Четверг, 21.11.2024, 13:01
Приветствую Вас Гость | RSS

Праект "Выток Нёмана - выток духоўнасці"

Каталог статей

Главная » Статьи » Праект "Выток Нёмана - выток духоўнасці"

К. БЕСАРАБ. НЕВЫЧАРПАЛЬНЫЯ НА ВОБРАЗЫ РАДКІ

НЕВЫЧАРПАЛЬНЫЯ НА ВОБРАЗЫ РАДКІ

-------------------------
-------------------------

 

Тым, хто прыйшоў у Дом-музей А. Міцкевіча ў апошні дзень кастрычніка, пашанцавала ўдвая. Яны не толькі сталі сведкамі адкрыцця выставы жывапісу, графікі і скульптуры, прысвечанай 215-годдзю А. Міцкевіча "Паэту - Нёманскі вянок”, але і змаглі ўжывую павесці дыялог і пазнаёміцца з групай вядомых мастакоў і скульптараў Беларусі.

 Свае творчыя работы на суд грамадскасці Навагрудка прадставілі актывісты творча-асветніцкага праекта "Выток Нёмана - выток духоўнасці" Леанід Гоманаў, Фёдар Ладуцька, Андрэй Лычкоўскі, Мікалай Мішчанка, Яўген Шунэйка, Марына Эльяшэвіч, Алесь і Яраслаў Філіповічы.

Гэтыя творчыя людзі, у асноўным жыхары Мінска, Узды і Гродна, некалькі гадоў назад аб'ядналіся ў мастацкую суполку і ладзяць сваю дзейнасць пад патранажам Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Там абуладкавана і пастаянна дзейнічае галерэя з твораў аўтараў, якія яны падарылі музею. Творчыя выставы мастакоў у свой час былі арганізаваны ў музеях Мінска, Салігорска, Нясвіжа і г.д.

 Ідэя арганізацыі выстаў у розных гарадах Беларусі нарадзілася не выпадкова. Як патлумачыў адзін з аўтараў работ, мастацтвазнаўца, прафесар Акадэміі мастацтваў Яўген Шунэйка, мастакі і скульптары зацікаўлены ў прапагандзе сваёй працы.

Не кожны чалавек можа прыехаць і наведаць музеі Мінска, каб пазнаёміцца з іх творчасцю. Таму актывісты праекта выпрацавалі маршрут і па магчымасці робяць вандроўкі са сваімі работамі ў маленькія гарады краіны.

Як было адзначана вышэй, у Навагрудак творчых людзей прывяла юбілейная дата вядомага паэта А.Міцкевіча. Экспанаваныя творы маюць вельмі разнастайны характар.

Тут, акрамя пейзажаў і нацюрмортаў, прадстаўлены і гістарычныя жанры. Большасць карцін напісана з натуры і зусім нядаўна. Работы захапляюць сваёй неардынарнасцю, вобразнасцю і чысцінёй. Па словах Яўгена Шунэйкі, у кожнай карціне ёсць таямніца.

Мастак падчас працы заўсёды нешта закладвае ў сваю работу. Задача крытыкаў і простых гледачоў убачыць гэта. I цікава, што часам звычайны чалавек падчас знаёмства з работай мастака можа ўбачыць там больш за самога аўтара і ахарактарызаваць убачанае зусім з нечаканага боку.

Гэта толькі падкрэслівае каларытнасць і глыбіню працы мастака, яго прафесіяналізм і творчы падыход.

 Далей Яўген Шунэйка пазнаёміў прысутных з тэхнікай работ сваіх калег. У прыватнасці, М. Мішчанка непараўнальны аўтар, які працуе ў тэхніцы акварэлі. Л.Гоманаў і А. Лычкоўскі малююць цудоўныя пейзажы. Ф.Ладуцька - знаўца алейнага жывапісу і пастэлі. М. Эльяшэвіч выдатна валодае тэхнікай тушавага жывапісу на кітайскай паперы. А. Філіповіч не раўнадушны да гістарычнага мінулага Беларусі. Менавіта гэтай тэме ён і прысвяціў свае творы. Хто завітае на выставу, абавязкова прыпыніцеся каля яго кампазіцыі "Абуджэнне".

 Ацаніце і скульптуры Я.Філіповіча  "Ветрык" і "Прарок".

 Некаторыя аўтары шчыра прызналіся, што на Навагрудчыне шмат мясцін для натхнення і творчасці. I не дзіўна, што А. Міцкевіч на прынёманскіх прасторах, на чароўным беразе возера Свіцязь развіў свой талент і стаў вядомым паэтам.

Цяпер з твораў Міцкевіча мастакі і скульптары чэрпаюць ідэі і вобразы для сваіх работ. Асабліва натхняльнай з'яўляецца паэма "Пан Тадэвуш". Па прызнаннях Алеся Філіповіча, ён яе перачытаў ужо некалькі разоў. I кожны раз адшуквае там новыя тэмы для творчасці.

 Падчас адкрыцця выставы актывісты творча-асветніцкага праекта падарылі музею А. Міцкевіча ўнікальнае выданне 1840-х гг. Гэта зборнік лекцый пра славянскую літаратуру, які быў выдадзены ў Францыі на польскай мове. Ён прысвечаны гісторыі славянства.

Pisma Adama Mickiewicza. Tom VIII. - Warszawa, 1858. - лекцыі Адама Міцкевіча ў Каледж Дэ Франс 1841-1843 гг.

Унікальнае выданне выпадкова адшукаў у інтэрнэце на аўкцыёне малады ўздзенскі гісторык Павел Апановіч. Паведаміў аб сваёй знаходцы актывістам праекта. Мастакі сабралі патрэбную колькасць сродкаў і купілі каштоўную кнігу. Павел Апановіч перадаў кнігу дырэктару Дома-музея А. Міцкевіча М. Гайбе і расказаў пра вялікую ролю паэта ў эміграцыі для прапаганды нашай нацыянальнай культуры.

 У адкрыцці выставы браў удзел вядомы мастак Беларусі, наш зямляк Кастусь Качан. Ён шчыра вітаў сваіх калег на Навагрудчыне і заклікаў да супрацоўніцтва.

Выстава ў Доме-музеі А. Міцкевіча будзе дзейнічаць на працягу лістапада. Адшукайце, калі ласка час, загляніце на яе. Дакраніцеся да прыгожага, адпачніце душой, атрымайце асалоду ад убачанага!

 

 К. БЕСАРАБ, "Новае жыццё"

Категория: Праект "Выток Нёмана - выток духоўнасці" | Добавил: IstokNemana (11.11.2013)
Просмотров: 1098 | Теги: А. Міцкевіч, Выток Нёмана - выток духоўнасці, К. БЕСАРАБ, НЕВЫЧАРПАЛЬНЫЯ НА ВОБРАЗЫ РАДКІ | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
avatar
Форма входа
Поиск
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0