Пятница, 29.03.2024, 12:10
Приветствую Вас Гость | RSS

Праект "Выток Нёмана - выток духоўнасці"

Каталог статей

Главная » Статьи » Кнігі, публікацыі ўдзельнікаў праекта

Яўген Шунейка. Гродзенскія сустрэчы

 

Летні час – ідэальны перыяд для падарожжаў па Панямонню. Як толькі зніклі ліпеньская гарачынь і спякота, узнікла жаданне наведаць Гродна і стварыць серыю фотазамалёвак архітэктурных помнікаў горада над Нёманам.

Акцэнт быў зроблены не на сучасных пабудовах, якіх дастаткова ў цэнтры Гродна і на былых ускраінах, але на культавых і палацавых помніках XII – XVIII стст., якія з’яўляюцца гонарам нашай нацыянальнай архітэктурнай спадчыны.

Не будзем бавіцца ў “штучную сціпласць”. Па колькасці першакласных узораў дойлідства розных эпох – Гродна займае першае месца ў нашай краіне.

Тут захаваліся храмы ўсіх хрысціянскіх канфесій, нягледзячы на тое, што пэўная частка іх была зруйнавана ў мінулым стагоддзі. Нават ёсць два каралеўскіх замка (Стары і Новы), аб’яднаныя старадаўнім мастом.

Яшчэ ёсць у Гродне адна невычэрпная тэма для даследчыкаў архітэктурных скарбаў. Гэта – самыя “звычайныя” камянічкі  канца XIX – XХ стст.

Яны тут займаюць амаль увесь цэнтр старога горада, захаваліся ў прадмесцях, дзе суседнічаюць з вельмі даўнішняй драўлянай архітэктурай.

Кожны з іх - маленькі шэдэўр па сваім канструктыўным  вырашэнні, па аздабленню  фасада. Менавіта ў той перыяд “звычайная” жыллёвая архітэктура стала самай прыгожай за ўсю гісторыю свайго развіцця.

У Гродні яна захавалася і выразна сведчыць пра гэта, нягледзячы на свой больш чым стагадовы ўзрост.

У Гродне, асабліва летам, заўсёды шмат турыстаў з Беларусі, а таксама з Расіі, Польшчы і Літвы. Кожны з іх знаходзіць для себе нешта непаўторнае і значнае, далучаецца да асяблівага асяроддзя, у якім жыве і перакрыжоўваецца гісторыя розных краін і народаў.  

Дарэчы было б убачыць на вуліцах і на нёманскіх берагах мастакоў з эцюднікамі, якія сваёй творчасцю сведчаць пра унікальную прыгажосць гэтага горада і радуюць сваёй прысутнасцю яго жыхароў і іх гасцей.

Але іх цяпер амаль немагчыма ўбачыць, бо традыцыя плэнэрнага малявання ў Гродне не вельмі часта практыкуецца.

Таму спатрэбіліся пэўныя арганізацыйныя намаганні і дапамога гродзенскай мастацтвазнаўцы Алены Русачак, каб наведаць гродзенскія творчыя майстэрні.

У адной з іх, побач з каралеўскімі замкамі плённа працуе мастак родам з Абхазіі Генадзь Лакоба. Падчас крывавага канфлікту 1992 года ён пераехаў у Гродна і не перастае здзіўляць беларускіх і замежных гледачоў сваёй скульптурнай, жывапіснай і тэкстыльнай дзейнасцю.

У цэнтры яго мастацкіх захапленняў – алегарычны вобраз жаночай красы. Цяпер мастак рыхтуецца да персанальнай выставы ў Парыжы. Як ён жартуе, ад Гродна да Парыжа гэта значна бліжэй, чым ад яго роднага Сухумі.

У другой майстэрні, якая знаходзіцца ў занёманскім мікрарайоне Вішнявец, ўжо больш як 20 гадоў шчыруе над сваімі жывапіснымі і керамічнымі кампазіцыямі таленавіты мастак Васіль Мартынчук.

Вучыўся ў Львове, але каханне да беларускай дзяўчыны прывяло яго ў Гродна, дзе ён знайшоў тэму для сваёй творчасці:  рамантычны свет вобразаў з народных легенд і паданняў.

Казачная фантазія і насычанасць сімвалаў адрозніваюць яго творы, якія экспануюцца ў Гродне, cуседнім польскім Беластоку і нават у далёкім Лондане.

У Новым замку, у былой залі, дзе раней адбываліся векапомныя палітычныя паседжанні, зараз размясцілася выставовая пляцоўка.

У жніўні тут  гледачоў усхвалявалі акварэльныя творы  вядомага беларускага архітэктара І.Мядзведзева. У 1958 годзе ён жыў і працаваў у Гродне, знаходзячы вольны час, каб маляваць гродзенскія пейзажы.

Цяпер яны нясуць не толькі гістарычную, але і высокую мастацкую вартасць, якая вытрымала выпрабаванне часам.  

Вось такія адбыліся летнія гродзенскія сустрэчы, пра якія немагчыма распавесці ў адным матэрыяле. Таму неўзабаве ў іх будзе працяг.

Сваімі ўражаннямі падзяліўся актывіст праекта “Выток Нёмана-выток духоўнасці” Яўген Шунейка.    

Категория: Кнігі, публікацыі ўдзельнікаў праекта | Добавил: IstokNemana (01.09.2014)
Просмотров: 1002 | Теги: Алена Русачак, Геннадий Лакоба, Евгений Шунейко, Гродзенскія сустрэчы, Исток Нёмана - исток духовности, Иван Медведев, Василий Мартинчук | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
avatar
Форма входа
Поиск
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0