ПАЧАТАК МАСТАЦКІХ ВАНДРОВАК
Будынак Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея
Сёлета 8 жніўня ў экспазіцыйных
залах Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея адбылося адкрыццё выставы "Ад
вытокаў нёманскіх”.
Афіша выставы
Яе аўтары – мастакі з Мінска Мікалай Мішчанка і Яраслаў Філіповіч, а
таксама іх калегі з Узды Андрэй Лычкоўскі і Алесь Філіповіч.
На вернісажы было
шмат наведвальнікаў-несвіжан, бо мастацкія навінкі тут чакаюць з радасцю і паважаюць
права мастакоў на пошукі і эксперыменты.
У цэлым, экспазіцыя
была пабудавана на камерных жанрах.
Мікалай Мішчанка прадэманстраваў свае акварэльныя пейзажы і нацюрморты,
напісаныя ў класічнай тэхніцы лесіроўкі з дадатковым выкарыстаннем адвольных
залівак па вільготнай паперы. Гэта дазваляе адлюстраваць па акварэльнаму
сакавітае матэрыяльнае багацце жыццё прыродных форм.
Карціны М.Мішчанкі
Андрэй Лычкоўскі з вялікім захапленнем у пастознай манеры перадае яскравыя
матывы прыроды Уздзеншчыны. Асабліва яго
вабіць росквіт летніх і восеньскіх палёў і лясоў паабапал рэчак Уздзянкі, Усы,
Нёмана.
Карціны А.Лычкоўскага
Алесь Філіповіч праявіў сябе як майстар вобразнай перадачы сонечных
праменняў падчас захаду сонца, вясенняй раніцы і інш.
А.Філіповіч (злева) на фоне сваей карціны "Паставы"
Усе жывапісцы прытрымліваюцца выдатнай еўрапейскай традыцыі малявання з
натуры, але дазваляюць сябе свабодна аперырваць колернымі кантрастамі,
акцэнтаваць і ўзбуйняць тыя прыродныя формы, якія выклікаюць іх цікавасць і
захапленне.
Яраслаў Філіповіч шмат працуе ў камерных скульптурных формах
анімалістычнага і алегарычнага жанраў. Ён выдатна засвоіў тэхніку разьбы па
дрэве, ліцця з бронзы. Яго вельмі ўдалая скульптурная кампазіцыя з дрэва "Святы
Валянцін” перадае цеплыню духоўных пачуццяў, прасякнутых каханнем і любоў’ю.
Бронзавая статуэтка "Ветрык” перадае рамантычны настрой маладой дзяўчынкі, у
якой яшчэ ўсё наперадзе: і каханне, і любімая прафесія, і вялікія здабыткі ў
жыцці, якія, несумненна, чакаюць новыя пакаленні беларусаў, народжаных у ХХІ
стагоддзі.
Я.Філіповіч з жонкай Ганнай
Вядучая на адкрыцці выставы,
супрацоўніца нясвіжскага музея Ірына Калібаба падкрэсліла, што сувязі паміж
мастацкімі цэнтрамі міншчыны справа даўно наспелая і ёсць што паказаць на
выставах: багатая нашая зямля талентамі.
Ірына Калібаба, навуковы супрацоўнік Нясвіжскага музея, вядучая мерапрыемства
Уздзенская паэтэса Зоя Калкоўская і каардынатар праекта "Выток Нёмана - выток духоўнасці” Васіль
Лычкоўскі шчыра данеслі да слухачоў ідэю культурна-асветніцкага руху, які на
хвалях грамадскага энтузіязму і добрай арганізацыі можа актыўна ўплываць на
развіццё многіх творчых ініцыятыў не толькі ў раённых цэнтрах, але ў вёсках.
Скрозь шмат помнікаў, запаветных зон, якія патрабуюць апекі і ўвагі. Як кажуць,
родны край, нібы чароўны зялёны рай.
Зоя Калкоўская, навуковы супрацоўнік Узденскага музея, паэтэса
А затым мастакі арганізатары выставы наведалі філіял нясвіжскага музея,
мемарыяльны дом-музей вялікага беларускага мастака мінулага стагоддзя Міхася Сеўрука.
Менавіта ў родным Несвіжы з 1939 па 1979 год ён стварыў тысячы жывапісных і
графічных твораў, якія з’яўляюцца залатым фондам нашай нацыянальнай мастацкай
творчасці. Нават не самая вялікая частка яго выдатных вобразных кампазіцый, што
даступная для гледачоў у пакойчыках музея, вельмі ўражвае мастацкай любоў’ю і
верай ў родны край і яго дастойных і працавітых людзей з тонкай душой і высокай
чалавечай годнасцю. Мабыць, немагчыма наведаць горад з вялікімі гістарычнымі
традыцыямі, каб не ўбачыць твораў мастака-патрыёта. Час закладаць традыцыі
такіх творчых вандровак-адкрыццяў, што і здзейснілі ў той незабыўны дзень уздзенскія
і мінскія вандроўнікі.
Міхась Сеўрук. Аўтапартрэт.
У
Нясвіжы нарадзілася шмат новых творчых ідэй. Члены праекта "Выток Нёмана - выток духоўнасці” яшчэ раз тут пераканаліся, што нельга
сядзець толькі на адным месцы, неабходна ставіць новыя задачы, пашыраць творчыя
далягляды, далучаць да супрацоўніцтва як мага больш актыўных і здольных людзей,
у якіх актуальная ідэя культурнага росквіту Беларусі выклікае гарачае адчуванне
салідарнасці і разумення. Таму неўзабаве на карце Міншчыны будуць пракладены
чарговыя мастацкія маршруты.
Яўген
Шунейка, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Беларускай
дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, член Беларускага саюза мастакоў.
Прапановы:
- выехаць наступным разам і намаляваць супольна дом-музей М.Сеўрука з садам
у межах спецыяльнай відэаперадачы.
- падрыхтаваць невялікае мастацтвазнаўчае даследаванне, прысвечанае тэмам і
вобразам творчасці мастака. Для гэтага неабходна прыехаць і пабачыць яго
фондаўскія творы.
Неабходна падкрэсліць, што такі музей – пэрліна нашай класічнай спадчыны і
да яго патрэбна большая ўвага. Усе мерапрыемствы праводзіць супольна з нясвіжскімі
калегамі і зацікаўленымі ўстановамі. На базе музея неабходна распачаць
рэгулярныя творчыя сустрэчы мастацтвазнаўцаў, мастакоў, гісторыкаў, паэтаў і
інш. Магчыма гэта прывядзе да правядзення мастацка-паэтычных пленэраў творчай
моладзі ці больш сталых удзельнікаў пры падтрымцы праекта "Выток Нёмана - выток духоўнасці”.
- выдаць спецыяльны арт-зборнік, прысвечаны нашым планам, а таксама і
першым вынікам новай справы.
- выехаць на сядзібу Ф.Рушчыца ў Багданаў Валожынскага раена і
зафіксіраваць трагічную абыякавасць да руін яго творчага асяродка з боку
калгасных уладаў, на тэрыторыі якіх ён знаходзіцца. А гэта – настаўнік
М.Сеўрука і замоўчваць гэтую недарэчнасць ужо нельга.
Я.Шунейка і мінскі скульптар В.Калясінскі ужо падрыхтавалі шыльду з бронзы,
каб усталяваць яе на тым месцы, дзе мастак у 1899 годзе маляваў касцёл у
Багданаве. Але ніхто не бярэцца прывесці вялікі камень, каб на яго тую шыльду
прымацаваць. Магчыма выкарыстаць нашы інтэрнэт-рэсурсы, каб не было такой бездапаможнасці
і давесці справу да высокай культурнай узорнасці.
Затым можна ўжо думаць пра новыя праекты. Пра арганізацыю выставы ў
Яраслаўлі, ці Уладзіміры. Таксама можна рушыць на суседнія украінскія землі і
адсвяткаваць там 200-годдзе Т.Шаўчэнкі ў наступным годзе. Таксама можна
правесці першы добрачынны аукцыен мастацкіх твораў і грошы кінуць на культурныя
патрэбы Уздзеншчыны як цэнтра усіх ідэй і пачынанняў.
З павагай!
Я.Шунейка
Наведвальнікі адкрыцця выставы
Мастак А.Філіповіч з жонкай Людмілай і дачкамі Ружанай і Марыляй
Яўген Шунейка (зправа) расказвае пра мастакоў. Злева - А.Лычкоўскі
Ад вытокаў Нёманскіх. Адкрыццё выставы жывапісу і скульптуры ў Нясвіжы 08. 08. 2013
СТВ. Ад вытокаў Нёманскіх
|