Четверг, 25.04.2024, 23:19
Приветствую Вас Гость | RSS

Праект "Выток Нёмана - выток духоўнасці"

Каталог статей

Главная » Статьи » Кнігі, публікацыі ўдзельнікаў праекта

Фёдар Ладуцька, мастак-наватар з Махоўкі

МАСТАК-НАВАТАР, ШТО РОДАМ З МАХОЎКІ

Нататкі з персанальнай выставы Фёдара Ладуцькі да 70-годдзя з дня нараджэння ў Мастацкай галерэі імя Г.Бржазоўскага пры Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі.

 

16 студзеня 2014 г. у прыбраным першым зімовым снегам горадзе Мар’іна Горка адбылася вельмі запамінальная культурная падзея.

Сюды прыехаў разам з калегамі і сябрамі вядомы зямляк з Мінску, член Беларускага саюза мастакоў Фёдар Ладуцька. Ён прывёз з сабою свае новыя жывапісныя і графічныя творы ў пейзажным жанры, якія былі выстаўлены ў мастацкай галерэі для самага шырокага кола гледачоў.

Гэта вельмі важна, каб такую выставу ўбачылі землякі, што паважаюць прадстаўнікоў свайго краю, якія сталі вядомымі ў нашай краіне, дзякуючы добрым справам у розных галінах дзейнасці, тым больш у мастацтве.

З Пухавіцкага раёна на працягу мінулых дзесяцігоддзяў у свет творчасці пакрочыла шмат таленавітай моладзі.

Сярод іх быў і Ф.Ладуцька. Цяпер ён аддае належнае сваім землякам як мастак. Таму яго юбілейная выстава так і называецца "Вяртанне на Радзіму”.

На адкрыцці выставы перад зацікаўленай аўдыторыяй дарослых і школьнікаў шмат прачуленых слоў пра творчасць і асобу юбіляра сказаў дырэктар музея, вядомы беларускі збіральнік і прапагандыст айчыннага мастацтва А. Прановіч.

На здымку (злева направа): Яўген Шунейка, Андрэй Лычкоўскі, Алесь Карлюкевіч, Алесь Філіповіч, Аляксандр Прановіч.

На адкрыццё выставы прыехаў таксама і А.Карлюкевіч, галоўны рэдактар газеты "Звязда”, выдатны краязнавец і аўтар шматлікіх публікацый і манаграфій.

Ён адзначыў, што Пухавіччына падаравала краіне і свету шмат слаўных імёнаў. На яго думку, Ф.Ладуцька, сціплы і шчыры творца, які нарадзіўся і правёў сваё дзяцінства ў вёсцы Махоўка непадалёк ракі Пціч, з’яўляецца цяпер адным з прадстаўнікоў мастацкай інтэлігенцыі, якая сваім творчым крэда абрала сувязь з духоўнымі вытокамі. Таму такая непарушная далучанасць да мілых і светлых вобразаў роднага краю.

Мастакі-калегі Алесь Філіповіч, Андрэй Лычкоўскі, Леанід Гоманаў таксама выказалі сваё захапленне зусім свежымі творамі юбіляра, размешчанымі ў экспазіцыі: "Цвіце лотаць” (2013), "Плынь” (2013), "Возера” (2012), "Родныя прасторы” (2013), "Дукора” (2013) і інш.

"Лотаць"

Многія з іх ствараліся падчас  творчых плэнэраў на Міншчыне, у якіх прымаў удзел і Ф.Ладуцька. Ёсць пейзажы, якія ён выканаў у далечыні ад гарадскога асяроддзя на лясных берагах амаль першабытнага азёрнага краю, што захоўваецца на Віцебшчыне.


"Рака Свіслач"

Калег мастака вельмі ўражвае, як ён проста і выразна стварае свае пастэльныя і алейныя творы. Здаецца, нічога асаблівага няма. А калі прыгледзецца, кожны сціплы матыў глыбока закранае думкі і пачуцці.


"Бор"

Сам мастак тлумачыць гэта тым, што сучасныя людзі стаміліся ад усяго нанаснога і штучнага. Іх усё больш прыцягвае родная і ачышчальная стыхія прыроды. І мастак лічыць сваім абавязкам дапамагаць гледачам знайсці свой шлях да першаснага і нескажонага свету.

На думку аўтара гэтых радкоў, творы Ф.Ладуцькі можна параўнаць з мастацкай пейзажнай спадчынай генія Скандынавіі  нарвежскага мастака Эдварда Мунка (1868-1944), які перадаў у вельмі аскетычнай і лаканічнай форме вялікую духоўную повязь чалавека з яго суровай паўночнай Радзімай.

Менавіта яна шліфуе яго характар, дазваляе пераадольваць віхуры выпрабаванняў і захоўваць лепшыя яго чалавечыя якасці.

Э.Мунк так шанаваў моцы прыродных стыхій, што дазваляў дажджу і снегу, ваганням тэмпературы ўплываць на характар жывапісных адлюстраванняў на палатне. Праз вялікае і заўсёды адчыненае  вакно ў даху яго майстэрні на творы траплялі не толькі цёплыя сонечныя праменні, але і зімовыя сняжынкі.

Э.Мунк. Аўтапартрэт з бутэлькай віна
1906, Музей Мунка, Осла

У выніку, з блізкай адлегласці пазіраючы, творы геніяльнага нарвежца падаюцца нават няхайнымі, нібы пашкоджанымі зацёкамі вады. Але варта адыйсці на пару крокаў, каб мункаўская моц творчага саюза з прыродай захапіла сваёй духоўнай глыбінёй і неўтаймаванай экспрэсіяй пачуццяў.

Вельмі падобным чынам стварае свае выразныя пейзажныя творы і Ф.Ладуцька, менш за ўсё зважаючы на іх вонкавы "салонны выгляд”.

А ў выніку перадае самае галоўнае, духоўна-аздараўляльнае, шматзначна-сімвалічнае, чым так бязмежна напоўнена наша прырода. Яна мае і паўночныя і паўднёвыя адценні. Сапраўднаму мастаку ёсць што адлюстроўваць на яе беларускім улонні. 

Леанід Гоманаў, Алесь Карлюкевіч, Алесь Філіповіч.

Усе прысутныя былі перакананыя ў тым, што бачаць перад сабой узоры чыстай і праўдзівай творчасці сталага і пры гэтым вельмі маладога мастака-наватара, які знайшоў свой пазнавальны аўтарскі стыль і адпаведныя сродкі выяўленчай выразнасці.

Усе пажадалі Ф. Ладуцьку як мага больш знаходзіць часу для такой пранікнёнай творчасці, бо кожны яго новы твор – сапраўднае пейзажнае адкрыццё.

 

 

Мастацтвазнаўца Яўген Шунейка

Категория: Кнігі, публікацыі ўдзельнікаў праекта | Добавил: IstokNemana (17.01.2014)
Просмотров: 1395 | Комментарии: 2 | Теги: А.Карлюкевич, исток Нёмана-исток духовности, Федор Ладутько, Фёдар Ладуцька, Евгений Шунейко, мастак-наватар з Махоўкі | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 21 2 »
avatar
0
1 Anna • 22:31, 24.01.2014
Мне повезло видеть картины Федора Сергеевича вживую - увы, фото не передают той яркости и сочности цвета, который присущ всем его работам. Так что и вы обязательно приходите посмотреть на них вживую!:)
1-1 2-2
avatar
Форма входа
Поиск
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0