоўная іх эстэтычная вартасць і сэнс.


Што больш за ўсё запомнілася на выстаўцы Я. Шунейкі ва Уздзе? Цікавых сюжэтаў і знаходак было там прадстаўлена нямала.

Да 100-годдзя з часу вяртання неўвядальных мошчаў прападобнай святой праведніцы Еўфрасінні Полацкай на Беларусь, якое адзначаецца сёлета, створана  "Асветніца-Падзвіжніца     сярод крывіцкіх дзетак" (пастэль).

Легкія, празрыстыя, цёпла-прамяністыя тоны, як на абразах... Асабліва прыцягваюць увагу твары, больш дакладна — вочы, "люстэркі душы'; святой Настаўніцы, нябеснай заступніцы зямлі беларускай, і яе ўдзячных вучняў-паствы ...

"Веды, Асвета, Беларусь" — гэтыя словы-дэвіз, накрэсленыя на пергаменце старажытнай рукапіснай кнігі, як на штандары, успрымаеш як лозунг-запавет суайчыннікам-нашчадкам.


Прыгожы кампазіцыйны калаж "Спатканне ў Геранёнах" выкананы паводле тэхналогіі і ўзораў традыцыйнага беларускага народнага мастацтва, г.зв. "набіванкі".



У аснове — гістарычнае паданне пра рамантычнае каханне караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта Аўгуста і князёўны Барбары Радзівіл, але, апроч іх партрэтных выяў — адмысловага штучнага штампу на тканіне, падаецца вельмі дарэчным з вялікім густам падабраны, бліскуча выкананы іншы кампанент карціны — фон-дэкор, шыкоўная "шляхетная" барочная набіванка-шпалера, узнёслыя, мудрагелістыя ўзоры якой можна гадзінамі з захапленнем, і не стамляючыся, разглядаць   (напрыклад,  рэканструкцыю "магнацкага" арнаменту  ажно   XVI стагоддзя!).




Самым удалым жывапісным творам, які просга ўпрыгожваў уздзенскую экспазіцыю, падаўся вялікі па памерах, узрушальна-пачуццёвы, з разняволенай і смелай гульнёй-буйствам колеру, вельмі "музычны, са складаным метэфарычным падтэкстам, выкананы ва ўвесь рост кампазіцыйны партрэт Чэслава Немана — выдатнага польскага эстраднага спевака XX стагоддзя, нашага земляка (родам з Гродзеншчыны, адкуль, дарэчы, і Я. Шунейка).

Гэтая "Песня над Неманам" мае некалькі варыянтаў, асабліва ж чаруе той, дзе музыкант-самародак (які валодаў фенаменальнымі вакальнымі дадзенамі, мог імітаваць спевы птушак,   гоман   лесу,   шум   марскога   прыбою, — наогул усялякія гукі жывых і "нежывых" прыродных праяў, рэчаў, істот) увасоблены праз вобраз павольнага, ціха-мірнага і зіхоткага руху плыні вечаровага Нёмана-ракі...

Напэўна, у кожнага гэтае палатно выклікае асабістыя асацыяцыі, фантазіі, пачуцці, успаміны... Мне ж здаецца, шго мастак намагаўся, між іншым, даследаваць выключнасць самабытнага народнага таленту, які {як і кожны "сярэднестатыстычны чалавек) непарыўна, ад нараджэння, знітаваны нязлічонымі  бясконцымі   праменьчыкамі   з   нава
кольнай прыродай, зямлёй, спрадвечным жыццём на ёй.

 I яшчэ думаецца, што ў гэтай загадкава прыцягальнай, я сказаў бы — інтравертнай, карціне адбіліся і нейкія падсвядомыя, далёкія "радаводныя" мастакоўскія алюзіі. Бо словы Неман (Нёман), Шунейма (Шунейка) — яцвяжскія тапонімы.

Судова-яцвязь — старажьггнае заходнебалцкае племя, знішчанае і асіміляванае больш ваяўнічымі і моцнымі суседзямі ў сярэднявеччы. Гэты прыгожы народ жыў, як "друіды
"-кельты, у Белавежскай пушчы, упарта бараніў сваю незалежнасць, пакуль не загінуў у бойцы з ворагам апошні яцвяжскі ваяр.

Дык пра што ШУ-міш, няспешна, ладна спяваеш, сгаражытны НЕ-манскі край, беларускае Панямонне? Можа, КА-рціць табе людзей перасцерагчы ад гвалту бяспамяцтва, забыцця, знішчэння? Можа, хочаш распавесці пра лёсавызначальныя падзеі, што некалі адбываліся тут, ці пра выбітныя постаці айчыннай навукі і культуры, якія крочылі па тваіх узгорках-пералесках, па берагах тутэйшых рэчак і азёраў?

Дарэчы,   мастак,   чыё   прозвішча   пасля такіх лінгвістычна-гістарычных экскурсаў складваецца ў маім уяўленні ў нечаканы каламбур — "ШуНЕМАНейка", стварыў цікавы цыкл карцін — своеадметных асэнсаванняў вядомых, даследаваных у навуцы, грамадскіх з'яў і падзей, выбітных асоб.
 


Гэта акварэль "Уздзянка — рэчка і жыхарка славянка-дрыгавічанка", набіванка "Сымон Будны на Уздзеншчыне. Кухцічы, 15-72 г.
", пастэль "Пераемнасць. Максім Багдановіч і Алаіза Пашкевіч (Цётка) у Гародні", маштабнае палатно (акрыл) "Над-Нёман (вёска ва Уздзенскім раёне). Малая радзіма Якуба Наркевіча-Ёдкі"...

I, магчыма, самы нечаканы сярод іх твор "Адам і Канстанцін Міхайлавіч (Якуб   Колас)   Міцкевічы".   Нават   у   вонкавым абліччы Адама Міцкевіча і Якуба Коласа мастак здолеў знайсці, убачыць нейкае падабенства, агульныя рысы, але яшчэ большае "сваяцтва" выявіць праз унутраны, натхнёны стан творчых душ, чые радзінныя мясціны, дарэчы, паяднаныя... Нёманам!

Алесь РУНЕЦ

На   здымках:   Яўген   Шунейка   і    яго   работы         "Асветніца-падзвіжніца          сярод крывіцкіх     дзетак".;     "Адам  і   Канстанцін Міхайлавіч (Якуб Колас)     Міцкевічы"; "Паліна, Гражына і Стась".

"ЛіМ" № 33 20 жніўня 2010 г.























Категория: Кнігі, публікацыі ўдзельнікаў праекта | Добавил: IstokNemana (26.11.2013)
Просмотров: 1255 | Теги: Выток Нёмана - выток духоўнасці, Алесь РУНЕЦ, Е.шунейко, Яўген Шунейка, Натхнёны Нёманам | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
avatar
Форма входа
Поиск
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0