Напачатку
сёлетняй восені, 12 верасня адбыўся першы мастацкі плэнер, прысвечаны
памяці класіка беларускага мастацтва ХХ ст. Міхася Сеўрука.
Мінскія мастакі Фёдар Ладуцька і Яўген Шунейка, іх калегі з Узды Андрэй
Лычкоўскі і Алесь Філіповіч, а таксама мастачка з Гродна Алена Шунейка
наведалі старадаўні Нясвіж і правялі шмат гадзін у доме-музеі мастака,
размясціліся з эцюднікамі вакол утульнага будынка.
Малявалі алейнымі, акварэльнымі і пастэльнымі фарбамі пакойчыкі з
экспанаванымі там творамі і асабістымі мастацкімі прыладамі вялікага
творцы, адлюстроўвалі фасад музея і дворык з яблынямі.
Гэта тая творчая прастора, у якой былі створаны шматлікія жывапісныя і
графічныя кампазіцыі М.Сеўрука. Вельмі часта гэты дом з дворыкам
станавіўся аб’ектам пранікнёнага жывапісу нясвіжскага маэстра.
І вось, нарэшце, упершыню ў сучасным беларускім мастацтве з’явіліся
энтузіясты, якія знайшлі час і наведалі мемарыяльнае месца, дзе было
створана цэлая галерэя народных вобразаў, партрэтных выяў, пейзажных і
сюжэтных твораў, маляўнічых нацюрмортаў і інш.
У выдатна захаваным гістарычным асяроддзі, як адзначылі ўсе ўдзельнікі
плэнера, малявалася лёгка і натхнёна, бо дапамагала і сама атмасфера
дома мастака, сваечасова пераўтворанага ў музей.
Перад ад’ездам удзельнікі плэнеру зрабілі яшчэ шэраг эцюдаў на беразе
возера, якое надае непаўторную прыгажосць гарадскому цэнтру, дзе таксама
раней бываў М.Сеўрук з пэндзалем і палітрай.
Праз тыдзень мастакі працягнуць сваю працу на нясвіжскім плэнеры, а
затым падрыхтуюць выставу ў Нясвіжы, многія творы з якой будуць
падараваныя раённаму гісторыка-краязнаўчаму музею.
Яўген Шунейка,
кандыдат мастацтвазнаўства,
прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, член Беларускага саюза
мастакоў.