Вторник, 23.04.2024, 10:04
Приветствую Вас Гость | RSS

Праект "Выток Нёмана - выток духоўнасці"

Каталог статей

Главная » Статьи » Кнігі, публікацыі ўдзельнікаў праекта

Прыватная мастацкая галерэя Кастуся Качана

Кастусь Качан стварыў у Наваградку прыватную галерэю

29 чэрвеня 2014

Мастаку Кастусю Качану 63 гады. Ён нарадзіўся за 25 кілямэтраў ад Наваградка — у Лаўрышаве, дзе аднаўляецца стары праваслаўны манастыр. Жыў у Менску, але вярнуўся ў Наваградак, дзе стварыў «Сядзібу мастака», ня толькі для сябе, але й для іншых «братоў па пэндзлі».

 

Сядзіба мастака сталася першай у горадзе мастацкай галерэяй. Яна месьціцца насупраць Замкавай гары.

 


Кастусь Качан даўно хацеў, каб у Наваградку, гістарычным горадзе, была свая карцінная галерэя. Але ажыцьцявіць задуму доўга не выходзіла. Улады нібы падтрымлівалі, але толькі на словах. Калі зьявіліся грошы, ён выкупіў аварыйны будынак у цэнтры гораду, блізка да замка. Побач збудаваў новы дом, але ў старасьвецкім стылі. Камяніцы будуць злучаныя паміж сабой. Скончыць будаўнічыя працы мастак спадзяецца да канца наступнага лета.

 

Перад камяніцай стаіць драўляная дошка з разьблёным надпісам: «Сядзіба мастака Кастуся Качана».

Праект выканаў архітэктар Лявонці Зданевіч.

«Мы знайшлі зь ім варыянт з элемэнтамі наваградзкай архітэктуры. Вельмі хораша ўпісаўся ў вуліцу, стварае атмасфэру, і гараджане дзячаць, што прыгожы куток атрымаўся», — кажа Кастусь Качан.




Эфир 30.01.2013 г. ОНТ. Беларусь - в пейзажах Константина Кочана. 

 


У першай наваградзкай мастацкай галерэі — пакуль што толькі творы самога Кастуся Качана. А зь цягам часу ён мяркуе, што будуць адбывацца і выставы іншых мастакоў.

 

 

На мансардзе дома, які рэстаўруецца, будзе міні-гатэль, калёнія мастакоў, кажа Качан:

«Тры пакоі для прыежджых мастакоў, каб пастаянна дзейнічаў пленэр: адны працуюць, ад’яжджаюць, на іх месца прыяжджаюць іншыя. Гэта будзе наш беларускі „Барбізон“, як у Францыі».

У Наваградку сонца ўзыходзіць з-за Замкавай гары і заходзіць за сядзібай мастака. Пад яе вокнамі праходзяць турыстычныя групы, каб пабачыць разваліны дзьвюх вежаў.

Два тыдні таму на замку пачаліся кансэрвацыйныя працы, кажа спадар Качан:

«Мяне туды цягне амаль кожны дзень паглядзець, што там робіцца... Хацелася б, каб замак ня страціў тую энэргетыку, якая была і яшчэ ёсьць. Гэта сьвятое месца для ўсіх беларусаў. І трэба было з гэтага замка пачынаць тады, калі мы сталі незалежнымі. З гэтага месца, таму што адсюль пайшла наша дзяржава. Цягнецца ўсё марудна. Чаму — я ня ведаю. Хіба грошай няма».

 

Аднак аптымізму ў яго пакуль мала:

«Тым больш — муруюць з цэглы, толькі зробленай, якая яшчэ не апрабаваная. Але хто ведае: можа, усё і добра яшчэ будзе».

У любым разе, вельмі важна, што нарэшце ўзяліся за вежу, якая бліжэй да касьцёла, што стаіць пад Замкавай гарою, перакананы мастак:

«Яна ў аварыйным стане. Калі б за яе цяпер не ўзяліся, то яна напэўна да вясны звалілася б з гары. Яе цяпер абкладаюць цэглай. Там засталася адна сьцяна толькі, а робяць вежу — чатыры сьцяны».

Другую вежу, большую і ў лепшым стане, таксама адбудуюць. У ёй мяркуецца стварыць музэй.

Спадар Качан кажа, што ў Наваградку яшчэ нямала таго, што «дыхае гісторыяй», у тым ліку драўляныя дамы, збудаваныя на пачатку ХХ стагодзьдзя, якія захавалі сваю аўтэнтычнасьць:

«З гэтага ўсяго і складаецца атмасфэра Наваградка. Акрамя таго, ёсьць таксама сьвятыні: Барысаглебская царква, Фарны касьцёл. Але самае галоўнае ў Наваградку — гэта ляндшафт, настолькі цікавы, што з горада можна зрабіць „разынку“, сапраўды музэй. Існуе дзяржаўная праграма, каб за 2014–2018 гады нешта з Наваградкам зрабіць. Але будзе залежаць ад таго, хто будзе праектаваць, бо існуе небясьпека „наламаць дроў“, страціць тое, што ёсьць», — кажа мастак.

 

Раней наваградзкія ўлады вырашылі паставіць помнік каралю Міндоўгу. Для збору грошай была выпушчаная дзяржаўная лятарэя, але потым справа прыпынілася.

«Здаецца, добрую справу задумалі: паставіць урэшце помнік Міндоўгу. Але нейкія гісторыкі пачалі пісаць артыкулы ў дзяржаўнай прэсе, што Міндоўг — гэта ня наш герой. Але ж помнік не цяпер, дык потым, але будзе стаяць», — перакананы Кастусь Качан.

 

 

 

Kastus Kachan Art Gallery - Мастацкая Галерэя Кастуся Качана.

 

Музычная замалёўка.


 

 



Источник: http://www.svaboda.org/content/article/25205911.html
Категория: Кнігі, публікацыі ўдзельнікаў праекта | Добавил: IstokNemana (29.06.2014)
Просмотров: 2036 | Теги: Кастусь Качан, исток Нёмана-исток духовности, Kastus Kachan Art Gallery | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
avatar
Форма входа
Поиск
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0